Жыццё паміж вучобай і творчасцю няпростае, але цікавае! 10

Жыццё паміж вучобай і творчасцю няпростае, але цікавае!

Пра такіх людзей, як сённяшні наш герой, кажуць: “І швец, і жнец, і на дудзе ігрэц”. Дзмітрый Нікановіч не толькі стварае інфармацыйныя повады як спявак і артыст, але і як няштатны аўтар выступае з нагоды самых розных медыяпадзей у рэспубліканскім друку. Пасля выдатнага заканчэння журфака БДУ паступіў у магістратуру і ў якасці выкладчыка размеркаваўся на кафедру гісторыі журналістыкі і менеджменту СМІ. Сярод нядаўніх дасягненняў Дзмітрыя Алегавіча – Падзяка Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь за высокія дасягненні ў вучобе.

– Дзмітрый, вітаем вас і віншуем з высокай узнагародай! Якія засталіся ўражанні ад прэзідэнцкага выпускнога і ўручэння Падзякі ад Кіраўніка дзяржавы?

– Усё было на найвышэйшым узроўні. Урачыста, душэўна. На святочным банкеце было смачна, а пад час канцэрту і танцавальнай праграмы – весела. Мне ўсцешна: для мяне Падзяка Прэзідэнта стала нечаканасцю, несумненна, прыемнай. Абсалютна не настройваўся, што яе атрымаю, ніколі пра гэта не думаў. І да гэтага часу лічу, што ўсё, што я рабіў і раблю, нармальна, звычайна і “як мае быць”. Безумоўна, ва ўніверсітэце мяне азнаёмілі са спісам ўсіх заслуг, за якія мяне заахвоцілі, але я па-ранейшаму стаўлюся да гэтага, як да волі “лёсу” і “зорак”. Дзякуй сям’і, выкладчыкам, сябрам і ўсім, хто мяне падтрымліваў.

– Вы сказалі: “…азнаёмілі са спісам заслуг”. Цікава, што ў гэты спіс уваходзіць…

– Тут павінны сысціся розныя паказчыкі: і высокая паспяховасць у вучобе, і актыўная грамадская і навукова-даследчая дзейнасць, і прафесійныя якасці. Мая любоў да вучобы выявілася яшчэ ў школе: скончыў з залатым медалём, стаў пераможцам дзвюх рэспубліканскіх алімпіяд па рускай мове і літаратуры, паказаў высокі вынік на алімпіядзе школьнікаў Саюзнай дзяржавы, атрымаў званне Абсалютнага пераможцы конкурсу чытальнікаў, які праходзіў пад час гэтай алімпіяды. Ва ўніверсітэце быў старастам сваёй групы, на маім рахунку ўдзел у рэспубліканскіх і міжнародных навукова-практычных канферэнцыях, публікацыі ў зборніках. З дзяцінства захапляюся музыкай, з’яўляюся лаўрэатам рэспубліканскіх і міжнародных музычных фестываляў і конкурсаў, прадстаўляў БДУ на музычных тэлепраектах. Дзве мае арыгінальныя песні – “Ніколі” (2014) і “Ключы” (2015) – знаходзяцца ў радыёратацыі.

– Рэктар БДУ Сяргей Уладзміравіч Абламейка ўзнагародзіў вас званнем “Лепшы выпускнік БДУ-2015” як прадстаўніка Інстытута журналістыкі. Што гэта для вас значыць?

– Тое, што, акрамя назапашвання асобаснага капіталу, ва ўніверсітэце важна ахвяраваць сваім часам і сіламі дзеля іншых. У БДУ быў двойчы рэалізаваны мой аўтарскі музычна-тэатральны праект “Майский калейдоскоп. Весну и май нам заслужили”, прысвечаны гадавінам Перамогі ў ВАВ. Амаль ніколі я не адказваўся ад удзелу ў дабрачынных канцэртах, у прэзентацыйных акцыях універсітэта, выступаў на пляцоўках самага рознага ўзроўню і не нічога за гэта не прасіў, бо ўдзячны альма-матэр за бескаштоўны вопыт і цікавыя знаёмствы.

– Падзяліцеся сваімі творчымі планамі. І адразу прызнавайцеся, у чым ваш сакрэт – як вы ўсюды паспяваеце?

– Зараз вырашаецца пытанне наконт маёй нагрузкі на наступны навучальны год. Акрамя вучобы ў магістратуры, я сам буду весці заняткі са студэнтамі, пісаць дысертацыю і, як нядаўна высветлілася, на новых умовах працягну супрацоўніцтва са СМІ (магчыма, буду весці аўтарскую рубрыку). Восенню планую прэзентаваць ужо трэцюю арыгінальную беларускамоўную песню на словы і музыку майго сябра Мікіты Найдзёнава… Ніякага сакрэта няма. Трэба проста любіць тое, чым займаешся… І даводзіць справу да лагічнага завяршэння. Жыць паміж рознымі відамі дзейнасці няпроста, але так цікава!

– Якія думкі прыносяць вам асалоду і адчуванне ўнутранай гармоніі?

– Думка, што дома мяне чакаюць, паважаюць, засцерагаюць… Люблю вандроўкі: рэальныя (асабліва ў цягніку) і віртуальныя (па кнігах і фільмах). Люблю адчуванне, калі пішу апошні радок ў навуковым артыкуле ці газетнай калонке. І, канешне, выходзіць на сцэну.

Добавить комментарий