Алесь Разанаў. Жыццёвы і творчы шлях 11

Алесь Разанаў. Жыццёвы і творчы шлях

Я жыву ў горадзе, які мае цудоўную назву Бяроза. Яшчэ ў сёмым класе я з задавальненнем вывучыла верш пра свой родны край:

На рэчцы, дзе ціха шумяць вербалозы,
Стаіць гарадок невялікі, Бяроза.
Аб бераг пляскочуць злянелыя хвалі,
Чаму паэтычна так горад назвалі?

Далей аўтар апавядае нам пра адну з версій паходжання назвы майго горада: расказвае пра легенду, звязаную з палкаводцам Суворавым. Мне стала цікава, хто ж напісаў гэты фантастычны верш? Аўтарам быў Алесь Разанаў, які адразу здзівіў мяне стылем напісання: адчувалася ў яго словах нешта сваё, зусім роднае… Я зацікавілася асобай паэта і з таго часу вельмі многа даведался пра яго жыццё і творчую дзейнасць.

Аляксандр Сцяпанавіч Разанаў нарадзіўся ў вёсцы Сялец Бярозаўскага раёна Брэсцкай вобласці ў 1947 годзе. Бацька Алеся быў адораным ад прыроды чалавекам — ён пісаў вершы, а маці працавала сельскім фельчарам. Яшчэ ў дзяцінстве было зразумела: Алесь — таленавіты паэт. З шостага класа ён пачаў друкавацца ў бярозаўскай раённай газеце «Маяк камунізму» і ў рэспубліканскім часопісе «Бярозка». Адразу пасля школы паступіў на філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, але зімой 1969 года ён быў адлічаны з універсітэта за тое, што хацеў дайсці да кіраўніцтва краіны з просьбай дазволіць выкладаць прадметы на беларускім аддзяленні на роднай мове. Алесю дазволілі працягнуць вучобу на тым жа факультэце, але ўжо ў Брэсцкім дзяржаўным педагагічным інстытуце імя А. С. Пушкіна. Пасля заканчэння педінстытута паехаў настаўнічаць у Кругельскую сярэднюю школу, дзе разам з вучнямі выпускалі насценную газету. У 1970 годзе ў Разанава выйшла кніга паэзіі «Адраджэнне», але рэдактары ўнеслі змены ў яе змест і назву. Нават і ў такім варыянце першы зборнік атрымаў высокую ацэнку чытачоў. Калі я толькі пачала чытаць гэты зборнік, адразу быў адметны наватарскі характар паэта, арыгінальнасць вершаванай рытмікі, асаблівасці яго пісьма. Гэта якраз тыя моманты, якія ў далейшай творчасці сталі развівацца і прывялі да стварэння ўласнага стылю Алеся Разанава.

Пасля службы ў арміі 1971—1972 гадах паэт стаў членам Саюза пісьменнікаў БССР і працаваў літсупрацоўнікам газеты «Літаратура і мастацтва», бюлетэня «Родная прырода». Потым едзе ў Літву, там займаецца перакладамі з многіх моў: нямецкай, латышскай, грузінскай. З 1974 па 1990 год Разанаў працаваў у выдавецтве «Мастацкая літаратура».

У 1974 годзе выйшаў другі зборнік паэзіі А. Разанава «Назаўжды». Асабліва адзначыла я ў ім тое, што, акрамя традацыйных для аўтара філасофскіх і грамадзянска-патрыятычных вершаў, ёсць і пункціры.

Потым былі выпушчаны зборнікі «Каардынаты быцця» (1976), «Шлях — 360» (1981), «Вастрыё стралы» ( 1988), які, дарэчы, стаў знакавым у беларускай паэзіі, а Алесь Разанаў у 1990 атрымаў Дзяржаўную прэмію БССР Янкі Купалы за гэты зборнік. У кнізе аўтар па-іншаму асэнсаваў навакольны свет: ён назіраў за ім, надаваў пэўным рэчам і з’явам чалавечыя ўласцівасці:

На маёй дарозе ўзгоркі і ўпадзіны.
Але гэта м а я дарога: яна рухаецца,
яна разважае, яна размаўляе,
яна ўдакладняе маю хаду.

