Хадановiч

Андрэй Хадановіч: “Я не лічу журналістаў абсалютным злом»

c2665-khadanovich-v

Шмат хто ведае Андрэя Хадановіча як таленавітага сучаснага паэта, але далёка не ўсім вядома, што ён яшчэ і выдатны выкладчык. Андрэй Валер’евіч працуе на філфаку БДУ. Мы вырашылі паразмаўляць з ім пра выкладчыцкую долю і заадно даведацца, як маюцца справы на філалагічным навучальным фронце.

—  Андрэй Валер’евіч, у якой форме праходзяць Вашыя лекцыі? Ці былі выпадкі, калі студэнты спалі падчас заняткаў?

—    Сон – гэта важная і першасная чалавечая патрэба, ад якой немагчыма застрахавацца. Я сам аднойчы ў жыцці заснуў на лекцыі, прычым, на лекцыі любімай выкладчыцы, якая абразілася на гэта. Потым, тлумачачы, казаў ёй: «Ведаеце, Галіна Веніямінаўна, я не спаў 48 гадзін. Да іншага выкладчыка я ў такім стане проста ніколі ў жыцці б не прыйшоў». Інакш кажучы, у кожнага чалавека можа быць нейкае алібі, таму я не спяшаюся абражацца.

У наш час, калі людзі ўсё менш цікавяцца чытаннем, я стараюся рабіць усё ад сябе залежнае, каб гэты працэс папулярызаваць. Калі чытаю тэксты, стараюся, каб сонныя людзі прачыналіся. Мне здаецца, дасведчаны выкладчык павінен дакладна ведаць, як зацікавіць аўдыторыю: пытаннем, нейкім лірычным водступам. Дзе трэба — важна схіліцца над паперкай з прыгатаванай лекцыяй, а дзе не трэба — схаваць яе. У адзін момант заняць месца за кафедрай, а ў іншы – зрабіць некалькі крокаў насустрач студэнтам. Такія рэчы адчуваюцца інтуітыўна, не можа быць адной назаўсёды зробленай схемы.

Калі я толькі пачынаў выкладаць, то, зразумела, хваляваўся і вельмі старанна падыходзіў да напісання тэкстаў заняткаў. Першыя лекцыі ў мяне былі раз на тыдзень, і ўсе 6 дзён сыходзілі на падрыхтоўку гэтых гадзіны-двадцаці хвілін — я не мог нічым іншым займацца. І было цяжка адарвацца ад падрыхтаванага тэксту.

А потым здарылася жахлівае: я прыйшоў на лекцыю і раптам, толькі ўзышоўшы на кафедру, зразумеў, што забыў свае паперкі дома. Перада мной сто з нечым студэнтаў. Восемьдзесят хвілін часу. Тэма «Джордж Гордан Ноэл Байран і яго паэзія». І ні кніжкі з мастацкімі тэкстамі, ні папер з падрыхтаванай лекцыяй. Але за хвілінкай збянтэжання прыйшоў нейкі кураж: я ўзгадаў цудоўны анекдот з удзелам Байрана, які вычытаў у пісьменніка Даўлатава, чым падняў студэнтам настрой. Зразумела, што было дадзена менш дат і дакладных фармулёвак, але памяць – штука досыць чэпкая. Яна падкідвае і нечаканыя паралелі, і цытаты, якіх ты думаў, што не памятаеш, а ты памятаеш. Мне здаецца, гэта быў мой найцікавейшы выклад. Тэкстаў лекцый я больш не забываў, але з таго часу далёка не заўсёды паказваю іх на кафедры студэнтам. Усё больш момантаў імправізацыі.

