Купалаўскія вобразы на сучаснай сцэне 11

Купалаўскія вобразы на сучаснай сцэне

22 мая ў Тэатры беларускай дараматургіі пройдзе спектакль “Раскіданае гняздо”.

Гэта пастаноўка супярэчлівая, дыскусійная. Ці варта пераносіць дзеянне купалаўскай п’есы з 1905 года ў сучаснасць?

Да часавай гульні з класічнымі творамі пачынаеш прызвычайвацца. Так, гэта ўжо робіцца ўпадабаным рэжысёрскім ходам. І можна зразумець, чаму да яго звярнуўся Аляксандр Гарцуеў (рэжысёр-пастаноўшчык). Як у 1905 годзе былі тыя, хто замаўляе музыку, і тыя, хто пад яе волей-няволей пляша, так і зараз ёсць багатыя і бедныя. І грошы сталі яшчэ больш уплывовымі, чым раней. І карупцыя кіруе светам… Нітку, што звязвае часавыя прасторы, мы знайшлі. Аднак бяда не ў гэтай нітцы.

А ў тым, што спектакль, пераскачыўшы ў дваццаць першае стагоддзе, неяк зусім прынізіў веліч купалаўскай п’есы. Хата – пустыя кардонныя каробкі на сцэне. Толькі ўявіце! Безумоўна, Лявонава хата не павінна быць палацам. Але ж ён з бацькам усе сілы, усю любоў у яе паклаў. І яна заўсёды ўяўляецца ўтульным, светлым месцам. А тут – крэслы нейкага незразумелага колеру, такая ж канапа, абразка нават няма. І Лявон (Валянцін Салаўёў), і Сымон (Максім Брагінец) у гадзіны гневу бураць яе. Шчыра кажучы, нават не шкада.

Яшчэ больш дзівяць метамарфозы, што адбыліся з героямі. Старац (Максім Паніматчанка) у Купалы быў чалавекам хоць і бедным, аднак паважаным і мудрым. Тут жа ён ператвараецца ў сапраўднага сучаснага бамжа. З пустымі бутэлькамі ў мяшку, з чырвоным (зразумела ад чаго) тварам. І хоць кажа ён мудрыя словы (тэкст купалаўскай п’есы практычна не зменены), неяк у іх не верыш.

Сымон жа становіцца нейкім рокерам-хуліганам. Ды яшчэ і агрэсійным: усё бярэцца і бярэцца ён за сякеру, што у центры сцэны ляжыць. А ў кантраст гэтаму – яго маналог з крыжом у руках. Там ён такі ўзнёслы, вялікі… Гэтыя стораны аднаго і таго ж чалавека ніяк не могуць аб’яднацца. І не гледзячы на добрую гульну Максіма Брагінца, няма у гэтым вобразе цэласнасці!

Незнаёмага (Дзмітрый Давідовіч) ў спектакле таксама не пазнаць. Ён зусім карыкатурны, смешны. У мешкаватым касцюмчыку, з партфельчыкам у руках. Усё крычыць і крычыць. Які ж гэта рэвалюцыянер? Проста няўдачнік. Недзіўна, што яго Сымон, як сабаку, са сцэны гоніць.

Не поўнасцю ясны і вобраз Марылі (Людміла Сідаркевіч). Інваліднае крэсла, у якім яна ўвесь час сядзіць, неяк надакучвае вачам, хаця яго яшчэ і можна патлумачыць: хворая кабета! Аднак ружовы халат, нейкі шалік… Нагадвае жанчыну, што пакутуе ад вечных дэпрэсій, і нават ужо не хоча з імі змагацца. Толькі тонкай цыгарэты ў руцэ не хапае. А так ну вельмі па-сучаснаму!

Бачна, што гэтыя вобразы ў большай ступені не атрымаліся з-за іх знешняга выгляду. З другога ж боку, Лявон, Зоська (Вольга Скварцова), Паніч (Аляксандр Марчанка), Данілка (Ілля Ясінскі), маючы пэўныя праблемы з касцюмамі (зноў жа, неяк зусім хаатычна яны зроблены!), усё ж выглядалі больш цэльна. Мабыць, у іх проста няма такіх яўных кантрастаў, што выкліканы “асучасваннем” п’есы: старац – бомж, хлопец – рокер і г.д. Безумоўна, яны існуюць ужо не ў купалаўскім сялянскім часе, але ж яны і не спараджэнні дваццаць першага веку. Яны – у пазачасавай прасторы.

Лявон, які ад уплыву грамадства звар’яцеў, выглядае вельмі пераканальна. Яго эмацыйныя перапады, кранаючыя за сэрца маналогі перагортваюць нутро. Асабліва ўзрушвае сцэна з пяском, што валіцца на герояў , як тыя зоркі з неба… Мабыць, толькі з музыкай перабралі: вельмі яна гучная, у вушы страляе. Гэткае жаданне дасягнуць большай эфектнасці.

Данілка, што ўвасаблеяе праблему ўзаемаадносін мастака і грамадства, таксама знайшоў залатую сярэдзіну паміж двума стагоддзямі. Хлопчык-летуценнік ажыўляе ўвогуле трагічны спектакль, надае яму нейкае сонечнае святло. Нажаль, нават ён у пэўны час пачынае вар’яцець. Аднак атрымоўваецца гэта ў яго неяк вельмі прыгожа. Пластычна. Не груба.

Нават так: не груба, бо пластынча. Пластыку вельмі ўдала выкарыстоўваюць Зоська з Панічам. Дарэчы, з іх пластычнага эцюду пачынаецца пастаноўка. І гэта чапляе. Вельмі! Потым ужо весь спектакль зала чакала гэтай мовы целаў. Тады галовы гледачоў яшчэ бліжэй цягнуліся да сцэны. Вельмі інтрыгавала іх нераўнапраўнае каханне, аднабаковае каханне. Нават калі б акцэнт зрабаілі на гэтай лініі, было б вельмі цікава. Бо астатнія героі, акрамя Данілкі, платсыку не выкарыстоўваюць.

Аднак менавіта пластыка можа зрабіць спектакль больш жывым. Яна можа зрабіць яго пазачасавым. Ні ў дэкарацый, ні ў касцюмаў гэтага не атрымалася. А ў чым жа тады ідэя? Грубае асучасванне класікі не кранае. Другая справа, калі зрабіць класіку актуальнай на ЎСЕ часы. Гэта ў рэжысёра атрымалася неяк палавініста.

P.S. Менавіта з-за гэтай палавіністасці я і заклікаю вас схадзіць на спектакль. Такія супярэчнасці ў сучасным тэатры вельмі прывабныя. Думаць прымушаюць…

Добавить комментарий