Жыццё задыхаецца без мэты 11

Жыццё задыхаецца без мэты

Я ёсць. Я была, я буду. Калі задумваешся пра плынь часу, пра тое, як ва ўнісон з табой колькасць падобных “я” былі, ёсць і будуць, то абавязкова натыкнешся на пытанне: “Навошта?” Выхад з гэтай бяздоннай ямы толькі адзін: глядзець наверх. Сэнс жыцця кожнага чалавека з’яўляецца ў тым, каб знайсці гэты самы сэнс. А калі знойдзеш – дасягнуць. А дасягнуўшы,  знайсці наступны. Жыццё тады і заканчваецца, калі шыя пачынае балець ад нязручнага становішча.

Жадаеш ты таго ці не, але ты існуеш. І я існую. Каб зноў не ўпасці ў духоўны крызіс, трэба знайсці мэту. Але ж гэта вельмі складаны працэс, насамрэч. Таму самым галоўным я лічу “ўсвядоміць сябе паўнавартаснай асобай”, а потым развіць гэты навык да дасканаласці. Бо “век жыві – век вучыся”, а значыць самым дасканалым ты ніколі не станеш. А значыць заўсёды будзе да чаго імкнуцца.

Я ўсвядоміла сябе асобай толькі тады, калі зразумела, што заўтрашні дзень проста ніколі не настане. Няведанне сваёй будучыні вельмі натхняе на грандыёзныя ўчынкі. Будучыня не мае бліжэйшага канца, а  цяперашняе працуе ў доўгатэрміновай перспектыве.

Свабода для мяне стаіць на першым месцы. Менавіта таму я сама абіраю свае мэты і сама шукаю спосаб іх дасягнуць. Я зусім не жадаю ні ад каго залежаць і не хачу, каб хтосьці залежаў ад мяне. У бяздзейнасці я адчуваю сябе непаўнавартаснай. Я не хачу стаяць на адным месцы і, тым больш, плыць па цячэнні. Я жадаю сама накіраваць гэтыя плыні і кіраваць гэтым рэчышчам.

Шчадрынская Зарына

Добавить комментарий