Увогуле, манера выкладання і даступнасць тэксту лекцыі залежыць ад слухачоў. Як паэт, літаратар, перакладчык, якому часта даводзіцца выступаць перад вялікай колькасцю людзей і ў Менску, і ў іншых беларускіх гарадах, і за мяжой, я ў першую хвіліну прыкладна бачу, што гэта за людзі. Напрыклад, калі перада мной аўдыторыя 20-гадовых хлопчыкаў і дзяўчатак, паводжуся адным чынам. Калі бачу аўдыторыю 70-гадовых «хлопчыкаў і дзяўчатак», у якіх ужо ёсць пэўны досвед, пэўны кансэрватызм, выхаваны гадамі, то з імі, зразумела, не будзеш трымаць сябе так, як з іх маладзейшымі калегамі. Тое самае і з лекцыямі. Не сакрэт, што розныя аддзяленні ў нас на філфаку па-рознаму падрыхтаваныя. Рамана-германісты гатовыя да адной размовы, славісты да другой, беларусісты да трэцяй, русісты да чацвёртай. Але разам з тым хацелася б, каб лекцыя была гармоніяй студэнцкіх чаканняў ад цябе і твайго мэссыджа, які ты, незалежна ад абставін, павінен даць. Ёсць стратэгія і ёсць тактыка. Стратэгія датычыцца таго, што ты павінен данесці да аўдыторыі. А як ты гэта зробіш – ужо справа тактычная, яна залежыць ад ступені падрыхтаванасці, настрою. Таго, 8.15 будзе часу, і людзі толькі пачынаюць прачынацца, альбо 12.45, і яны ўжо маюць чацвёртую лекцыю. Ці прыйшлі запыханыя з заняткаў фізкультуры і маюць гэтую літаратуру глыбока-глыбока… у падсвядомасці. Тут ты ўжо выкручваешся як можаш. Галоўнае — быць падрыхтаваным, не баяцца, паважаць і любіць людзей, якім выкладаеш. Крывадушнасць не пройдзе – гэта праверана.

— Якія ў Вас адносіны са студэнтамі? Мажліва, вы падтрымліваеце з імі зносіны ў сацыяльных сетках?

—  Асноўны кантакт, зразумела, адбываецца ў аўдыторыі, але мяне заўсёды можна знайсці на фэйсбуку. Я часта раз’язджаю па розных краінах, але раблю так, каб ад гэтага не цярпела мая асноўная выкладчыцкая нагрузка. Я стараюся не зашпільвацца на апошні гузік, не трымацца нейкага афіцыёзу і далёкай дыстанцыі. Але, разам з тым, інтуіцыя падказвае не пераходзіць да зусім неакадэмічнага панібрацтва. Справа нават не ў тым, як мяне будуць успрымаць, а ў тым, на колькі добра мяне будуць слухаць. Я імкнуся зрабіць атмасферу разняволенай, не сухой, але і не раздзяўбайскай, калі знікае рабочы настрой.

На семінарах даводзіцца весці ўжо больш блізкі дыялог са студэнтамі. Асабліва калі пачынаюцца псіхалагічныя раманы, волей-неволей завязаныя на праблемах кахання, складаных чалавечых узаемаадносінах, мы часам можам дазволіць сабе ахвяраваць літаратуразнаўчым інструментаром дзеля размовы, якая тычыць чалавечай асобы. Малады чытач атаясамлівае тое, што адбываецца ў кніжках, з сабой. Нядаўна я пачаў атрымліваць ад студэнтаў, асабліва студэнтак, пытанні, накшталт «што такое каханне?». Я, барані Божа, не аўтарытэт у апошняй інстанцыі, таму заўсёды ўдакладняю, што гэта мой асабісты пункт гледжання. Я таксама магу памыляцца і маю толькі лішніх 15-18 гадоў досведу ды колькі сот ці тысяч прачытаных кніжак у параўнанні з імі. Дык вось, я дазваляю сабе крышачку паразважаць на псіхалагічныя тэмы. І думаю, што пры гэтым само «выкладчыцтва», сама праграмная літаратура не церпіць, гэта не крадзеж з яе тэрыторыі. Наадварот, дзяўчынкі і хлопчыкі знойдуць болей часу і энтузіязму дзеля таго, каб прачытаць кніжкі, якія я мушу разрэкламаваць.

