Экспрэс-апытанне «Кніга ў маім жыцці» 14

Экспрэс-апытанне «Кніга ў маім жыцці»

“Каб пісаць свае тэксты, спачатку трэба навучыцца чытаць чужыя” – так нам, першакурснікам, на занятках па беларускай літаратуры гаворыць выкладчыца. Сапраўды, толькі чытаючы шмат літаратуры, можна навучыцца якасна фармуляваць свае думкі. А для журналіста — гэта больш чым важна. У наш час засяроджвацца толькі на універсітэцкай адукацыі нават недарэчна, вельмі важна працаваць над самаадукацыяй. Журналісту трэба самаўдасканальвацца і набываць новыя веды на працягу ўсяго жыцця.  А самы просты і прыемны спосаб павысіць свой узровень асвядомленасці і маральнай сталасці – чытаць кнігі.

Асабіста я вельмі люблю чытаць. Захаплялася кнігамі з дзяцінства. У 10 гадоў я шукала ў іх незвычайны казачны свет, у 13 –  тлумачэнне чалавечага жыцця, пачуццяў, а цяпер кнігі для мяне бязмерны выток карысных ведаў.  У кнізе можна знайсці ўсё. Калі хочаш адпачыць – пачытай казкі Гофмана ці прыгодніцкія раманы  Энтё. Хочаш паразважаць над заканамернасцямі жыцця – вазьмі ў рукі томік Ніцшэ ці Хайяма. А  жадаеш адчуць усю прыгажосць мовы – звярніся да Ясеніна, Таркоўскага або Ахматавай.

Кнігі папаўняюць слоўнікавы запас, развіваюць душу, дапамагаюць прыгожа фармаваць свае думкі. Яны выконваюць шмат функцый. І ніякі інтэрнет ці электронная кніга не заменяць пажоўклых, шурпатых старонак, якія пахнуць тыпаграфскімі фарбамі і напоўнены энэргетыкай людзей.

Нажаль, з паступленнем ва ўніверсітэт часу на непраграмную літаратуру не заўжды хапае. Але я стараюся знайсці некалькі гадзін на чытанне твораў сваіх любімых пісьменнікаў: Булгакава, Хемiнгуэя, Маркеса.

Цікава, а ці хапае часу на чытанне любімых твораў у іншых студэнтаў? Ці любяць яны чытаць? Якіх аўтараў шануюць? Якія кнігі іх захапляюць?  Гэтыя пытанні я і задала сваім аднакурснікам. І вось, што з гэтага атрымалася. 

Зыбянок Анастасія
— Вельмі люблю чытаць. Вось толькі цяпер сапраўды не хапае часу на любімых аўтараў, усё больш чытаю кнігі па універсітэцкай праграме. І мне вельмі шкада, што так атрымліваецца. Бывае хочацца сесці за томік Чэхава, пранікнуцца тонкім гумарамі і таленавітасцю яго расказаў. Але ўспамінаеш, што на носе сесія і ідзеш чытаць Гамера.

Мая любімая кніга – кніга дзяцінства “Гары Потар”.  Што тычыцца аўтараў,  бязмерна люблю Чэхава, Стэфані Майера.

Корбут Яўгенія
— Я люблю кнігі. На чытанне цікавай літаратуры часу не хапае, хаця б з “антычкай” справіцца. Мой любімы пісьменнік – Леў Мікалавевіч Талсты, а любімы раман – “Вайна і мір”. Што самае цікавае, у гэтай кнізе  мне больш падабалася чытаць пра ажыццяўленне  ваенных дзеянняў, чым пра рамантычныя адносіны Андрэя Балконскага і Наташы Растовай, хаця, амаль усім дзяўчынкам з майго класа падабаліся сцэны кахання. Вайна апісваецца Талстым больш дынамічна і лаканічна. Магчыма таму мяне і зацікавіў ваенны сюжэт.

Спадзяюся, на канікулах я знайду час і змагу прачытаць біяграфію Сціва Джобса. Даўно збіраюся гэта зрабіць, але ўсё рукі не даходзяць.

Пажадаў застацца невядомым
— Што такое для мяне кніга, ды амаль нічога. Мне больш зручна зайсці ў інтэрнет і знайсці любы патрэбны твор. Чытаю я рэдка і па асаблівай неабходнасці. Лепш я прагляджу раман у скарачэнні , чым страчу на яго чытанне шмат вольнага часу. Я больш люблю глядзець фільмы і слухаць музыку. Хаця,  мне падабаецца размаўляць з людзьмі, якія шмат чытаюць, бо часцей за ўсё з імі цікава.

Пісарэнка Яраслаў
-Люблю чытаць! Сёння проста знайсці кнігу на свой густ і гэта здорава! Зараз я, мусіць, як і ўсе студэнты чытаю кнігі па праграме інстытута. Наогул, мне вельмі падабаецца класіка рускай літаратуры: Дастаеўскі, Пушкін, Талсты, Чэхаў. Я прачытаў не мала кніг, але самым запамінаючымся творам быў раман “Бацькi i дзецi”. Па-першае, мне добра зразумела праблематыка рамана, яго псіхалагізм, па-другое, мне падабаецца своеасблівая мова, якая вылучае Тургенева з шэрагу іншых аўтараў.

Вось такія, у цэлым станоўчыя адносіны ў студэнтаў да кніг. Чытаць ці не вырашаць, канешне, вам, бо кожны чалавек сам стварае свой лёс. А я ў сваю чаргу, хачу пажадаць вам, каб кожная кніга, якую вы чытаеце ўздымала і натхняла вас.

Добавить комментарий