“Не пакідайце ж мовы нашай беларускай, каб не ўмёрлі…”

Кожны год у нашай краіне пытанне аб захаванні роднай мовы набывае ўсё большу сур’ёзны і востры характар. І, напэўна, на сённяшні дзень не засталося ніводнага нашага суайчынніка, якога б гэта не хвалявала.

Аб нацыянальнай мове, яе ролі ў жыцці кожнага з нас я размаўляла з вучаніцамі 11 класа Трабскай школы Гродзенскай вобласці. Роўбуць Вольга ўжо тройчы ўдзельнічала ў абласной алімпіядзе па мове. У студзені яна вярнулася з дыпломам III ступені. Супрановіч Ганна шмат гадоў спявае ў народным хоры.

– Як вы лічаце, ці так ужо важна ў наш час захоўваць беларускую мову?

Вольга: – Канешне, гэта важна! Але бяда ў тым, што наша мова з кожным годам аддаляецца ад нас: у паўсяддзённым жыцці мы размаўляем пераважна на рускай мова, у Інтэрнет выходзім абавязкова з веданнем англійскай, а сваёй мовай карыстаемся мала. І ў гэтым, як мне здаецца, наша памылка: менавіта мова складае самасвядомасць народа, яе індывідуальнасць, непаўторнасць. Мы павінны памятаць аб гэтым, і, тым самым, захоўваць свою непаўторнасць.

Ганна: – Безумоўна важна! Вось я, напрыклад, таксама ў паўсяддзённым жыцці размаўляю пераважна на рускай мове, за што мне, прызнаюся, вельмі сорамна. А бывае так хочацца расказаць аб сваіх якіхсьці пачуццях і ўражаннях на роднай мове! Менавіта пагэтаму я і вырашыла пайсці ў хор беларускай песні. Дзякуючы мелагучнай беларускай мове, якая не толькі цудоўна спалучаюцца з музыкай, але і сама ёсць музыка, я адчуваю сябе сапраўднай беларускай. Напэўна, дзеле гэтага і патрэбна захоўваць нашу мову: каб кожны адчуваў сябе тым, кім з’яўляецца.

– На вашу думку, існаванне беларускай культуры без беларускай мовы магчыма?

Вольга: – Мне здаецца, што немагчыма. Па-першае, наша культура стаіць на падмурку фальклорнай спадчыны. Прыказкі, прымаўкі, народныя песні створаны на беларускай мове з усім яе каларытам, багаццем фарбаў і адцзенняў. Па-другое, беларуская літаратурная спадчына ідзе сваімі каранямі ў фальклор. Такім чынам, калі страцім беларускую мову, мы страцім фальклор, страцім фальклор – страцім і літаратуру. І ў такім выпадку аб беларускай культуры наогул не можа быць размовы.

Ганна: – Як я лічу, культура, сапраўдная, падкрэслю гэта слова, ствараецца для душы і, безмоўна, для народа – галоўнага крытыка. Усё тое, што перажывае народ у розныя моманты жыцця, яскрава адлюстроўваюць паэты і пісьменнікі ў своіх творах. Але ці звярталі вы ўвагу: на якой мове піша пісьменнік, які хоча, каб яго заўважылі? Так, канешне, на роднай мове. Словы пісменніка гучаць тады зусім інакш: да іх хочацца прыслухацца, задумацца над іх сэнсам, паразважаць. А беларускія песні! Іх і ўявіць немагчыма без роднай мовы, напеўнай, меладычнай. Пагэтаму, як мне здаецца, існаванне беларускай культуры ўсё ж немагчыма без роднай мовы.

– Ці згодны вы з тым, што мова – гэта душа народа?

Вольга: – Канешне, я згодна. Дзякуючы мове, яе фанетычным і арфаграфічным асаблівасцям, мы можам даведацца пра нацыянальныя рысы характару народа. Дзякуючы нашай мове, можна зразумець, якія мы. Напрыклад, наша “дзь”, “ць”, “сць”, “ль” настолькі мякка гучыць, што, здаецца, кожнае слова, кожны склад патрабуе мягкага знака. Гэта ўсё гаворыць аб мягкасці, пяшчотнасці і памяркоўнасці рысаў характару. А наша “г”, мы ж яго таксама змягчаем, каб не было такім цвердым і “сярдзітым”. І народ наш такі, і жыццё такое: стараемся згладзіць самыя вострыя і цвёрдыя “вугалкі жыцця”. А наша “р”, якое заўсёды з’яўляецца цвёрдым, гаворыць, што пры ўсёй нашай мягкасці і пяшчотнасці мы маем і свой непаўторны характар.

Ганна: – Не, я не згодна. У наш час, час новых тэхналогій, мы ўсё меней аглядаемся назад, у гісторыю стварэння нашай мовы, культуры, спяшаемся жыць па-новаму. У час, калі існуюць мовы міжнародных адносін, мовы Інтэрнета, вельмі цяжка захаваць свою родную, тую, якая ўвасабляла б у сабе душу ўсяго народа. Так, напрыклад, мы з кожным годам забываем тыя святы, абрады, якія былі ў нашых продкаў, а значыць, забываем і душу свойго народа, якая так ці інакш адыходзіць у мінулае. І атрымоўваецца, як ў вершы Ніла Гілевіча: “У гэтым – і мужнасць, і мудрасць, і годнасць, і нашага гора-гібення нязводнасць.”

– Як вы лічаце, што ж патрэбна рабіць ў такім становішчы, каб захаваць родную мову?

Вольга:– Як я лічу, па-першае, патрэбна ўвесці ў школах больш гадзін беларускай мовы. Бо куды ж гэта годна, што замежнай мовы у нашых школах тры гадзіны, а беларускай у першым паўгоддзі дзве, а ў другім і наогул адна толькі. Па-другое, галоўныя тэлеканалы краіны перавесці на беларускую мову, больш ствараць праектаў і тэлеперадач менавіта з мэтай адраджэння роднай мовы.

Ганна:– Як мне здаецца, любоў да роднай беларускай мовы патрэбна прывіваць з маленства. У дзіцячых садках праводзіць невялічкія пазнавальныя мерапрыемствы: расказваць дзеткам аб мове нашых продкаў, яе заснаванні, паходжанні, і абавязкова ў гульнёвой форме, каб кожнаму, нават самаму маленькаму, было зразумела, а галоўнае, цікава. Таксама чытаць беларускія народныя казкі, спяваць песенькі на роднай мове, каб з самага дзяцінства гэты маленькі чалавечак адчуваў цягу і любоў да сваёй мовы. І ў такім выпадку ў нас ўсё атрымаецца!

Безумоўна, мы абмеркавалі не ўсе пытанні, але яны могуць служыць пачаткам для роздумаў, дыскусій, дыспутаў. Так як пытанне аб роднай мове заўсёды з’яўлялася і з’яўляецца галоўным і важным у краіне.

Калі ласка, просім і вас выказаць свою думку аб лёсе беларускай мове і яе месцы ў жыцці кожнага з нас.

Один комментарий о ““Не пакідайце ж мовы нашай беларускай, каб не ўмёрлі…”

  1. Очень хорошее название. Это фраза, знакомая каждому школьнику, но не режущая слух. Важно знать отношение к этой проблеме не только школьников, но и взрослого поколения. Предложения решения этой проблемы очень умесны. Спасибо, автор!

Добавить комментарий