Што пачытаць: сучасная беларуская літаратура 11

Што пачытаць: сучасная беларуская літаратура

Для многіх беларусаў родная літаратура заканчваецца дзесьці паміж “так, штосьці ў школе чыталі…” і “там жа толькі пра вёску і вайну”. Аднак айчынная літаратура працягвае развівацца, і кожны год пісьменнікі радуюць нас новай прозай. Вы спытаеце, што пачытаць? Мы адказваем спісам з 5 сучасных аўтараў і іх лепшых твораў.

Віктар Марціновіч

Што чытаць: раманы “Сфагнум”, “Мова”, “Ноч”.

Што пачытаць: сучасная беларуская літаратура 12

Віктар Марціновіч, напэўна, самы папулярны беларускі пісьменнік на дадзены момант. Яго творы экранізуюцца, ставяцца ў тэатры і перакладаюцца на шэраг замежных моваў.

У сваіх раманах пісьменнік малюе сваю антыўтапічную Беларусь. Такую незразумелую, і ў той жа час да болю знаёмую. Творы Марціновіча аб’ядноўваюць сэнсавая глыбіня і непакой за будучыню Беларусі. А зусім нядаўна Віктар апублікаваў свой новы расказ “Пятніца” – рэфлексію на тэму сусветнай эпідэміі.

Людміла Рублеўская

Што чытаць: раман “Авантуры Пранціша Вырвіча, шкаляра і шпега”

Што пачытаць: сучасная беларуская літаратура 13

Людміла Рублеўская – пісьменніца, паэтка и журналістка родам з Мінску. Літаратурныя крытыкі любяць параўноўваць пісьменніцу з “бацькам” беларускай гістарычнай прозы Уладзімірам Караткевічам, але прызнаюць унікальнасць яе твораў.

Сапраўдным хітом стаў раман “Авантуры…”, які ўжо паспела экранізаваць кінастудыя “Беларусьфільм”. Гэта прыгодніцкі твор, у аснове якога ляжыць гістарычны падмурак. Проза Людмілы прыцягвае чытачоў захапляльнымі сюжэтамі, і “жывымі” героямі. Акрамя гэтага, Рублеўская піша расказы для дзяцей і падлеткаў.

Андрусь Горват

Што чытаць: раманы “Радзіва Прудок”, “Прэм’ера”

Што пачытаць: сучасная беларуская літаратура 14

Пра неверагодны шлях Андруся Горвата з дворніка ў тэатры да паспяховага пісьменніка чулі, напэўна, усе. Але чаму мы так дзівіліся? У рэшце рэшт жыцце беларускамоўнага аскета, які адмовіўся ад будавання кар’еры, а потым з’ехаў жыць у глухую веску на Палессі, павінна было скласціся менавіта так.

Кніга “Радзіва Прудок”, якая напісана ў форме дзённіку, – гэта новы погляд на вясковае жыццё. Погляд чалавека, якога, у адрозненне ад большасці, пацягнула да каранёў, на зямлю продкаў. У творы вельмі добра перададзена атмасфера вёскі, з яе пахам скошанай травы ды статкам курэй у загоне. Кніга нікога не пакіне абыякавым. Вяскоўцы зловяць “флэшбэк” ды панастальгуюць, а гарадскія задумаюцца: мабыць, патрэбна перастаць вечна кудысьці спяшыць?

Юрый Станкевіч

Што чытаць: раманы “Любіць ноч – права павукоў, “Мільярд удараў”, “П’яўка”

Што пачытаць: сучасная беларуская літаратура 15

Жыццё Георгія Харытановіча (гэта сапраўднае імя пісьменніка) пачалося з вялікай трагедыі: яго бацька папаў пад хвалю пасляваенных рэпрэсіяў і быў адпраўлены ў лагер. Хлопцу прыйшлося рана пайсці працаваць, каб карміць сям’ю. Актыўна пісаць ён пачаў толькі пасля сарака.

Цяжкае жыццё пакінула прыкметны след на творчасці пісьменніка. Для яго раманаў характэрны апакаліптычная рэчаіснасць ды трагічнае светаадчуванне. Галоўны твор пісьменніка – “П’яўка” – гэта сымбіёз антыўтопіі і трыллера. Ён цалкам пранікнуты шэрасцю і песімізмам, героі нават не надзеяцца на светлую будучыню. Ці дадзена каханню пабароць нянавісць? Аўтар дае свой адказ на гэтае пытанне.

Альгерд Бахарэвіч

Што чытаць: раманы “Сарока на шыбеніцы”, “Дзеці Аліндаркі”, калі хопіць цярпення – “Сабакі Эўропы”

Што пачытаць: сучасная беларуская літаратура 16

Альгерд Бахарэвіч – бунтар ад свету беларускай літаратуры. У студэнцтве пісаў скандальныя вершы і граў у панк-рок гурце, а потым зразумеў, што хоча быць пісьменнікам. Атрымалася няблага – яго творы перакладзены на англійскую, нямецкую, французскую і другія мовы.

Творчасць Бахарэвіча – гэта беларускі постмадэрнізм, якой мы заслужылі. Гэта антыўтапічная “Сарока на шыбеніцы”. Гэта сатырычная казка “Дзеці Аліндаркі”. Гэта 900-старонкавыя “Сабакі Эўропы” – твор, які увядзе ў транс любога, хто не чытал нічога большага за брашурку ў гатэлі. Па ходу чытання ты задаешся пытаннем: а што ўвогуле адбываецца? Так можа гэтага і дабіваецца аўтар?

Добавить комментарий