Кахаць - гэта значыць... 10

Кахаць — гэта значыць…

А што такое кахаць? Быць каханым? Адначасова вельмі простае і складанае пытанне. Ведаеце што… А давайце звернемся да музыкі. Менавіта музыка з’яўляецца тым відам мастацтва, дзе эмоцыі кампазітара і герояў твора раскрываюцца ярчэй. Яна можа падштурхнуть вас на некаторыя думкі, успаміны, прымусіць плакаць ці смяяцца, і … нават закахацца.

Кахаць - гэта значыць... 11

У мяне ёсць цікавая музычная асацыяцыя кахання. «Па-дэ-дэ» Чайкоўскага з балета «Шчаўкунок». Неверагоднае стварэнне. Пачуўшы яго, я адразу бачу мігценне елачных цацак, гульню святла, павольнае кружэнне сняжынак, казачнасць і непаўторнасць царства Новага года. І танец Мары, і прыгожы Прынц. І, вядома ж, заключная  частка гэтага танца для дваіх. Свята. Свята чараўніцтва. Дабро і любоў перамаглі зло.

Але ж трэба ўспомніць, як гэта шчасце, шчасце кахання, было дасягнута… Прынц быў пачварны шчаўкунок, які змагаўся супраць вялізнай арміі мышэй. І перамог! Перамог разам з Мары. Тут і самаахвярнасць, і падтрымка, і чысціня сэрцаў, і вострае жаданне дапамагчы, зрабіць шчаслівым свайго блізкага. Героі балета атрымалі свою ўзнагароду – вечнае шчасце.

Кахаць - гэта значыць... 12

Калі кахаеш, не будзеш рабіць злога. Як казаў Леў Талстой: «Хто шчаслівы сам, іншым зла не жадае».

Гэта своеаасаблівы стан душы, самадастатковы. Бывае, канешне, па-рознаму, але хацелася б гаварыць пра каханне як пра ўзаемнае пачуццё. Гэта ўзнёласць, гэта жаданне шчасця другому чалавеку, радасць існавання на гэтым свеце. Усё пачынае мяняцца вакол у лепшы бок, святлець. Ты пачынаеш заўважаць рэчы, на якія раней не звяртаў увагі… І цяжкасці ўжо не цяжкасці, бо ты не ў адзіноце…

О каханне маё бясконцае,
не ўцякай ад мяне, пашкадуй!
За табой, як за светлым сонцам,
Па штодзённай дрыгве іду!..

Кахаць - гэта значыць... 13

Гэта Уладзімір Караткевіч. У яго гістарычных творах, а не толькі вершах, прысвечаных гэтаму светламу пачуццю, абавязкова прысутнічае лінія кахання. Чалавек думае пра яго, прагне яго, мяняецца і становіцца больш узвышаным у думках і пачуццях, дзякуючы яму. Чалавек становіцца лепшым. Кахаць, на думку Караткевіча, — гэта значыць быць вельмі ўважлівым да любімага чалавека, жыць яго думкамі, яго пачуццямі, яго трывогамі. Зрабіць усё магчымае і немагчымае, каб дапамагчы. І важна, каб каханне было выпакутавана. Тады чалавек мае магчымасць адчуць кошт гэтага шчасця, бо “тое каханне, якое лёгка дораць, не доўжыцца”. Няма ў ім сапраўднасці. Бо няма падмурку з перажыванняў, самаахвярнасці, перамогі над асабістым “я”. Кахаць – гэта значыць аддаваць. І ў тым шчасце.

Добавить комментарий