Кацярына Тарасава пра паэзію, свой творчы шлях і беларускую мову
На адным з заняткаў нам далі дамашнее заданне: зрабіць інтэрв’ю з сваім аднагрупнікам. І чалавека лепш узнаеш, і журналісцкія навыкі пракачаеш. Восенню, яшчэ да пераходу на дыстанцыйнае навучанне ў мяне з аднагрупніцай завязалася размова наконт паэзіі, літаратуры, мастацтва. Яна ведала шмат, я – значна менш, але мне было шчыра цікава. Збіраліся папіць разам каву, паразмаўляць пра вершы, але ўсе неяк закруцілася і гэтая ідэя знікла ў мітусні паўсядзёных спраў. І зараз, калі я прачытала ўмовы задання, мне здалося, што гэта выдатны шанец і мне, і вам больш даведацца пра Кацярыну Тарасаву. Цікавую дзяўчынку, якая шчыра захапляецца беларускай літаратурай і сама піша вершы.
Прывітанне, скажы, калі ласка, калі ты зразумела, што літаратура – тваё?
Да гэтага часу не пераканана ў тым, што літаратура – маё. Апошняй быць не хочацца, а я не ўпэўнена, што атрымаецца быць у ліку першых. Таму ваганні адбываюцца да гэтага часу.
Калі быў напісан першы верш?
У першым класе. У школу ішла, ўмеючы пісаць і чытаць, таму на ўроках мне было не цікава. На вольных радках у пропісях я пісала вершы. Усе першакласнікі выводзілі палачкі, кручочкі, а я вершы. Але, вядома, якія: нешта “кустарнае”, кшталту “мама не ругается – все улыбаются”. Да першых публікацый у перыядычным друку маці не верыла ў тое, што я пішу вершы. Сваякі ў дзяцінстве лічылі мяне крыху недалёкім дзіцёнкам. А пасля апынулась, што я проста творчая (смяецца).
Кім хацела стаць у дзяцінстве?
Тут пытанне наадварот трэба задаваць: кім не хацела стаць у дзяцінстве. Шчыра скажу, што баюся крыві, але маці гаворыць, што ў пэўны час я хацела быць доктарам. Дарэчы ў мяне ёсць спецыяльнасць – кухар 4-га разрада. Некаторы час таму, я сур’ёзна разглядала прафесіі цырульніка і актрысы тэатра і кіно. Па апошняму скажу так: гэта не маё ад слова зусім. Не дадзена ні харызмы, ні таленту на гэту прафесію.
Чаму вырашыла паступаць на журфак?
Адразу казала і буду гэта паўтараць усё жыццё: я думала быць пісьменнікам. Зразумела, што пражыць на пісьменніцкія ганарары немагчыма. Для гэтага трэба надзейная прафесія, якая будзе прыносіць грошы. А дзя я магу працаваць? Там, дзе трэба пісаць.
Раскажы падрабязней пра сваю творчасць. З чаго пачынала і да чаго прыйшла зараз?
Пісаць пачала з 6-7 гадоў. Пасля было жаданне прыдумляць, але не было жадання пісаць. Вярнулася да вершаў у класве 7. Тады лёс звёў з Анатолем Зэкавым, пісьменнікам, які мяне правёў далей. Адразу атрымліваліся паганыя, нецікавыя вершы. Тое, супраць чаго зараз актыўна стаю. Але тады іншага прыкладу не бачыла. Адразу за аўтарытэт я прыняла Дзяржаўны саюз пісьменнікаў (мой патрон быў іх сябрам). І пайшла тым шляхам. Але лёс звёў мяне з яшчэ адной пісьменніцай, якая паказала: не, гэта ня добра. Там прайшоў працэс перавыхавання.
У самым пачатку я пісала па прынцыпе: чым больш мне не зразумела, тым больш круты верш. І насамрэч, гэта дзесьці працавала. Пасля пачала разварочвацца ў іншы бок, начыталася нармальнай літаратуры, у маёй творчасці адбыліся якасныя змены. Зараз я не магу сказаць, да чаго прыйшла: былі вершы, сталі вершы. Адразу вершы былі “правільныя” пра вайну і вёску. Зараз вершы “няправільныя” – не пра вайну і вёску. Амаль заўсёды я пішу пра што-небудзь цёмнае, але, па факце, я ні разу не пісала сумныя вершы. Яны заўсёды вясёлыя.
