Мой асабісты псіхолаг
У старажытныя часы існавала не так шмат каштоўнасцяў. Аднак была адна рэч, якую шанавалі больш, чым золата і срэбра — кніга. Менавіта кніга заўсёды была побач з чалавекам. У патрэбны час яна праганяла сумненні, дапамагала знайсці сябе, давала каштоўныя парады. Чалавек не лічыўся разумным і пісьменным, калі ён не ўмеў і не любіў чытаць. У старажытнай Індыі бібліятэкі наогул называліся прытулкам душы.
Кніга зберагае сваю каштоўнасць і па сёння. Напрыклад, у Беларусі 2012 год быў абвешчаны Годам кнігі. У залежнасці ад асабістых густаў розным людзям падабаюцца розныя кнігі. Адны любяць такія раманы, як «Тры мушкецёры», дзе з галоўнымі героямі здараюцца незвычайныя прыгоды. Іншым падабаецца «Вайна і мір» і падобныя на яе творы, дзе трэба быць уважлівым, удумлівым, абавязкова разважаць над прачытаным. Многія ўвогуле лічаць сваімі настольнымі кнігамі слоўнікі і энцыклапедыі.
У мяне пад рукой заўсёды ляжыць кніга аднаго з самых вядомых амерыканскіх і сусветных псіхолагаў 20 стагоддзя Дэйла Карнэгі «Як знайсці сяброў і аказваць уплыў на людзей». У гэтай кнізе падрабязна апісваюцца прыёмы зносін з людзьмі. Дэйл Карнегі апублікаваў сваю кнігу ў 1936 годзе, і тая адразу стала папулярнай. Менш чым за год было прададзена больш за мільён асобнікаў. За мяжой яна была выдадзена на 14 мовах. 10 гадоў кніга лічылася аднім з бестсэлераў ў спісах часопіса «Нью-Ёрк таймс», што з’яўляецца рэкордам для любога выдання.
У кожным раздзеле даюцца карысныя парады (ў адпаведнасці з сітуацыяй), разглядаюцца тыповыя памылкі, а ў якасці прыкладу выкарыстоўваюцца гісторыі з жыцця вядомых і паспяховых людзей.
Гэтая кніга будзе цікавай і карыснай для тых, хто хоча навучыцца лёгка камунікаваць з людзьмі, правільна дамаўляцца з імі, перастаць турбавацца і пачаць жыць. Яна ідэальная для таго, хто не мае часу на доўгае чытанне — главы займаюць літаральна 3-5 старонак. Назвы кожнай главы простыя і зразумелыя, яны раскрываюць тэму «размовы», таму не трэба чытаць усю кнігу, каб знайсці адказ на пэўнае пытанне. Дастаткова проста адкрыць змест і знайсці патрэбную главу. Вы не ўмееце знаходзіць з людзьмi кампраміс і не ведаеце, як гэта спыніць? Гэтая кніга для вас. Вы хочаце ўнесці нешта новае ў жыццё кампаніі, дзе вы працуеце, але не ведаеце, як зацікавіць начальніка? Кніга Дэйла Карнэгі — для вас. Вам трэба даведацца больш аб псіхалогіі зносін? «Як знайсці сяброў і аказваць уплыў на людзей» — гэта тое, што вы шукайце.
Вядома, у кожнага свая настольная кніга. Згадзіцеся, што немагчыма не любіць чытаць. А калі і ёсць такі чалавек, тады я раю яму хутчэй змяніць свой светапогляд, бо без кніг свет будзе бачыцца не такім яркім і поўным новых ідэй, якім мы яго ведаем.