Паспяшайце на Дзяды!
“Хто ў слязах сысці жадае
На падзей былых улонне,
Хто варожыць, што скрывае
Будучыня ў тайным лоне.
Вы, журботныя, сюды,
У святы храм грамадою
Паспяшайце на Дзяды!”
Адам Міцкевіч
У Беларускім дзяржаўным тэатры лялек прэм’ера – сцэнічная кампазіцыя “Дзяды” паводле аднайменнай паэмы Адама Міцкевіча.
“Глуха ўсюды, ноч, бяздюддзе. Што тут будзе, што тут будзе?” – спяваюць акцёры на сцэне. Ногі іх шпарка адбіваюць рытм – і тваё сэрца б’ецца ў такт з ім. Напружэнне неверагоднае. Што ж будзе?
Будуць Дзяды! Містычнае, сімвалічнае дзеянне, яднанне з мінулым, з нашымі продкамі. Яны паўстаюць перад табой: дзеці-анёлы, пан-мучыцель, дзяўчына-летуценніца… Побач з імі, на сцэне, акцёр робіць з яек анёлаў, з хлеба – суровы твар пана, дастае з яблыка мякіш – і ён чорны ўнутры, як тая дзяўчына… Гэтыя метамарфозы рэчаў у філасофскія сімвалы здымае маленькая камера – і мы бачым іх на экране. Рукі акцёра, ножык – усё так рэалістычна, што самі сімвалы робяцца рэальнымі, глядач бачыць душы продкаў!
Упляценне элементаў кіно ў тэатральнае дзеянне (дарэчы, яно адбываецца на працягу ўсяго спектакля) на Захадзе выкарыстоўваюць ўжо даўно, а вось на беларускай сцэне… Дзякуй рэжысёру, Аляксандру Янушкевічу!
Прыбліжаныя планы таго, што адбываецца на сцэне, яшчэ больш уцягваюць гледача ў спектакль, ён дыхае тым жа паветрам, што і акцёры! Ён загіпнатызаваны!
На сцэне з’яўляецца пустэльнік (акцёр Максім Крэчатаў), увесь у чорным, твара не бачна, рукі як палкі растапыраны ў стораны. Страшэнны пудзіла, здань! Чуецца толькі яго голас, сталёвы, з адбіткам жудаснага болю. Гіпноз працягваецца.
Далей – болей. Пустэльнік Густаў распавядае ксёндзу пра сваё каханне. І тут ужо заплакаць не грэх (што некаторыя ў зале і робяць), бо перад намі адна з самых чулых гісторый кахання на свеце.
На экране – прыгожая дзяўчына. Потым – яна ўжо на сцэне, белай птушачкай лётае па ёй… Але ж гледачы разумеюць, якое ў гэтай птушкі сэрца. “Бог завязаў вузлы, а ты іх разарвала!” – усклікае Густаў. Так! Здрадзіла! Са шкілетам сядзіць на вяселлі, з ім жа танчыць, цалуецца! Жахлівыя ўспаміны на экране, якія сплятаюцца з рэальнай дзеяй. І ўсё пабудавана на кантрастах: там – смех, песні, тут – немыя стогны Густава, там – любоў, тут – адзінота…
І раптам – чатыры труны. Нейкія мужычкі ў белым адзенні вылазяць з іх. “Што гэта?” – нямое пытанне ў зале. Рэзкая змена дзеяння, халодны дождж па галовах гледачоў: кахання болей няма. Мы працверозелі! Мы ў віленскай турме, наша краіна – пад гнётам цара. І акцёры спяваюць:
“Ехаць мне ў Сiбiр пара
Лезцi ў шахты i кайданы,
Буду працаваць аддана
Я для бацюхны-цара.
Бiць руду — мая работа,
Дом мой — шэрая нара,
З той руды хтось зробiць потым
I сякеру для цара.
Як пайду на пасяленне,
Я татарку абяру,
Хай у першым пакаленнi
Зродзiць Палена цару.
На сядзiбку з агародам
Трохi грошай накаплю,
Буду на карысць народу
Сеяць лён i канаплю.
Выйдзе шалiк саматканы,
Нiткi з лёну й серабра —
Будзе шалiку пашана
Стаць удаўкай для цара”
Усё! Няма болей закаханага Густава. Дакладней, ён закаханы, толькі… у народ! І ён хоча весці яго за сабой. “Уладу душ мне дай!” – патрабуе ён у Бога. Гэтая знакамітая сцэна Імправізацыі Міцкевіча геніяльна пастаўлена і сыграна. Нячыстая сіла – шкілеты, надарваны голас Густава, і галоўнае – надпіс на дошцы.
На экране мы бачым, як Густаў выразна выводзіць кожную літару:
“Богу наймагутнейшуму.
Густаў памёр.
1.11.1823
1.11.1823
Нарадзіўся Конрад”
Усё так проста… І так філасофскі складана. Адна рыса – і перараджэнне чалавека. Ён кахаў адну, а потым – усю сваю краіну, увесь люд беларускі. Менавіта такія асобы ствараюць гісторыю. Што для іх уласнае жыццё? Драбніца! Увесь свет – іх клопат і лёс…
Густаў-Конрад знікае на экране. Упэўненымі крокамі ідзе па дарозе. Мабыць, да нас? У сучаснасць?
Зусім зразумелым становіцца сэнс Дзядоў. Гэтае свята – сувязь мінулага з будучыняй. Нашых продкаў – з намі.
P.S. Бліжэйшы спектакль – 23 лістапада ў 19:00. Кошт квіткоў: 15000 — 17000 руб.