Творчасць без межаў 13

Творчасць без межаў

Установамі дадатковай адукацыі дастаткова шырока і актыўна выкарыстоўваюцца самыя разнастайныя формы арганізацыі дзейнасці вучняў у шосты школьны дзень: ад заняткаў гурткоў і секцый, да правядзення разнастайных мерапрыемстваў.

Не выключэнне і Чашніцкі раённы цэнтр дзяцей і моладзі Віцебскай вобласці. Зазірніце сюды ў любую з субот і пераканайцеся: у Цэнтры літаральна “яблыку няма дзе ўпасці”. Прапаную выхапіць з чарады суботнiх дзён адзiн і прайсціся па калідорах такой любімай чашніцкiмi дзяўчынкамі і хлапчукамі дзіцячай установы, у харэаграфічным калектыве якой і я займаюся ўжо шосты год.

У аддзеле тэхнiчнай творчасцi  cлых прыцягвае шум працуючых станкоў. Гэта ў майстэрні кіпіць праца юных майстроў, якія з’ехаліся амаль з усiх школ раёна на штогадовы агляд-конкурс “ТэхнаСвет”. Спаборнічаюць хлопцы ў трох секцыях: “Авіямадэляванне”, “Аўтамадэляванне” і “Суднамадэляванне”. І, мяркуючы па рыхтуючымся вырабам, канкурэнцыя, паверце, далёка не жартоўная. Журы чакала нялёгкая праца па вызначэнню пераможцаў!

Творчасць без межаў 14

Шум зусім іншага характару даносіцца з выставачнай залы. Зазірнуўшы на вясёлыя галасы, даведваюся, што гэта ў рамках сацыяльна значымага праекта “Табе, равеснiк!” Цэнтр дзяцей i моладзi наведалі навучэнцы Цяпінскай дзіцячы сад-сярэдняй школы. Госцi знаёміліся з экспазіцыяй з лепшых работ навучэнцаў аб’яднанняў па інтарэсах “Калейдаскоп дзіцячай творчасці”, цiкавiлiся працамі сваіх аднагодкаў з розных школ, прадстаўленымі на раённыя выставы-конкурсы “Ратавальнiкi вачыма дзяцей” i “Пасябруй са спортам”. А наперадзе па праграме наведвання цяпiнцаў чакала конкурсна-гульнявая праграма “Будзем знаёмыя!” i майстар-клас па вырабу сувеніра-абярэга.

Творчасць без межаў 15

У суботні дзень, як і належыць, у чашнiцкiм Цэнтры таксама поўным ходам працуюць разнастайныя аб’яднання па інтарэсах. У гуртку “Пачатковае тэхнічнае мадэляванне” хлапчукі малодшага школьнага ўзросту вучацца не толькі чарціць, выразаць і склейваць дэталі будучых вырабаў па шаблонах, але і падыходзіць да працы творча і з цікавасцю. Хлопцы трэці год захоплена займаюцца ў Святланы Леанідаўны Вусiк і таму ствараюць чарцяжы мадэляў аўтатранспарту ўжо па ўласных эскізах, часопісным фота ці матэрыялах з інтэрнэту. Паралельна хлопцы рыхтуюцца да абласнога конкурсу па пачатковаму тэхнічнаму мадэляванню, старанна працуючы над конкурснай мадэллю карабля і таемна марачы пра перамогу.

Творчасць без межаў 16

Побач працуе гурток “Праграмаванне ў scrath”, заняткі ў якім вядзе малады педагог Вольга Леанідаўна Папко. Дзецi розных узростаў з радасцю і задавальненнем атрымліваюць профільныя веды і складаюць уласныя праграмы. Ёсць нават навучэнцы, якія ўжо самі прыдумляюць кампутарныя гульні і даюць апрабаваць іх сваім сябрам.

У мастацка-эстэтычным аддзеле атмасферу весялосці і запалу задае харэаграфічны калектыў «РЫТМ», кіруе якім Наталля Анатольеўна Армянцава. Яна не толькі навучае рабят розным танцавальным напрамкам, ставіць канцэртныя нумары, але і дапамагае правесці час весела і цікава. Зараз дзяўчынкi i хлопчыкi развучваюць новы харэаграфічны нумар, якім плануюць парадаваць сваіх бацькоў на традыцыйным центраўскiм справаздачным мерапрыемстве у канцы навучальнага года. Не будзем iм перашкаджаць і пойдзем далей.

Творчасць без межаў 17

Гуртком «Мяккая цацка» ужо больш за 20 гадоў кіруе Святлана Міхайлаўна Пушнева. Тут дзяўчынкі вучацца шыць сваімі рукамі ў розных тэхніках разнастайныя тканкавыя цацкі. У гэтай справе галоўнае – жаданне і цярпенне. А каб было лягчэй, педагог стварае ўтульную хатнюю атмасферу вячорак за адным агульным рабочым сталом, дзе можна падзяліцца сакрэтамі не толькі майстэрства, але і асабістымі дзявочымі сакрэцікамі і праблемамі, з задавальненнем папiць чайку ў прыемнай кампаніі.

З-за дзвярэй кабінета, дзе праходзяць заняткі гуртка «Англійская мова», таксама даносяцца забіяцкія галасы. Пачынаючы педагог Маргарыта Сцяпанаўна Казакова лічыць, што, каб чужая мова засвойвалася дзеткамі лёгка, навучанне павінна праходзіць у гульнявой форме. Вось і цяпер замацаванне будучымі “англічанамі” новых замежных слоў хутчэй нагадвала дзіцячую гульню ў мяч “Ядомае — не ядомае”. Але – быў бы вынік!

Разлiвiстае шматгалоссе прыводзіць у студыю «ДоМiСолька» – адну з самых масавых вакальных груп на чашніччыне і вядомую нават за межамі Віцебскай вобласці. У студыі займаюцца больш за 50 творчых дзяўчынак і хлапчукоў. Кіраўнік студыі Юлія Аляксандраўна Зінкевіч расказала, што ў 2017 годзе скарбонка дасягненняў студыі папоўнілася дыпломам 3 ступені і Кубкам з міжнароднага конкурсу «Творчасць без межаў», дыпломам 2 ступені з рэспубліканскага конкурсу «Юныя таленты Беларусі», малодшая група стала лаўрэатам XX тэлевізійнага фестывалю армейскай песні «Зорка»…  Ды ўсіх апошніх узнагарод нават і не пералічыш! А вакалiсты пры гэтым сціпла, але хітра ўсміхаюцца: прыемна, калі ёсць чым пахваліцца, калі ёсць вынік сумесных намаганняў навучэнца і педагога.

Творчасць без межаў 18

Вось так насычана падзеямі і мерапрыемствамі, творчасцю і стваральным настроем праходзяць у Чашніцкім раённым цэнтры дзяцей і моладзі ўсе суботнія дні. Шкада, што маё дзяцінства заканчваецца разам з 11 класам, і хутка я ад усёй гэтай дзіцячай завірухі паеду ў дарослае, спадзяюся, студэнцкае жыццё, якое дапаможа мне стаць журналістам. Мой любімы Цэнтр, я буду па табе сумаваць! Але галоўнае, каб у табе не сумавалі дзяўчынкі і хлопчыкі! А з гэтым ты спраўляешся выдатна!

Добавить комментарий