Павел Харланчук: «Усё трэба рабіць з добрым настроем» 11

Павел Харланчук: «Усё трэба рабіць з добрым настроем»

Павел Харланчук — акцёр Купалаўскага тэатра, рэжысёр, бацька пецярых дзяцей. Акцёр у інтэрв’ю расказаў пра свой першы выхад на сцэну, спектаклі, да якіх ён рыхтуецца, пра ролю, аб якой ён марыць.


— Ці помніце Вы першы раз, калі выйшлі на сцэну тэатра?
— Ведаеце, я займаўся ў дзіцячым тэатры «Сінтэз». І там мы выходзілі ўсе разам на сцэну. Я не вельмі гэта памятаю. Але я добра памятаю гурток выразнага чытання ў Гомелі. Памятаю, што 8 сакавіка мы чыталі верш нашым мамам. Нас здымала тэлебачанне. І ў мяне быў папяровы цюльпан, які быў абвязаны нітачкай. І на апошніх словах я павінен быў нітачку гэтую зняць. Тады цюльпан квітнеў. Але што я адчуваў у той момант, не магу прыпомніць. Гэта было так даўно.
Потым я выйшаў на сцэну Гомельскага абласнога тэатра. Мы выходзілі там у нейкай масоўцы, выносілі крэслы для артыстаў. Добра памятаю, што я, калі стаяў за кулісамі, вучыўся ў тых, хто быў на сцэне.
А дэбютам такім моцным быў спектакль «Пунсовыя ветразі » Аляксандра Грына. Я іграў Артура Грэя. У той час я вельмі хваляваўся, бо там яшчэ трэба было спяваць. Але я быў вельмі смелы юнак. Значна смялейшы, чым цяпер.


— Да якога спектакля Вы рыхтуецеся зараз?
— Наперадзе нас чакае два спектакля. Мы рыхтуемся да спектакля «Тутэйшыя» Янкі Купалы. Гэта будзе рэмэйк спектакля 90-х, які паставіў Мікалай Пінігін. Зараз ён таксама ставіць гэты спектакль. Там я іграю ролю Мікіты Зносака. У дадзены момант мы рэпетуем кожны дзень. Прэм’ера плануецца на канец верасня.
А ў жніўні адбудзецца прэм’ера «En souvenir de Шагал». Там я выконваю ролю Марка Шагала. Гэты спектакль без словаў пра Марка Шагала ставіць рэжысёр з Масквы Сяргей Зямлянскі.

Калі раптам у нейкі момант жыццё складзецца так, што нельга будзе працаваць акцёрам: ні ў тэатры, ні ў кіно, нідзе. Кім Вы сябе можаце бачыць?
— Я бачу сябе абсалютна ў любой прафесіі. Калі ў мяне не было працы, я спрабаваў уладкавацца ў Macdonald’s. Але мяне туды не ўзялі. Мне вельмі падабаецца прафесія рэжысёра мантажа. Кіно, «дакументалкі», кліпы якія-небудзь — вось гэта мне сапраўды цікава. Бачу ў гэтым сябе. Я мог бы працаваць ў дзіцячай тэатральнай студыі. Але мне не вельмі хочацца.
Не бачу межаў для чалавека. Не істотна тое, кім ты працуеш. Бо гэта ўсяго толькі праца. Праца не ёсць жыццё. Гэта ўсяго толькі добрая частка твайго жыцця, але не самая галоўная.


— Кім хочуць стаць Вашы дзеці, калі вырастуць?
— Аліва, напрыклад, хоча стаць актрысай, хоць я ніколі не падбіваў яе на гэта. Паўлінка яшчэ маленькая. Спачатку яна хацела быць доктарам, потым актрысай, пазней манікюршчыцай. Старэйшая дачка Івона хацела працаваць у цырульні, а зараз кажа, што не ведае. Адэля жадае вывучыць мову і паехаць жыць за мяжу, стаць спявачкай і блогерам на YouTube. Старэйшы сын Піліп хоча стаць кухарам. Я спадзяюся, што ў яго гэта атрымаецца і ён адкрые сваё кафэ або нават рэстарацыю.
Але я хачу дадаць, што я ніякім чынам не ўплываю на іх выбар. Таму я думаю, што кім яны захочуць стаць, тым і будуць. Бо калі праца падабаецца, то яна ад Бога. Я зычу ім такой працы.

— Які ваш творчы дэвіз, Павел?
— У мяне ёсць адна добрая парада, якой кіруюся заўсёды, што ўсё трэба рабіць з добрым настроем. Нават калі ты іграеш адмоўную ролю, усё роўна трэба рабіць з добрым настроем. Гэта для мяне такі ключ самы галоўны. Таму калі ў мяне не вельмі добры настрой, усё не так атрымліваецца, як звычайна. Ну і акцёр працуе па афішы, то бок а 7 гадзіне ўвечары ён павінен быць натхнёны і радасны ад сваёй працы, каб гэта перадавалася людзям у зале.

— Якія творы беларускай літаратуры Вам найбольш падабаюцца?

— «Пан Тадэвуш» Адама Міцкевіча — гэта мой адзін з улюбёных твораў. Вельмі падабаецца, як ён напісаў. У творы ёсць неабсяжная любоў да Радзімы. Проста такая любоў, якую можа перадаць толькі той чалавек, які не можа быць раўнадушным да сваёй зямлі. Ён сапраўды такі чалавек, які любіць. Мне падабаецца тое, як аўтар апісвае дзверы, зачыненыя на маленькую такую драўляную шчэпачку, як кава заварвалася, як пакой выглядае, як фіранкі ад ветра надзьмухаюцца.

Як праходзіць Ваш звычайны дзень?
Раніцай я ўстаю, еду на працу. З 11:00 да 14:00 у нас рэпетыцыя ў тэатры. Потым я іду дадому ці на якую іншую працу па агучцы, ці на здымкі кіно, дакументальных фільмаў. Спектакль у мяне звычайна з 19.00 па 21.00-22.00. Маё хобі — гэта гульня ў футбол. У нас ёсць футбольная каманда » Беzгрима», якую заснаваў Юрый Зінчэнка. Яшчэ я ўдзельнік каманды «Арт-старс», якая складаецца з зорак эстрады, тэлебачання. З намі гуляе таксама дэпутат. Такі вось мой звычайны дзень. А калі ёсць хвілінка, то я, канешне, люблю пачытаць, паглядзець што-небудзь.


Якую ролю Вы марыце выканаць?
Я хацеў бы сыграць якога-небудзь гістарычнага персанажа. Сапраўды паглыбіцца ў яго біяграфію, паспрабаваць начытацца, наглядзецца, наслухацца пра яго. Можна было б паўтарыць яго фізічна. Не важна з якога стагоддзя персанаж, можна і з недалёкага мінулага. Хацелася б нешта гістарычнае паспрабаваць. Я вельмі люблю якія-небудзь касцюміраванныя рэчы, таму што сучаснага дастаткова многа сыграў ужо.

Добавить комментарий