Што для мяне шчасце? 13

Што для мяне шчасце?

Якога чалавека можна назваць шчаслівым? Калі чалавек шчыра кажа, што ён шчаслівы, то гэта значыць, што ў ягоным жыцці прысутнічае любоў, якая дае яму крылы, каб, нягледзячы на розныя цяжкасці, працягваць жыць.

Яшчэ адной даволі важнай прыкметай шчаслівага чалавека з’яўляецца радасць. Менавіта па ёй можна пазнаць, ці сапраўды чалавек шчаслівы. Перадусім гэта заўважаецца ў настроі чалавека. Задуменнасць, няўпэўненасць, не вельмі шчырая ўсмешка, кепскае пачуццё гумару, замкнёнасць – усё гэта, на маю думку, з’яўляецца прыкметаю таго, што чалавек не з’яўляецца шчаслівым.

Кожны чалавек марыць быць шчаслівым. Для некаторых шчасце быць багатым, для іншых – быць знакамітым. Я лічу, што шчасце не можа быць матэрыяльным, таму што ўсе матэрыяльныя рэчы — гэта часовая радасць, пасля якой вельмі часта прыходзіць роспач.

Маё шчасце – сям’я і блізкія людзі. Мне здаецца, што без радасці на твары родных і блізкіх шчасце немагчыма. Гэтыя людзі з’яўляюцца маёй падтрымкай, яны заўсёды могуць дапамагчы мне ў цяжкую хвіліну. Я вельмі люблю з імі праводзіць свой час, і гэта прыносіць мне радасць.

Для мяне таксама шчасцем з’яўляецца рабіць дабро іншым людзям. Я лічу, што калі чалавек чыніць дабро іншым людзям, адносіцца да іншых з павагай, то ён зможа дасягнуць шчасця. Важна быць добрым, маральна і культурна выхаваным чалавекам. Дабрыня вечная, яна робіць чалавека лепш, а зло забівае ўсё добрае ў чалавеку.

Шчасце для мяне – гэта быць сабой і радавацца жыццю! Шчасце жыць сённяшнім днём, радавацца кожнай хвіліне і з удзячнасцю ўспрымаць тое, што дае табе жыццё. Часам бывае так, што жыццё падносіць нам непрыемнасці, але яно дае нам сілы, каб іх пераадолець.

Добавить комментарий