“Майго юнацтва крылы…” – складаная філасофія 10

“Майго юнацтва крылы…” – складаная філасофія

“Марыська чарнабровая мая,
Дзе шчасце, доля ясная твая?
Усё прайшло і не збылося ў часе.
Адна страшэнна горыч засталася,
І каменем на сэрца смутак лёг.
Калі ўжо нас за нашу праўду Бог
Пачаў караць і, з вісельняй у згодзе,
Нам прападаць прызначыў пры ўваходзе
У вечны сад, то мы хутчэй загінем,
Чым скардзецца пачнем на марны лёс,
Хутчэй ад шчасця і саміх нябёс
Адмовімся, а праўды не пакінем…”
Кастусь Каліноўскі

“Майго юнацтва крылы…” – складаная філасофія 11
Сцэна са спектакля «Майго юнацтва крылы»

 15 лістапада на сцэне Тэатра юнага гледача пройдзе спектакль “Майго юнацтва крылы…” па творы Аркадзя Куляшова “Хамуціус” (жанр – драматычная паэма).

Акрэслю гэты спектакль двума словамі: ён філасофскі і складаны. Складаны, як наогул усё чалавечае жыццё, як выбар галоўнага героя, Кастуся Каліноўскага, як яго лёс і лёс Марысі. Каб зразумець складанасць гэтай пастаноўкі, трэба быць сапраўдным філосафам. А яшчэ – прыйсці на спектакль падрыхтаваным: калі не прачытаць паэму “Хамуціус”, то хаця б ведаць гісторыю Каліноўскага. Інакш спектакль вы не зразумееце: вельмі высокую планку ўзяў рэжысёр Уладзімір Савіцкі.

Дзеянне пачынаецца з сімвалаў. Наогул, мы іх сустракаем яшчэ раней: у тэатральнай праграмцы. Яна, як зняволены ў турме, перасечана чорна-белымі палосамі. І чорна-белыя буслы ляцяць па іх.

Тыя ж палосы на сцэне. Вяроўкі, якія круцяцца змеямі. Дарэчы, іх пяць. “Пяць прозвішчаў – пяць жаўранкаў” у Каліноўскага. Пяць лёсаў Кастуся увасоблены ў гэтых вяроўках. Ужо ёсць, над чым паразважаць. І паланэз… у выкананні мерцвякоў (паміж імі жывы толькі адзін – Каліноўскі (Генадзь Гаранскі)! Потым гэтыя прывіды, пакараныя паплечнікі Каліноўскага, грацыёзна знікаюць за поласы. Ён застаецца адзін на цёмнай сцэне. Глядач ужо заінтрыгаваны такім містычным напружаным пачаткам, і ён чакае далейшага нарастання псіхалагізму.

Што ж, дачакаўся! Псіхалагізму ў спектаклі нават занадта шмат! На сцэне мы бачым “плынь свядомасці”: душэўны стан героя перад смяротным пакараннем. Думкі яго абарваныя, нелінейныя. Гэта кавалачкі ўспамінаў, сны, якія суплятаюцца з рэчаіснасцю і ўтвараюць хаос у сэрцы Кастуся.

“Хто ты? Мабыць, царок мужыцкі?” – з непрыхаванай іроніяй пытаецца ў Каліноўскага ксёндз (Аляксандр Зелянко).

“Хто ты?” – пытаецца ў Кастуся цыганка (Вольга Сініца). Вар’ят? Бо, здаецца, толькі вар’ят можа абраць смерць з-за ідэі, а не шчаслівае жыццё са сваёй каханай… А Каліноўскі нават не заўважае гэтых спакус. Ён чуе толькі, як пяе жаўранак. Ён упэўнены, што гэты спеў “на ўваскрашэнне жыцця”.

“Хто ты?” – зноў гучыць. Цяпер ужо следчы не разумее, чаму гэты дурань жыць не хоча. Навошта яму гінуць, ды яшчэ дарма?

Чорнымі маланкамі ляцяць на Кастуся гэтыя пытанні. Следчы – у чорным, ксёндз – таксама. А цыганка – з чырвоным платком. Добра выкарыстоўвае колеры рэжысёр, сімвалічна. Яшчэ больш узрастае напружанне з-за пластыкі: жудасны паланэз, барацьба Кастуся і следчага, цёмныя прывіды, якія раздзіраюць героя…

А самае цяжкое выпрабаванне ўвасабляецца не ў цёмным страшным вобліку. Не! Яно яшчэ страшнейшае з-за сваёй прыгажосці… Гэта каханне. Гэта Марыся. Яна прыйшла – і сцэна змянілася. Вяроўкі сталі арэлямі, паўсюль – белыя вяночкі. І яны гуляюць, жартуюць, смяюцца! Яны шчаслівыя!

