Рэспубліканская акцыя «Тыдзень лесу»: дапаможам прыродзе разам!
“А я руку гарачую працягваю прыродзе…”
Аркадзь Куляшоў
Сёння, напэўна, адной з самых вострых праблем нашага грамадства з’яўляецца экалагогія. На жаль, у многіх людзей ёсць такая рыса: спачатку раблю, а потым думаю. І не хто іншы, як чалавек, сваімі дзеяннямі “давёў” прыроду да такога стану: забруджванне паветра, вады, глебы, вырубка лясоў, знішчэнне жывёл — усё гэта няпоўны спіс значных на сёння пытанняў.
Таксама экалагічная праблема не магла не ўскалыхнуць людзей такой тонкай душы, як пісьменнікі. Напэўна ў кожнага з іх ёсць хаця б адзін твор, прысвечаны зямлі, прыродзе, дзе аўтар заклікае ўсіх задумацца над тым, што будзе далей.
Мы забыліся, дзякуючы чаму жывём на свеце. Усё неабходнае для жыцця дае нам прырода: без заводаў, фабрык, тэлефонаў і камп’ютараў чалавек пражыве, а вось без лясоў, рэчак і азёр — ніколі. На шчасце, мы пачынаем разумець гэта цяпер, калі ўсё яшчэ можна выправіць.
Зараз праводзіцца шмат розных мерапрыемстваў, накіраваных на вырашэнне нетрывалаг экалагічнага становішча. Так у Беларусі з 2008 года ўжо традыцыйным стала правядзенне акцыі “Тыдзень лесу”. У гэтым годзе яна працягваецца з 2 па 9 красавіка і прысвечана да 30-годдзя з дня аварыі на Чарнобыльскай АЭС.
Вельмі важна зазначыць тое, што не толькі дарослыя, але і моладзь, і дзеці прымаюць актыўны ўдзел у гэтым мерапрыемстве. Галоўнай мэтай акцыі з’яўляецца прыцягненне ўвагі насельніцтва да захавання лясных рэсурсаў нашай краіны.
Падчас гэтага тыдня толькі ў Гродзенскай вобласці плануецца высадзіць каля 1,4 мільёна дрэўцаў! У Лідскім раёне будзе закладзена ліпавая алея. Таксама ад бытавога смецця плануецца ачысціць больш за 150 гектараў лясных масіваў. У школах будуць арганізаваны групы дзяцей, якія выйдуць на дапамогу дарослым. (Так, напрыклад, у маёй школе створана брыгада, якая выйдзе змагацца са смеццем у суботу — я не змагла застацца ў баку і абавязкова прыму ўдзел у чыстцы!)
Як сцвярджаюць буйнейшыя беларускія СМІ, штогод у акцыі прымае ўдзел каля 80 тысяч чалавек. Мяркуюць, што “Тыдзень лесу” стане самай масавай акцыяй нашай краіны.
А напрыканцы хочацца дадаць, што нельга жыць па прынцыпе «мая хата з краю»… Не варта глядзець на тых, хто ляжыць на канапе, глядзячы тэлевізар. Галоўнае, пачаць з сябе і працягнуць сваю “гарачую руку дапамогі” прыродзе!