One Short Film Fest развітваецца на год 7

One Short Film Fest развітваецца на год

Вось і скончыўся чарговы One Short Film Fest: уся кава выпіта, усе паліто забраныя з гардэробу, а галоўнае – усе стужкі нарэшце прагледжаныя. Што можна сказаць замест пастскрыптума – у падагульняючым артыкуле ад Studlive.

Аляксандр Сарна, беларускі філосаф і медыя-аналітык, невыпадкова адзначыў у завяршэнні фестывалю, што нашы маладыя аўтары сумленна і пільна вывучаюць жыццё ва ўсіх яго праявах. Сапраўды, тэмы стужак конкурснай праграмы ўражвалі шматграннай праблематыкай: рэжысёры паказвалі нам наступствы анарэксіі, прыроду чалавечых страхаў, і нават будучыню беларускай вёскі. Напэўна, неабыякавасць маладых аўтараў да актуальных пытанняў, якія тычацца сучаснай Беларусі і ўвогуле кожнага з нас, – гэта самае каштоўнае, што дорыць нам One Short Film Fest ужо трэці год.

Як адзначыла адна з арганізатараў мерапрыемства Юлія Калнагорава, выбраць лепшыя работы сярод прысланых на конкурс было вельмі цяжка, але яшчэ цяжэй – ацаніць узнагародай толькі адну. Усё ж такі прыйсці да кансэнсусу ўдалося, і пераможцамі сталі Алена Алексане за фільм “В траве сидел кузнечик” (першы дзень) і Алесь Лапо за стужку “Вандроўнік не вернецца” (другі дзень).

Гаворка пра фестываль была б не зусім шчырай, калі не казаць пра эмацыянальнасць фільмаў: у некаторые моманты адчувалася, што па спіне прабягаюць тысячы дрыжыкаў. Аўтарскае жаданне ўражваць гледача пракаментавала кінакрытык Ала Бабкова: “Мне здаецца, гэта асаблівасць творцы — мацней успрымаць усе вакол сябе. Няма камедыі [на фестывалю], але гэта спецыфічны жанр, валодаюць якім нямногія”. Дарэчы, менавіта Ала Бабкова разам з Аляксандрам Сарнай на працягу ўсяго фестывалю выказвалі сваё аўтарытэтнае меркаванне наконт кожнага фільма.

Негледзячы на невялікую колькасць стужак, прадстаўленых на экранах, можна ўпэўнена казаць, што One Short Film Fest – гэта тое мерапрыемства, якое ўздымае беларускае мастацтва на якасны і, што немалаважна, даступны ўзровень: кожны мае шанец дакрануцца да мастацтва і адчуць сябе кінакрытыкам. Адзіны мінус быў, здаецца, у ціхіх галасах экспертаў (ці слабых мікрафонах?): у зале гучалі цікавыя думкі і меркаванні, якія так і не былі пачуты ў далёкіх кутах кафэ.

Усім, хто не знайшоў вечарам час зазірнуць на агеньчык у ўтульнае Loft Cafe, раю выкраіць пару гадзін у наступным годзе, бо Юлія Калнагорава падарыла надзею: у 2014 на фестывалю могуць з’явіцца не толькі беларускія, але і замежныя стужкі.

P.S: Артыкул напісаны на беларускай мове, каб напомніць, што сёння мы святкуем Дзень роднай мовы, а таксама каб падзякаваць вельмі энэргічнага і прыемнага вядучага фестывалю, які два дні радаваў нас цудоўнай беларускай мовай.

Добавить комментарий