Кім натхняешся? Памятаю пра тваё захапленне творчасцю Аксімірона
Скажам так, гэта ўжо ў мінулым. Мне падабаецца, што яго творчасць, як рэбус. Яго трэба разгадаць, зразумець тое, што ён хацеў сказаць. То бок для таго, каб нармальна ўспрымаць песні, трэба быць чалавекам даволі адукаваным. Ты гугліш словы, гугліш падзеі. Гэта як энцыклапедыя пры тым, што ў ім няма нічога энцыклапедычнага. Плюс, пры тым, што ў яго тэкстах шмат рознай інфармацыі, гэтая інфармацыя яшчэ і якасна зарыфмавана. Што для мяне вельмі важна
Таксама люблю Марыну Цветаеву. У свой час наш выкладчык рускай літаратуры сказаў: “ Цветаева – істэрычка”. Вось гэта мне ў ёй і падабаецца. Паэт не можа быць спакойным.
А яшчэ люблю Максіма Багдановіча. Гэта чалавек, які абайшоў свой час. Пражыві ён троху болей, быў бы еўрапейскай фігурай. Але ўсё адбылося так, як павінна было адбыцца. Людзі сходзяць своечасова.
Як адрозніць добрую паэзію ад кепскай?
Да ніяк.Ты адразу чытаеш, а пасля разумееш класны гэта вершы, або не. Пачынаеш разбірацца, чаму ён класны, чаму не. Часам бывае так, што адразу табе здаецца: поўны правал. Але потым другі-трэці раз перачытаў – класны верш. Важна ўнікальнасць верша, калі паэт піша ў міліардны раз пра адно і тое – гэта бессэнсоўна.
З якімі вядомымі пісьменнікамі знаёма?
Шмат людзей, шмат гісторый. Трэба асобна пісаць мемуары. Калі з такіх больш важных для мяне – гэта Анатоль Зэкаў (мой першы патрон). Пазнаёміліся мы з ім, калі я была ў 7 класе. Настаўніца рускай мовы і літаратуры адправіла мяне ў бібліятэку на сустрэчу з пісьменнікам. Апынулася так, што туды прыйшлі адны пенсіянеры і я. Паэт звярнуў на мяне ўвагу, узяў кантакты, вершы. Праз год апынулася, што мае творы апублікавалі. І вось так мы пачалі неяк па-сяброўску ўзаемадзейнічаць. Ездзілі разам на кніжную выставу, ён мяне знаёміў з рознымі пісьменнікамі.
Наступная пісьменніца – гэта Людзміла Рублеўская. Я не збіралася нічога рабіць і нават не збіралася яе шукаць. Проста ў 9 классе сказалі, што ў нас дабравольна-прымусовая сустрэча з пісьменніцай і назвалі імя. Тады я ўжо чытала яе кнігі. Гэта была адна з тых пісьменніц, творчасць якой мяне захаплялася. І, вядома, за кошт гэтага ў мяне было мора пытанняў. У самым канцы сустрэчы бібліятэкарка падышла да Рублеўскай і сказала:
– Вось, а гэта наша школьная пісьменніца. Яна таксама вершы піша.
Рублеўская на мяне паглядзела вялікі вачамі:
– Як табе завуць? Знайдзі мяне “Вконакте”.
Пасля я задала пытанне, дзеля якога засталася да канца:
– Як гэта – быць пісьменнікам?
– Гэта кайф.
Я згодна – гэта кайф. Бесплатны, але кайф.
Тады Рублеўская сказала прыходзіць у аб’яднанне “Літаратурнае прадмесце” (яна ім кіравала). Апынулася, што яно складаецца цалкам з пісьменнікаў. Я была самая маленькая, самая пужлівая. Мне было 16, пасля мяне самым маладым паэтам была Віка Трэнас, якой на той час было 31. Таксама там я пазнаёмілася з Таццянай Барысюк, Віктарам Лупасіным, Міхалам Бараноўскмі і іншымі, – вельмі шмат прозвішчаў, якія ў літаратурным жыцці нешта азначаюць. Пасля я паступіла ў літшколу да Глобуса. Была ў ліку чатырох чалавек, якія засталіся пасля “адсейкі”.