Я заўсёды кажу студэнтам, што на заняткі браць з сабой літаратурную крытыку і манаграфіі не трэба. Падчас размовы яны ім ужо ўсё роўна не спатрэбяцца. Калі вы прыйшлі, то мяне цікавяць дзьве рэчы: вашае веданне тэксту і вашыя як мага больш самастойныя думкі з гэтай нагоды. Ясна, што мне будзе нудна слухаць фразы, якія я вымаўляў на лекцыі – адчуванне дурацкага дэжа вю. Мне нудна будзе слухаць фразы з падручнікаў і манаграфій, якія я таксама чытаў. Хай гэтыя развагі будуць нестандартнымі, нешаблоннымі, хай яны будуць не пагаджацца з маім пунктам гледжання. Выкладаючы французскае асветніцтва, я ўвесь час цытую гэтую фразу, якую прыпісваюць Вальтэру: «Я не згодны з вашай думкай, але я жыццё аддам, каб вы мелі права гэтую думку выказаць».

—  Ці патрабуеце Вы адпрацовак за пропускі і калі так, то ў якой форме?

—  Калі студэнта не было на занятках адзін раз, ты яшчэ прыглядаешся і аналізуеш. А далей ужо робіш папраўку: выпадковы быў пропуск ці гэта такое сістэмнае ненаведванне. Калі ёсць тэндэнцыя да сістэмнага гультайства, то трэба ўжо ўжываць нейкія механізмы. Лекцыі ў нас свабодныя для наведвання, а практычныя заняткі абавязковыя. Прапусціў – можа быць вусная размова, калі ў мяне ёсць вольны час выслухаць студэнта. Таксама магу задаць невялічкае эсэ. А ёсць і трэці варыянт: калі час ужо падыходзіць да экзамена, то студэнту накапліваецца пара дадатковых пытанняў. І спачатку ён павінен адказаць на іх, а потым ужо цягнуць свой білет.

Некаторыя выкладчыкі ў якасці адпрацоўкі задаюць штосьці вучыць на памяць. Важна ўлічваць, маем мы справу з дарослым ці недарослым чалавекам. Прымушаць гэта рабіць дарослую асобу – як на мяне, непаважны падыход да паважнага і самастойнага чалавека. Скажам, калі табе 6 годзікаў, то вучыць на памяць найбольш эфектыўна. У 14 жа, па вялікім рахунку, ужо позна, але яшчэ можна паспрабаваць. Я пэўную колькасць гадоў параллельна з універсітэтам адпрацаваў выкладчыкам у гуманітарным ліцэі. І там па поўнай праграме стараўся правакаваць вывучэнне. У 20 год, я падазраю, што ўжо пазнавата. Тут альбо самі будуць вучыць, альбо знешні прымус прывядзе толькі да крывадушнасці і падману.

А вось у школе ніхто не адмяняў вучэння на памяць. І вельмі добра, бо праблема ў тым, што зараз сістэма адукацыі зроблена так, каб чалавек не ўмеў нармальна размаўляць. Ён тыкае ў опцыі на тэстах, а ў выніку не можа звязаць пяці словаў альбо без словаў-паразітаў, альбо без эмацыйна афарбаваных словаў, альбо ўвогуле двух словаў звязаць не можа. Гэта гуманітарная катастрофа. Вучэнне класікі, а вершаў асабліва, дапамагае людзям правільна размаўляць. Нагадаю класічную фармулёўку: «Паэзія – гэта найлепшыя словы ў найлепшым парадку».

Тут яшчэ шмат залежыць ад таго, што выкладчык дасць для вывучэння на памяць. У школе ў савецкі час мы зубрылі, напрыклад, поўную чухню — савецка-патрыятычныя вершы Петруся Броўкі, якія не лезлі ў галаву. Хаця вось той жа «Пахне чабор» вучыцца на памяць ледзь не з першага прачытання. Трэба проста выбраць тэкст, які будзе паэзіяй у прамым сэнсе.

