Водар вандроўкі
Люблю вакзалы. Месца сустрэч і растанняў, слёз і радасці. Пануе хвалюючая атмасфера, чакаеш нечага новага, нават чамусьці паветра тут кожны раз рознае. Бесперапынны рух на вакзале заўсёды, жыццё ні на хвілю не спыняецца. Вакол заклапочаныя людзі, яны таксама чакаюць нечага новага, нервова хапаюць клункі, пачуўшы шэры голас жанчыны, што абвясціла аб прыбыцці цягніка. Рухаемся далей…
Люблю цягнікі. Заўсёды сяджу каля акна, бо падабаецца мне назіраць за дарогай. Маляўнічыя беларускія краявіды: глыбокія лясы, хуткаплынныя рэкі, неабсяжныя палі. Сціплыя, але такія мілыя сэрцу вёскі, акуратныя гарады, цікавыя станцыі. Усё гэта стварае ўзнёслы настрой, адпачываеш душой. Зімой сагравае звычайны чай, прынесены правадніком у такой знаёмай усім шклянцы, а ўлетку ўзбадзёрвае свежае паветра, што рвецца ў вагон праз адчыненую фортку. А гэты шум колаў, а “пах чыгункі”? Сапраўды ўтульна…
Люблю паездкі. Асабліва начныя, бо прысутнічае ў такі час нейкая таямнічасць, загадкавасць. Сам працэс мае смак свежага паветра, і гэта сімвалічна. Шлях — мост паміж двума светамі: станцыяй адпраўлення і станцыяй прыбыцця. Гэта заўсёды нешта новае, гэта заўсёды прыгоды. Рух і жыццё.
Гэта ўсё вабіць мяне з маленства. Праўду кажуць: некаторыя элементы дзяцінства застаюцца вечным сімвалам у памяці чалавека. Пакідаючы будынак вакзала, вяртаюся ў паўсядзённасць. У кішэні застаецца білет, які будзе яскравым успамінам аб падарожжы. А перад вачыма ўсё роўна моманты вандроўкі, быццам фотаздымкі, яны ствараюць альбом асобнай часткі майго жыцця, якая мае свой цікавы працяг.