Захаваць прыроду — значыць захаваць жыццё
Людзі заўсёды здабывалі з нетраў Зямлі карысныя выкапні, вырубалі лясы, змянялі ландшафты планеты. З развіццём навукі і тэхнікі да гэтага спісу дадалося і забруджванне навакольнага асяроддзя. Вока сучаснага чалавека ўжо звыкла да мноства шэрых шматпавярховых дамоў, вялікай колькасці транспарту. Некалькі ж дзясяткаў гадоў таму гэтых аб’ектаў было значна менш. У выніку грэблівага абыходжання з «багаццямі» Зямлі чалавецтва сутыкнулася з шэрагам праблем: глабальным пацяпленнем, апустыньваннем, разбурэннем азонавага слоя, забруджваннем сусветнага акіяна, паветра, глебы. Мы прыйшлі да таго, што натуральныя тавары каштуюць даражэй за іх «штучныя» аналагі.
Нярэдка можна пачуць такі выраз, як «грамадства спажывання», які выкарыстоўваюць у адносінах да сучасных людзей. Але ў апошнія гады для мноства краін, у тым ліку і Беларусі, сярод насельніцтва стала модна быць экаактывістамі. Гэты факт не можа не радаваць. З кожным днём усё больш людзей пачынаюць разумець, што наша будучае і будучае нашых нашчадкаў залежыць толькі ад нас саміх. Выраз «Як вы смееце!» шведскай школьніцы Грэты Тунберг набыў шырокую вядомасць ва ўсім свеце і, магчыма, стаў падставай задумацца аб навакольным асяроддзі.
Беларусь славіцца лясамі і балотамі, таму нядзіўна, што нашу краіну называюць «лёгкімі Еўропы». Альманскія балоты, Белавежская пушча, Бярэзінскі біясферны запаведнік і шмат іншых прыродных аб’ектаў пастаянна ўзбагачаюць планету кіслародам. Беларусь вядзе актыўную экалагічную праграму. Па дарогах краіны ездзяць электрамабілі і электробусы, на вуліцах гарадоў можна ўбачыць кантэйнеры для пластыка, шкла і паперы розных колераў. У крамах і кафэ актыўна выкарыстоўваецца біяраскладальны посуд. Каб не забруджваць асяроддзе элекрастанцыямі, што патрабуюць вялікай колькасці вугалю і іншага паліва, пачалі будавацца аднаўляльныя крыніцы энергіі, якія працуюць ад ветра, сонца і вады. Насельніцтва таксама не застаецца ў баку: шмат людзей ходзяць за таварамі з тканкавымі пакетамі, прыносяць сваю шматразовую кружку, каб папіць кавы ў кафэ. Шмат арганізацый праводзяць акцыі па збору макулатуры, якая потым паступае на перапрацоўку.
Сродкі масавай інфармацыі цалкам падтрымліваюць палітыку дзяржавы ў дачыненні да аховы навакольнага асяроддзя. Медыа актыўна паведамляюць людзей аб новых праектах па радыё, на інтэрнэт-сайтах, палосах газет і тэлеэкранах. Беларускі рэкламны лозунг «Наша забота, а не енота» запамяталі мільёны чалавек як у нашай краіне, так і за яе межамі. Журналіст павінен ведаць шмат інфармацыі пра экалогію, бо ў яго ёсць магчымасць прыцягваць да аховы прыроды масы, распаўсюджваць слушныя ідэі.
Нягледзячы на вялікі пералік экалагічных праектаў і праграм, чалавецтву яшчэ шмат прыйдзецца зрабіць, каб працягваць камфортнае жыццё на планеце. Хоць і існуе электратранспарт, але ж машын, якія працуюць на паліве, значна больш. Безумоўна, установы пераходзяць на біяраскладальны посуд, але ж часта гэта робіцца выбарачна. Ні для каго не сакрэт, што існуе акцыя «Пасадзі дрэва!», але ж высякаюць лес усё роўна ў большых колькасцях, чым саджаюць.
Мае спадзяванні з нагоды будучыні планеты супадаюць з думкай амерыканскага акцёра Леанарда Ды Капрыа, які сказаў: «Я веру, што яшчэ можна выратаваць нашу планету і ўсіх яе насельнікаў». Дзе прырода, там і жыццё. Давайце разам зробім так, каб свет стаў сапраўдным месцам для камфортнага жыцця! Памятайце: пачынаць патрэбна з сябе.