Раптам шчасце знікае. Мы зноў у турэмнай камеры. Марыська – марыянетка ў руках следчага. Яе вочы — мертвыя. Гэта кульмінацыйны момант у спектаклі, калі Кастусь павінен зрабіць выбар:

“Зазнаўшы лёс нявольніцы, не будзе
Марыся ўжо Марысяю былой.
А я, аддаўшы глуму і пакуце
Ўсё, што сэрца лічыць дарагім,
Хіба не стану для яе чужым?
Не! Хай даруе мне высакародны
Злачынец, толькі ў час перадсмяротны
Я за сваю свабоду не прадам яе свабоду!”

Розную рэакцыю выклікаюць гэтыя словы, гэты выбар Каліноўскага. Нават сам Уладзімір Савіцкі казаў: “Я, здаецца, зразумеў бы, калі б дзеля кахання Каліноўскі ахвяраваў усім астатнім”.

Але ж у самым канцы спектакля мы зноў чуем песню жаўранка. Дык, мабыць, выбар зроблены правільна?

Пакуль глядач разважае над гэтым, на сцэне акцёры ўжо спяваюць фінальную песню:

“Адчуў я прагу вышыні,
Зямля дала мне сілы,
Мяне ўзнялі юнацтва дні –
Майго адлёту крылы.
Рвануся з месца, каб набраць
Паветра ў грудзі й жылы.
Няхай ляцяць, ляцяць, ляцяць
Майго юнацтва крылы!”

Спачатку ты ў нейкай збянтэжанасці. Ніяк не можаш уцяміць, пры чым тут крылы юнацтва, калі спектакль пра Каліноўскага. А потым усё становіцца зразумелым: менавіта з-за гэтых магутных крылаў за спіной Кастуся яго душа так высока ўзнялася!

Неадназначнасць спектакля
Як ужо было падкрэслена, “Майго юнацтва крылы…” – спектакль філасофскі, а таму складаны. Форму ўспамінаў, якую выкарыстоўвае рэжысёр, не кожны глядач (тым больш, юны!) зразумее. А тыя, хто зразумеюць, аддадуць гэтаму занадта шмат часу… Вось у чым праблема ідэальнага па сэнсе і сцэнаграфіі спектакля. Таму і водгукі на гэтую пастаноўку можна сустрэць такія (на сайце тэатра):

Павел Глебович, 19.12.2011
Спектакль необычен, красив… сценография просто замечательная! А вот содержание — очень запутанное. Неподготовленному зрителю делать нечего, ничего не поймет.

Александра, 21.12.2011
Очень нравится Владимир Савицкий как режиссер, смотрела его спектакли и даже в Бресте «Раскиданное гнездо» — впечатлил. Но «Майго юнацтва крылы» не порадовал: снова черный, белый, красный цвета, суматоха на сцене, все как в «пане министре», а смысла нет. Возможно, я не достаточно знаю о Калиновском, но это тяжело воспринять и действия нет.

Але ёсць меркаванні і зусім іншыя…

Беларус, 21.12.2011
Спадабалася.Народу трэба ведаць сьваіх героеў. Акцёры малайцы. У спектакля вялікі патэнцыял!

Настя, 01.03.2012
Самый крутой спектакль!!!!Главные герои просто умницы! до слез…

Екатерина, 29.04.2012
Понравилось — не то слово. Давно мечтала увидеть спектакль о Калиновском, но не ожидала, что будет настолько шикарно. И декорации, и сюжет, и подача, и игра актёров. Уходила из театра, а в голове всё стоял персонаж Геннадия Гаранского с глазами, полными слёз. Браво!

Мабыць, “Майго юнацтва крылы…” як твор класічнай літаратуры: не кожнаму было лёгка чытаць, напрыклад, “Злачынства і пакаранне”, але ж геніяльнасць гэтага твора відавочная. Так і з пастаноўкай Савіцкага. Не ўсякі яе зразумее, але ж трэба паспрабаваць.

Добавить комментарий