—  Студэнты калі-небудзь бачылі Вас злым ці раз’юшаным?

—  Некалькі разоў здаралася. Я стараюся ў сваіх лекцыях ужываць нейкія паэтычныя фрагменты аўтараў, якіх шалёна паважаю. І вось няўвагай да гэтага мяне можна абразіць мацней, чым няўвагай да канкрэтных маіх лекцыйных фраз.

Некалькі разоў я дазваляў сабе ўспыліць, і цяпер разумею, што адначасова і меў, і не меў рацыю. Меў, бо напраўду адбываліся рэчы зусім непрыстойныя з боку шаноўных слухачоў. А не меў рацыю таму, што ўсё адно выкладчык павінен быць вышэй за гэта і мусіць знайсці годнае выйсце без пераходу на асобы. Я мог дазволіць сабе пакінуць слова ці жарт у бок чалавека. Але стараўся не пераходзіць межы ангельскай карэктнасці, калі джэнтльмен «высцёбвае» джэнтльмена.

Аднойчы я дазволіў сабе «высцебаць» студэнтку, якая рэгулярна спазнялася на лекцыі хвілін на 15-20. Пры гэтым, яна прыходзіла на шпільках, якія вельмі гучна цокалі. Пасля пары такіх выпадкаў я зрабіў ёй заўвагу. І, відаць, студэнтку крышачку зачапіла. Што праўда, прыходзіць раней яна не пачала, але цяпер, з’яўляючвыся на лекцыю, дэманстратыўна здымала гэты абутак і басанож крочыла на сваё месца.

—  Вы праводзілі заняткі на іншых факультэтах?

—  Так. На гуманітарным факультэце, філасофскім, факультэце міжнародных зносінаў. Ва ўсіх выпадках усё адбывалася па-рознаму. На нефілалагічных спецыяльнасцях як бы менш абавязкаў чытаць, таму моманту прапаганды і інтэлектуальнага спакушэння павінна быць больш, чым моманту прымусу. Асабліва мне спадабалася выкладаць літаратуру філосафам. Яны людзі думаючыя і мусяць мець вялікі культурны багаж, таму мы можам з імі свабодна перакрочваць межы тэксту. З філосафамі я стараўся таксама ў меру сваіх сціплых магчымасцяў быць філосафам.

—  А не хацелі б выкладаць на журфаку?

—  Паколькі ФФСН, дзе я выкладаў у мінулым годзе, як раз у будынку журфака, то дарогу я ўжо ведаю. Калі паклічуць выкладаць, чаму не? Але, здаецца, у вас ёсць свая кафедра замежнай літаратуры. На журфак я некалькі разоў прыходзіў у якасці аўтара – на кніжныя прэзентацыі, літаратурныя святы, і ў мяне засталося самае пазітыўнае ўражанне. Але трэба сказаць, што нашмат лягчэй і камфортней правесці адзін выступ, чым кожны тыдзень прыходзіць і размаўляць пра літаратуру сістэмна і доўга.

—  У некаторых выкладчыкаў з цягам часу ўзмацняецца вера ў тое, што раней студэнты былі лепшыя: больш разумныя, больш выхаваныя. Ці ёсць у Вас такое пачуццё?

—  Мне здаецца, гэта чухня. Хоць я сам зараз магу ўзяць і паставіць сваім сёлетнім слухачам у прыклад студэнтаў, якія вучыліся на гэтым курсе год таму. Але ведаю дакладна, што праз год прыйдуць новыя, якім я пастаўлю ў прыклад гэтых самых студэнтаў, якім я зараз стаўлю ў прыклад папярэдніх. Так, зараз людзі менш чытаюць кніжак, але гэта не значыць, што яны менш разумныя ці менш выхаваныя. Гэта значыць, што ў літаратуры, асабліва ў яе традыцыйным папяровым выглядзе, з кожным годам з’яўляецца ўсё больш і больш канкурэнтаў. Перш за ўсё, гэта Інтэрнэт і розныя інфармацыйныя тэхналогіі. Усё часцей, напрыклад, на мае заняткі прыходзяць з ноутбукамі і цытуюць адтуль электронны тэкст, спампаваны з Інтэрнэта. Заўтра студэнты будуць масава, бо гэта ўжо зробіцца даступным, прыходзіць з бук-рыдэрамі, якія можна, у адрозненні ад ноутбука, пакласці ў маленькую сумачку. Я не маю нічога супраць гэтага, але сам, як чалавек старамодны, яшчэ не спяшаюся развітвацца з папяровымі кнігамі.

