Паміж зямлёй і небам 14

Паміж зямлёй і небам

“Сэнс у тым, каб спрабаваць зноў і зноў. Дзеля ідэі”
Шэйн Джонс

Многія тэатры зараз інтэрпрэтуюць класічныя творы ў зусім новым рэчышчы. Добра гэта ці не – пытанне дыскусійнае. Супярэчлівае. Дастаткова ўспомніць рэакцыю гледачоў і крытыкаў на пастаноўкі бельгійскага рэжысёра Люка Персэваля. Яго “Вішнёвы сад” – гэта ўжо зусім не Чэхаў. Гэта сам Персэваль, яго ідэі, увасобленыя ў постмадэрнісцкай форме. Гэта штосьці новае. Але цэласнае і яскравае. Яно інтрыгуе!

А вось спроба Тэатра-студыі кінаакцёра па-новаму інтэрпрэтаваць п’есу Кандрата Крапівы “Хто смяецца апошнім” не інтрыгуе…Пастаноўка займае нейкае прамежкавае становішча. Гэта ўжо не твор Крапівы. Не зямля, што нясе ў сабе карані беларускай драматургіі і ад якой заўсёды адштурхоўваюцца рэжысёры. Але ж гэта і не неба, да якога далятаюць самыя арыгінальныя, “выбухныя” і цэльныя рэжысёрскія інтэрпрэтацыі. Гэта нейкі дзіўны паветраны шар, які завіс паміж зямлёй і небам.

Прычым тая частка пастаноўкі, што цягнецца да зямлі, да Крапівы, даволі цікавая. Манументальныя дэкарацыі вяртаюць гледачоў у сталінскую эпоху. Чырвонае святло сцэны нагадвае часы ўлады камуністычнай партыі.

Добра! Мы адчуваем дух 1930-ых. Прыбіральщыца цёця Каця (актрыса Тамара Мужэнка), як мудрая бабуля ў пачатку казак, распавядае нам пра тое, што адбываецца ў навукова-даследчым інстытуце. “Не магу ўцяміць, што тут людзі робяць”,- пажымае плячыма старая.

Сапраўды, уцяміць цяжка. Дырэктар інстытута — невуч, прайдзісвет Гарлахвацкі (акцёр Аляксандр Кашпераў) – займаецца інтрыгамі, уе ніткі з баязліўца Тулягі (акцёр Анатоль Цярпіцкі), выкарыстоўвае розум добрага ідэйнага вучонага Чарнавуса. У акцёра атрымоўваецца зрабіць карыкатурны вобраз гэтага злачынцы. Тоўстая постаць, павольная хада, погляд хамелеона…

Яшчэ больш ярка, прафесійна зроблена карыкатура на падхалімтсва, баязлівасць, прыстасаўленства ў вобразе Зёлкіна. Акцёр Дзмітрый Пусцільнік выкарыстоўвае дзеля гэтага ўсе магчымыя сродкі: міміку, пластыку, дэкарацыі. Гаплікам носіцца па сцэне, заўсёды побач з ім вялікая замочная свідравіна (дарэчы, на пачатку спектакля яна стаіць у самым цэнтры сцэны!). Ён то прапаўзае праз яе, як нейкі слізкі вуж, то прыкрываецца ёю, як шчытом.

Пляткарства выкрыта! Карыкатуры зроблены! Зал смяецца: разумее іронію, нават сарказм, якімі прасякнуты спектакль. І калі б усё пакінуць так, магчыма было б сказаць: “Добрая пастаноўка класічнай камедыі. Цэласная. Ідэя ясна і выразна данесена да гледачоў”.

Але ж рэжысёр Алег Кірэеў пачынае мудрагеліць. Спектакль падзяляецца на тры часавыя прасторы: 1930-ыя гады, 1970-ыя і сучаснасць. Паміж пераходам ад аднаго часу да другога ўсе акцёры ўдзельнічаюць у савецкім мітынгу. Ходзяць па сцэне з плакатамі: “Только пролетарский народ может построить социализм”. Погляд у іх сталёвы, хада салдацкая. Цікава! Інтрыгуе! Але не зусім зразумела, пры чым тут савецкі мітынг…

На сцэне змяняюцца дэкарацыі, адзенне герояў. Аднак сюжэт, рэплікі, паводзіны дзеючых асоб застаюцца такімі ж. Атрымоўваецца, што змяняецца толькі абалонка… Ну, паставілі на стол ноўтбук, далі сакратару парткома мабільнік, пераапранулі яго ў джынсы. І што? У канцы спектакля цёця Каця спрабуе растлумачыць гледачам: інстытут, які паказаны, заблукаў ў часе і наваколле. Пляткарства, кар’ерызм як былі ў грамадстве, так і засталіся. Зразумела, што яны засталіся. Але ж яны існуюць ужо ў іншым гісарычным кантэксце. Зараз няма сталінізму, няма Брэжнеўскага “застою”. Зараз псіхалогія ў людзей іншая. Таму, калі перанасіць герояў у наш час, то і сюжэт трэба змяняць, а не толькі дэкарацыі.

Атрымоўваецца, што ідэя з трыма часавымі прасторамі нейкая незавершаная. А каб зрабіць сапраўды запамінальную пастаноўку, якая магла б ускалыхнуць грамадства, як тая бомба, трэба мудрагеліць да канца!

У гэтай жа пастаноўцы радыкалізм прысутнічае там, дзе яго наогул не чакаеш. Рэжысёр цалкам змяніў канец камедыі. Апошнім смяецца… Гарлахвацкі! Тры званкі на мабільнік Лабановіча – і той, як лісіца, пачынае віляць хвастом: “Віншуем вас, Аляксандр Пятровіч! Вельмі цікавы даклад!” Як? Чаму? Не хацелася ў гэта верыць… Перамагае прайдзісвет?

Нейкая дзіўная інтэрпрэтацыя камедыі. Блытана ўсё, няма цэласнасці. Не змог тэатр зрабіць бомбу. Цягнуўся, цягнуўся ён да неба. І… Не! Не хапіла сілы. Мабыць, нам яшчэ трэба вучыцца ў замежных рэжысёраў таму, як інтэрпрэтаваць класічныя творы так, каб дух займала!

Але спробы ёсць. Хай і няўдалыя. На памылках вучацца. Праз падзенні вырастаюць крылы!

P.S. Бліжэйшыя пастаноўкі спектакля “Хто смяецца апошнім” – 17 і 18 студзеня ў 19:00. Адрас: пр-т Пераможцаў, 13. Кошт квіткоў: 50 000 руб.

Добавить комментарий