Мы і ёсць наша мова 13

Мы і ёсць наша мова

Не так даўно ў Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў адбыўся спектакль “Мова Х” эксперыментальнага тэатра “Галава-нага”. Пастаноўка, прысвечаная маўленчай сітуацыі ў Беларусі, атрымала спецыяльны прыз у намінацыі «Найлепшая эксперыментальная праца» на міжнародным тэатральным фестывалі «Тэатральны Куфар – 2016». Чым жа адрозніваецца гэты спектакль ад іншых тэатральных пастановак?
Мы і ёсць наша мова 14

Спектакль быў створаны паводле вершаў сучаснай беларускай паэткі Вальжыны Морт пад назвамі “Беларуская мова I” і “Беларуская мова II”. Рэжысёр пастаноўкі Аляксей Стрэльнікаў адначасова выкладае беларускую літаратуру ў Інстытуце журналістыкі БДУ. Аднойчы студэнты прынеслі яму вышэйназваныя вершы і сказалі: “Вось гэта пра нас”. Сапраўды, тэма, якую ўздымае Вальжына Морт, можа паказацца блізкай многім маладым беларусам: як адрадзіць традыцыі і пачаць размаўляць на роднай мове, не звяртаючы ўвагі на грамадскія стэрэатыпы? У Аляксея ўзнікла ідэя прысвяціць гэтым пытанням сваю пастаноўку.

Мы і ёсць наша мова 15

Галоўная рыса спектаклю – інтэрактыўнасць. У дзеянні прымаюць удзел не толькі акцёры, але і самі гледачы. Дарэчы, іграюць на сцэне ўсяго толькі чатыры дзяўчыны – Крысціна Грэкава, Кацярына Карпіцкая, Кацярына Чэкатоўская і Паліна Адашкевіч. Таму спектакль “лакальны” − разлічаны на невялікую колькасць людзей, доўжыцца ён каля дваццаці хвілін. “Мова Х” уяўляе сабой рытуал прысвячэння роднай мове. Падчас спектаклю гледачы нібы нараджаюцца разам з мовай, дапамагаюць ёй пасталець, развіцца, сустрэцца з перашкодамі і перарадзіцца зноў.

Мы і ёсць наша мова 16

Цішыня. У запісу гучыць пачатак твору Вальжыны Морт. Акцёры, раз за разам паўтараючы радкі верша, выбіраюць сярод гледачоў чатырох людзей, якіх уводзяць у тэатральнае кола. Верш працягваецца, кожная страфа прадстаўляе пэўнае дзеянне: акцёры імітуюць нараджэнне мовы, пралязаючы паміж ног гледачоў, разам з імі калыхаюць кволае дзіця… Праз рухі, жэсты, інтанацыю акцёры перадаюць ідэю верша, але ў выніку для кожнага яна свая.

Мы і ёсць наша мова 17

Пасля заканчэння спектаклю адбылося яго абмеркаванне. Водгукі былі розныя. Хтосьці пачуў у вершы думку аб здрадзе Радзіме, хтосьці – аб самавызначэнні маладых людзей. Аднак усе гледачы прызналіся, што падчас спектаклю задавалі сабе шмат пытанняў, галоўнае з якіх: чаму я не размаўляю на беларускай мове?

Асабліва моцныя уражанні засталіся ў гледачоў-удзельнікаў. Пры ўзаемадзеянні акцёры з пяшчотай дакранаюцца да цябе, глядзяць прама ў вочы, быццам стараюцца прабрацца ў душу, кожную рэпліку ты не проста чуеш, але пражываеш яе ўсім целам. Гледачы прызналіся, што такі блізкі кантакт з акцёрамі спачатку выклікае разгубленасць, незразумела, як весці сябе далей: усміхацца або быць сур’ёзным, штосьці зрабіць у адказ або працягваць сядзець на месцы. “Калі акцёры гаварылі шэптам, было няёмка, бо здавалася, што са мной дзеляцца чымсьці вельмі асабістым, тым, што мне непатрэбна ведаць”, — расказвае адна з глядачак.

Мы і ёсць наша мова 18

Сапраўды, значнае месца ў пастаноўцы займае інтанацыя голасу акцёраў. Калі яны, наадварот, пачынаюць гаварыць гучна, амаль пераходзяць на крык, то быццам кожнае іх слова рэхам аддаецца ў душы. У гэты момант ад акцёраў ідзе настолькі моцны зарад энергіі, што ад збытку эмоцый нават выступаюць слёзы на вачах.

Крысціна Грэкава, адна з дзяўчын-акцёраў, адзначыла: “Было вельмі прыемна бачыць рэакцыю зала, адчуваць узаемную аддачу ад гледачоў. Гэта неверагодна, калі не толькі акцёр дзеліцца з людзьмі эмоцыямі, але і яны паказваюць табе свае”.

Мы і ёсць наша мова 19

Дарэчы, акрамя чатырох крэслаў і пражэктару, ніякіх дэкарыцый у спектаклі не было. Амаль адсутнічаў рэквезіт: для ажыццяўлення ідэі акцёрам хапіла некалькіх кавалкаў ільняной тканіны і чорных хустак. Пры мінімуме дэталяў стваралася максімум сэнсу. Гэта той спектакль, дзе галоўную ролю іграеш ты сам, дзеянне адбываецца не на сцэне, а ў тваёй галаве. Акцёры толькі дапамагаюць табе ўключыць фантазію.

Мы і ёсць наша мова 20

Менавіта такія пастаноўкі выклікаюць шмат новых думак, над якімі варта паразважаць. Вальжына Морт пісала: “Мы і ёсць наша мова”. Спектакль “Мова Х” дае магчымасць літаральна адчуць праўдзівасць слоў паэткі. Аднак быць мовай альбо не быць, кожны вырашае для сябе сам.

 

 

 

 

 

 

Добавить комментарий