У 1992 годзе выйшаў яшчэ адзін зборнік Алеся Разанава. Ён мае назву «У горадзе валадарыць Рагвалод» і складаецца з пункціраў і вершаказаў. Як мне здаецца, аўтар нам хацеў паказаць тое, што слова гаворыць само за сябе, а ўжо задача аўтара — пачуць яго мову і агучыць яе чытачам.

У 1994 годзе Алесь Разанаў з групай сяброў стварыў часопіс «Крыніца». У 2001 годзе паэт па запрашэнні Міжнароднага парламента пісьменнікаў паехаў у Германію, дзе актыўна працягваў сваю творчую дзейнасць. У яго выходзяць кнігі «Рэчаіснасць», «Танец з вужакамі», «Гліна. Камень. Жалеза».

Што датычыцца «Кнігі ўзнаўлення», якая з’явілася на свет у 2005 годзе, як адзначаў сам Алесь Разанаў , у гэтай кнізе сваё адлюстраванне знайшоў цэласны канкрэтны перыяд старажытнай беларускай літаратуры.   Гэта беларускі кніжны эпас, без якога не можа быць і нашай айчыннай сучаснай літаратуры, якая павінна абавязкова суадносіцца з усімі сваімі папярэднікамі. З гэтым нельга не пагадзіцца.

Цяпер ужо нам вядома, што Алесь Разанаў стаў заснавальнікам такіх новых паэтычных форм у беларускай літаратуры, якімі з’яўляюцца вершаказы, версеты, пункціры, зномы, квантэмы.

Паэт ніколі не супакойваўся на дасягнутым, а знаходзіўся ў пастаянным творчым пошуку. Сведчанне таму — яшчэ адна новая кніга Разанава, якая мае назву «З Вяліміра Хлебнікава». Творчасці рускага паэта В. Хлебнікава былі характэрны жанравыя новаўтварэнні, эксперыменты ў галіне словатворчасці. Менавіта гэта збліжае паэтаў у іх пошуках, выклікае цікавасць Разанава да творчасці Хлебнікава. Таму Алесь і вырашыў здзейсніць усё, што было сказана Хлебнікавым, на беларускай мове. Але гэта не пераклады, а менавіта тое, што Алесь Сцяпанавіч Разанаў абазначыў літарай «З». Вось як ён сам тлумачыў зробленую ім справу:

– «З»— новы жанр ці паджанр перакладу. Я не даю пераклад твора, а даю выявіцца той з’яве, якая выявілася ў творы. Пераклад можа быць больш дакладны, чым арыгінал. Глуханямыя пласты мовы Хлебнікаў варушыць, а я на беларускай мове іх выяўляю. Я іду не за тэкстам, а за глыбокім невымоўным сэнсам твора. У цэлым гэтую работу можна вызначыць як творчае супрацоўніцтва. Ну а як гэта атрымалася — меркаваць чытачу.

На мой погляд, для паэзіі Разанава характэрны філасофскі роздум над бясконцым светам прыроды, быццём і духоўнымі магчымасцямі чалавека. Яго творы вызначаюцца складанай асацыятыўнасцю, эксперыментамі ў галіне паэтычнай формы.

Алесь Сцяпанавіч Разанаў піша пра ўсё: «Атава», «Дуб», «Рунь», «Дрэвы», «Спадчына», «Змеі», «Ланцуг», «Маланка», «Сякера», «Радзіма», «Сцежка», «Жыта і васілёк». Я думаю, што ўсе гэтыя з’явы звязаны з яго малай радзімай — в. Сялец. Адсюль і пачаўся яго паэтычны шлях, таму я ўпэўнена: паэт вяртаўся ў думках на радзіму, нават калі быў далёка ад бацькоўскага парога.

На жаль, больш ніколі не сустрэне паэта родная хата, родная зямля. Алесь Разанаў памёр 26 жніўня 2021 года.

Добавить комментарий