Наша чорна-белае жыццё 14

Наша чорна-белае жыццё

“Жыццё трэба так пражыць,
Каб Гасподзь ад захаплення
Прапанаваў табе яшчэ адно”
Ніна

У Рэспубліканскім тэатры беларускай драматургіі пройдзе спектакль “Белы анёл з чорнымі крыламі”.

“Белы анёл з чорнымі крыламі”… Ужо ў самой назве – нейкая супярэчнасць. Ну як гэта, бялюткі анёл можа мець чорныя крылы? Як чорнае можа суіснаваць разам з белым?

Але нават самі дэкарацыі нам кажуць: “Можа!”. На падлозе сцэны намаляваны чорна-белыя кругі. Бліжэй да цэнтру яны ўсё памяншаюцца і памяншаюццца. Аднак не знікаюць. Яны бясконцыя… Гэта нагадвае гіпноз. Нас, гледачоў, гіпнатызуюць яшчэ перад пачаткам спектакля.

І вось на сцэне з’яўляецца галоўная гераіня Ніна Віч (Ганна Палупанава). Раскудлачаныя чорныя валасы, скура зусім бледная, адзенне ўсё чырвонае, толькі абутак белы. Чырвонае, чорнае, белае… Усё гэта не прадвесціць нічога добрага.

Сапраўды, Ніна ходзіць да ўрача правярацца на ВІЧ. Актрыса добра перадала гэты неймаверна цяжкі стан гераіні: прадчуванне канца, унутраны разлад, стаянне над абрывам. Яна то сварыцца з роднымі, то ледзь не плача. То моліцца богу, то злуецца на яго. Руйнуе ўсё навокал, як нейкая фурыя. А можа, як маленькае, безабароннае кацяня, згортвацца ў клубочак, жадаючы абараніць сябе саму. І ўвесь час яна тэлефануе-тэлефануе свайму каханаму…

Гэтыя ўнутраныя кіданні Ніны нясуць ў сабе вялікі псіхалагізм.  Які яшчэ больш павялічваецца з-за музычнага афармлення спектакля. Калі ў зале знікае святло, што раз гучыць аднолькава сумная песня. Гэткі жаласлівы рэквіем па жыцці, падобны на манатонны, павольны грук чалавечага сэрца. А некаторы час музыка наогул гучыць не знікаючы, як фон. Лёгкі звон ці то сасулек, ці то елачных цацак узбударажвае нервы.

А яшчэ асвятленне. То белае, то чырвонае. То увогуле апраметны змрок! Вялікі белы ліхтар, што стаіць на сцэне, свеціць мутна, як той месяц. Жахліва!

Рэжысёр Венедыкт Расстрыжэнкаў, такім чынам, спалучыў эмацыйную акцёрскую ігру з напружанай музыкай і яркім асвятленнем. Атрымаўся нейкі крамяны псіхалагічны кактэйль. І гэта пры тым, што тэма ВІЧ сама па сабе нялёгкая для ўспрымання. Здаецца, што для непадрыхтаванага гледача падобны кактэйль будзе цяжка пераварыць…

Але ж гэтак толькі здаецца. Бо ў тэатра атрымалася зрабіць насычаны псіхалагічны кактэйль яшчэ і салодкім, смачным для гледачоў. Так, побач з трагічным існуе і камічнае. У спектакле нямала жартаўлівых, пабытовых сцэн.  Напрыклад, какетства прыгожай, але не дужа разумнай медсястры Анджэлікі (Марыя Пятровіч). Альбо паводзіны дзіўнай бабулі-астролага (непараўнальная народная артыстка РБ Таццяна Мархель), якая ці то жартам, ці то насамрэч запісалася ў групу спасціжэння бога праз сэкс!

Дзіва-дзіўнае ў сучаснай драме! Дзе галоўная гераіня, як звар’яцелая, змагаецца за жыццё. Дзе сніцца ёй белы анёл з чорнымі крыламі. Але няхай жа не палохае вас гэтая супярэчнасць. Хай яна інтрыгуе! Хай не пужае вас глыбінны псіхалагізм. Бо ён з прымешкай гумару і дабра. І апошняе перамагае. Таму што белае заўсёды мацней за чорнае.

Дарэчы, Ніна выйшла на паклон у белай спадніцы…

Бліжэйшая пастаноўка – 26 сакавіка ў 19:00 па адрасу вул. Крапоткіна 44.

Добавить комментарий