Якая кніга больш за ўсё паўплывала на твой светапогляд?
Я пакуль не знайшла такую кнігу. Але ёсць шмат твораў, якія на мяне моцна паўплывалі. Напрыклад, “Суд у слабадзе” Віктара Казько. Я чытала яе ў дзяцінстве і тады для мяне гэта ледзь кепска не скончылася. Я ўразілася размовамі пра смерць Лесечкі і вырашыла паспрабаваць сама. Цікава было: калі памерці, што там будзе. Маці забрала кніжку і сказала, што мне яшчэ рана. І, па факце, мне было рана. Другой такой кнігай стала “Сэрца мармуровага анёла” Рублеўскай. Пасля яе ў мяне памянялася стаўленне да беларускай літаратуры. Таксама з такіх кніг, якія пакідаюць уражанне – гэта “Легенды аб Уленшпігеле і Ламе Гудзаке” Шарля Кастэра, Камю. Але ў асноўным я чытаю паэзію. Гэта не кнігі, якія пераварочваюць свядомасць, але гэта кнігі, якія моцна ўплываюць на настрой. Ты чытаеш і разумееш, дзе гэта тоненькая мяжа, дзе паэзія. Такое адчуванне, быццам бы ты да яе дакранаешся. Гэта як рукі ў муку апускаць, калі нешта гатуеш. Сама мэта – гэта цеста, а ты весь у муцэ. Нешта такое і ў паэзіі. Здаецца, справа ў словах, у сэнсе, а ты весь ва ўражаннях. Таму паэзія – больш маё.
А якія людзі на цябе моцна паўплывалі?
У мяне ў жыцці ёсць 3 НВ. Першая – мая маці Наталля Валер’еўна. Яна прымала мяне ўсякую, вучыла быць чалавекам. Да гэтага часу яна вельмі моцна ўплывае на маё існаванне, на маё развіццё, рост. У свой час яна мела прынцып: калі бачыла, што нешта не маё – абламывала. Яна казала: “Не”. “Так” сказала толькі ў выпадку з паэзіей. Ведаю, што маці ніколі не падманвае. Часам пытаю:
– Чаму ты мне тады не гаварыла, што вершы кепскія?
На што яна адказвае:
– Калі б я сказала табе тады, ты б перестала пісаць.
Другае НВ – гэта Наталля Васільеўна Кузьміч. Мой навуковы кіраўнік. Чалавек іранічны, але вельмі гуманны. Не ведаю, ці можна чым-ліба вымераць таленавітасць і здольнасць, але мне здаецца, што гэта адзін самых здольных і таленавітых людзей, якіх я сустракала. Гэта чалавек, які натхняе.
Трэцяя НВ – гэта Наталля Вячаславаўна Саянава. Чалавек-сябар. Не літаральна, бо не ў студэнцкія гады выкладчыку з студентам сябраваць, але гэта чалавек, з якім можна пагаварыць. Калі ў мяне былі лёсавырашальныя пытанні, я ведала, што магу ёй напісаць. Гэта вельмі добры чалавек, вельмі чулы і шчыры. Што для мяне важна, яна як выкладчык даступная. Ёсць такія, да якіх страшна падысці спытаць нешта. А ў яе хочацца пытацца. Для мяне Наталля Вячаславаўна прыклад.
Таксама лёсавырашальным стала знаёмства з Людзмілай Рублеўскай. Гэта быў той чалавек, які за руку прывёў мяне ў літаратуру. У свой час яна стаяла за то, каб я выдала зборнік. Тады адмовілася, на жаль. Напэўна, дзякуючы ёй, пішу так, як пішу зараз.
Як ты перайшла на беларускую мову?
