Сёння модна быць якім? 18

Сёння модна быць якім?

Сёння модна быць якім? 19
Перш за ўсё хочацца вызначыць, што ж такое мода. Мода – глабальная з’ява, якая ахоплівае шмат чаго: гэта і адзенне, і музыка, і звычкі, і адносіы паміж людзьмі, і ідэі, і каштоўнасці. Галоўныя адметнасці моды – хуткаплыннасць і часовасць. Так, мода абмежавана пэўнымі часам і тэрыторыяй. Вядома, у розных краінах адныя і тыя ж рэчы будуць успрымацца па-рознаму. Гэта будзе залежыць ад менталітэту, абставін, у якіх знаходзіцца дзяржава, узроўню іх развіцця і нават рэлігійных поглядаў.
Мода – рэч індывідуальная, але накіраваная на масы. Нішто не стане папулярным, калі не будзе ў гэтага шмат прыхільнікаў. Але кожны чалавек сам выбірае, ці прымаць яму тое, што дыктуюць час і людзі, ці не. Лічыцца, што моду падтрымліваюць два асноўныя імкненні. Першае – эстэтычны пункт гледжання; перайманне з мэтай атрымаць добры досвед ці густ. Другое – ціск грамадзянскай сістэмы: страх застацца па-за межамі соцыума, боязь кпінаў і непрымання з боку большасці. Такім чынам, чалавек не хоча быць белай варонай і таму вымушаны набываць тое, што распаўсюджана. Або яму сапраўды падабаецца тое, што так прасоўваецца ў грамадзе.
Поп-іт, “Гульня ў кальмара”, бежавы трэнч, патчы, оверсайз, рабацінне – усе гэтыя словы аб’ядноўвае той факт, што гэта ўсё было модна ў апошні час. Калі паспрабаваць сфармуляваць лозунг сучаснасці, то ён будзе прыкладна такі: “Камфорт ва ўсім і для ўсіх”. Вялікая ўвага звяртаецца на асобу, людзей і планету.
Модны чалавек…Магчыма, у некаторых выпадках гэты прыметнік можна замяніць сінонімам “стылёвы” або словазлучэннем “модна апрануты”. Але прыменік “модны”, дапасаваны да  назоўніка “чалавек”, можна зразумець па-рознаму.
Сёння ў трэндзе так званая плынь self-care – клопат пра сябе. Адметна, што гэта з’ява распаўсюджана як сярод жанчын, так і мужчын. Амаль кожны мае ўласны набор доглядавай касметыкі. Гэта накіравана на звядзенне да мінімума карыстання дэкаратыўнай касметыкай і на дэманстрацыю  натуральнай прыгажосці. Вядома, тут таксама ўсё індывідуальна і залежыць ад розных фактараў. Напрыклад, некаторым падабаецца яркі макіяж з прыклеенымі вейкамі, аднак не ўсе штодня ходзяць так, гэта можа быць разовы вобраз для вечарыны або эфектнага відэа ў сацыяльных сетках.
Таксама вельмі папулярнымі – сярод моладзі і не толькі – сталі самаадукацыя і самаразвіццё. Часта можна сустрэць рэкламу анлайн-школ (напрыклад, прыватная ўстанова адукацыі для хлопчыкаў і дзяўчынак 5-11 класаў “Мужчынская гімназія”) і нават прыватных анлайн-вузаў накшталт Skillbox, сертыфікаты аб навучанні ў якіх з кожным днём становіцца ўсё болей аўтарытэтнымі. Таксама можна набыць курсы па розных сферах дзейнасці: вакал, псіхалогія, пазногцевы сервіс, блогінг, праграміраванне і шмат іншых.
Талерантнасць. Гэта паняцце прысутнічае ў лексіконе прасунутых і прагрэсіўных людзей ужо не першы год. Зараз паважаюць і прымаюць выбар асобы, а яшчэ тое, што ніхто не ў стане выбіраць. Рэдка можна сустрэць цяпер выпадкі прыцясненняў з-за знешнасці, нацыянальнасці, фізічных заганаў, полу, паходжання, узроўню адукацыі, фінансавых магчымасцяў. На жаль, не ва ўсіх краінах гэта распаўсюджана, але талерантнасць – абавязковая рыса здаровага сучаснага грамадства. Так, у Расійскай федэрацыі ўсё большую вядомасць набірае антыбулінгавая праграма “Кожны важны”, накіраваная на барацьбу з цкаваннем у школе.
Так склалася, што моду ў адзенні і макіяжы дыктуе эліта грамадства. Звычайна ўсё гэта публікуецца ў глянцавых часопісах, найбольш вядомыя з якіх “Vogue”, “Bazaar”, “Glamour”. Шмат стылёвых парад можна знайсці на такіх Інтэрнэт-пляцоўках, як YouTube і Tik-Tok. У трэндзе зараз перш за ўсё зручнае адзенне. Папулярным з’яўляецца стыль  oversize, які ўяўляе сабой адзежу на адзін-два памеры болей за патрэбны. Распаўсюджаны рэчы unisex, якія могуць насіць як мужчыны, так і жанчыны, напрыклад, пінжакі свабоднага крою, світшоты, джэмперы і футболкі, а таксама абутак. Калі размова ідзе пра вопратку, то пры выбары перш за ўсё ўлічваецца камфорт і цеплыня. Зараз у модзе такія пухавікі, што ўсё бабулі дакладна застануцца спакойнымі, а іх унукі будуць адчуваць сябе прыгожымі і дакладна не змерзнуць.
З хуткім павелічэннем маштабаў наступстваў дзейнасці чалавека, якія выцякаюць у глабальныя экалагічныя праблемы, прасоўваецца шмат варыянтаў іх вырашэння. Вельмі модныя зараз шоперы з рознымі дызайнамі і кастамізацыямі. Буйная сетка рэстаранаў “McDonald’s” перайшла на драўляныя лыжкі і відэльцы, а таксама папяровыя трубкі і ўпакоўкі. Такім чынам, сёння модна быць прыхільнікам энвайранменталізма – сацыяльнага экалагічнага руху.
Псіхалогія дасягнула вельмі высокага ўзроўню развіцця. Дзякуючы гэтаму, пашыраецца распаўсюджванне вырашэння праблем псіхалагічнага характару са спецыялістамі. Зараз змяняюцца адносіны грамадскасці да псіхолагаў. Становіцца нормай звяртацца да тэрапеўтаў у гэтай галіне, і ніхто не лічыць гэта сорамным. Наадварот, шмат блогераў і іншых публічных асоб вольна размаўляюць на тэму сваіх праблем і шляхах іх вырашэння з дапамогай сеансаў. Цяпер у трэндзе сачыць за сваім здароўем, у тым ліку ментальным.
Такім чынам, сёння модна быць прыгожым, натуральным, адукаваным, мэтанакіраваным, здаровым, талерантным, стылёва і камфортна апранутым, прасунутым, адказным за свае ўчынкі і іх наступствы, клапатлівым пра навакольны свет чалавекам.

Добавить комментарий