—  Вашыя уражанні ад студэнтаў журфака і пажаданні ім.

—  Тое, што ў журналістаў літаратура займае у праграме менш часу, чым магла б, — гэта факт. Тое, што журналісты недаацэньваюць уплыў літаратуры на ступень іх прафесійнай падрыхтоўкі, — гэта таксама факт. Вам дзяўбуць мазгі нейкімі тэхналагічнымі рэчамі, якія датычаць манеры падачы інфармацыі, болей, чым выхаваннем самой сутнасці – разумай, думаючай, незалежнай асобы. На жаль, сёння незалежны і думаючы журналіст непатрэбны, а патрэбна прыгожая, эфектная марыянетка, якая, прафесійна пабліскваючы вачамі і варушачы вуснамі, будзе нешта казаць па тэлевізары. А крытычна мыслячыя людзі, інтэлектуалы заўсёды паднімаюць некамфортныя і нязручныя пытанні, якія б шмат каму хацелася загнаць кудысьці ў бок. Але без гэтага інтэлектуальнага складніка сапраўднага і прафесійнага журналіста няма.

На жаль, існуе стэрэатып, што журналіст – гэта такі чалавек, які павярхоўна разбіраецца ў процьме рэчаў, але добра не ведае нічога. Сучасны свет зараз ідзе да спецыялізацыі журналістыкі. То бок, ты мусіш пісаць не пра ўсё, але ў тым, пра што будзеш пісаць, ты павінен разбірацца дасканала. І трэба імкнуцца да гэтай дасканаласці. Мне здаецца, літаратура ў вас проста мусіць быць адной з самых профільных дысцыплінаў. Прычым, усякая літаратура: беларуская, расійская, замежная. Дазволю сабе такую трохі правакатыўную рэпліку – беларуская, а потым ужо расійская як замежная. Бо калі мы асобна вывучаем расійскую, то давайце тады будзем з такім жа энтузіязмам вывучаць і літаратуру нашых іншых блізкіх і родных суседзяў: польскую, украінскую, літаратуру балтыйскіх краінаў. Журналіст мусіць быць адначасова актыўным і сучасным, ісці ў ногу з модай, з нейкімі новымі трэндамі і тэхналогіямі, але адначасова і захоўваць для сябе ўсё найлепшае, што ёсць у культуры. Груба кажучы, аналізуючы нейкага Пупкіна, памятаць, што да яго быў Пушкін (Шэкспір, Міцкевіч і г.д.). Чалавек ад літаратуры павінен захоўваць пэўную іерархію, бо калі на яе забыцца, то любы графаман будзе лічыцца добрым аўтарам.

Я не лічу журналістаў абсалютным злом, але хацеў бы нагадаць ім, што яны на этапе свайго студэнцтва – аб’екты найбольшай маніпуляцыі ў навучанні. Іх мацней, чым філолагаў, сёння хацелі б абалваніць. Гэтаму трэба супрацьстаяць, самастойна мыслячы, нешта вывучаючы і чытаючы, абапіраючыся на найлепшых выкладчыкаў. Чалавекам чытаючым нашмат складаней маніпуляваць. Ён мае інтэлектуальную свабоду, якую дае кніга. Таму вельмі-вельмі рэкамендую. І не ў апошнюю чаргу студэнтам-журналістам.

Добавить комментарий