Я зразумела, што не магу ўсё сказаць па-руску. Хаця першапачаткова я проста пісала апавяданні. Мне было цікава, ці змагу на беларускай мове выказацца. Адно за адным я зразумела, што ў гэтым нешта ёсць. Я зразумела, што на гэтай мове сказаць магу больш. І дзесьці у 10 классе я перайшла на беларускую мову. Было ўсякае, напрыклад, мае бацькі казалі:
– Не, дома размаўляй па-руску.
Але зараз яшчэ брат пераходзіць на мой бок. Яму таксама больш падабаецца беларуская мова, чым руская. Нас будзе ўжо двое. А там яшчэ зяць, пляменнікі… Адным словам, мы пераможам (смяецца). У школе мне пэўны час не давалі размаўляць па-беларуску. Настаўніца па біалогіі не разумела мае адказы.
Сказаць, каб у мяне былі нейкія складанасці – не. Больш уласныя сціпласці і баязлівасці. Наадварот я вельмі часта сустракаюся з падтрымкай. Асабліва ў апошні час вельмі добрая рэакцыя на беларускую мову. Часта нам з жаніхом дзякуюць, калі чуюць, як мы размаўляем паміж сабой па-беларуску.
Чым збіраешся займацца пасля выпуску з журфака?
Раней я была ўпэўнена ў тым, чым хачу займацца, але апошнія падзеі прымусілі мяне змяніць планы. Я хачу застацца ў магістратуры, хачу выкладаць. Лавлю кайф, калі расказваю аб тым, што ведаю, мяне задавальняе ідэя дзеліцца гэтым. Я захапляюсь беларускай літаратурай, тэорыяй літаратуры, асабліва тэорыяй паэзіі.
Вядзеш асабісты дзённік?
Не вяду. У мяне не атрымліваецца ўкласці тыя эмоцыі, якія б я хацела перадаць. Апынаецца, што ў мяне няма цярпення. Дзень-два – і я кідаю. Мне цікавей распавесці аб гэтым тут, зараз, каб даведаліся людзі. Ды і пісьменніку троху дзіўнавата весці дзённік. Ён не складае ўражанне пра яго асобу, бо пісьменнік у любым выпадку ведае, што рана ці позна гэтым дзённікам зацікавяцца. То бок ён піша не для себя, а для людзей. У тым вобразе, у якім ён хоча сабе ўявіць. Усе мы чытаем пра асоб абсалютна правільных, хаця я не думаю, што такія існуюць.
Чым яшчэ натхняешся, акрамя літаратуры?
Я бы не сказала, што ў мяне яшчэ ёсць нешта запальнае апроч літаратуры. Ёсць рэчы, якімі займаюся час ад часу: бываюць моманты, калі хачу маляваць, часам мяне “торкае” і я спяваю. Таксама адна з маіх любімых рэчаў – гэта шахматы і стратэгіі. Я люблю думаць. Рэбусы прахадзіць, разважаць на нейкія пытанні. Гэта як размінка для галавы. А яшчэ мяне супакойвае вязанне і механіка.
Дзякуй, Кацярына, цяпер прыйшоў час для бліца. Як у Дудзя: я пытаю коратка, ты адказваеш, як табе хочацца.
Маленькі горад, вёска або мегаполіс?
Спальны раён у горадзе. Абажаю дворыкі. Я вырасла у адным з шматквартырных дамоў. Для мяне гэта дзяцінства. Найпрыгажэйшая рэч у свеце – гэта мінскія дворыкі ў спальных раёнах.
Дастаеўскі або Таўсты?
Не люблю ні тога, ні другога. Калі б я адказвала, я б сказала Булгакаў і Бродзскі.
Тэатр або кіно?
Тэатр. Абажаю тэатральны пафас. Хай ён не настолькі праўдападобны, як кіно, але ў гэтым прыгажосць. Тэатральны пафас – нешта абсалютна ўнікальнае. Кіно не бывае такім. Кіно – гэта пражыванне яшчэ аднаго жыцця. Тэатр – гэта погляд з боку. Тэатр на “падумаць”, кіно на “перажыць”
Вордаўскі дакумент або ручка/папера?
Адназначна ручка і папера. Нават зараз я канспекты пішу ад рукі. Не хапае цярпення сядзець столькі часу за камп’ютарам. Лепш паперакрэсліваю.