Рэальная гульня – нерэальныя адчуваннi
Сумняюся, што ў свеце знойдзецца чалавек, які не чакае выхадных. Некалькі дзён, свабодных ад працы, заўсёды хочацца правесці выдатна адпачыўшы. Аднак часцей за ўсё мы праводзім наш вольны час за кампутарамі і тэлевізарамі, спрабуючы адхіліцца ад шэрасці паўсядзённых будняў ў маркотнай утопіі. Марым пра тое, што калі-небудзь з намі адбудзецца нешта з шэрагу прэч, і мы, як галоўныя героі фільмаў, будзем жыць на вастрыі іголкі, што вісіць на валаску. Ад гэтага за час выхадных мы стамляемся яшчэ больш, чым за працоўны тыдзень. Дарэмна мы забываемся пра такую з’яву, як актыўны адпачынак, які не проста дэманструе жыццё героя, а пераўвасабляе вас у яго.
Адным з такіх спосабаў адпачыць з’яўляецца страйкбол. Ваенна-тактычная камандная гульня, якая ў апошні час усё больш набірае папулярнасць. Яна перанясе вас у свет баявых дзеянняў, дасць вам шанец убачыць вайну з іншага ракурсу, займальна правесці час і падтрымаць фігуру.
Каб даведацца пра яе больш, я адправілася ў сталічны страйкбольны клуб «Калібр». А на мае пытанні пагадзіўся адказаць Валахановіч Уладзіслаў, для якога страйкбол стаў не проста забавай, але і жыццёвай прыхільнасцю.
– Добры дзень, Улад. Раскажы нам, як ты даведаўся пра страйкбол? Як пачаў гуляць?
– Раней я часта чуў пра страйкбол, але не меў дакладнага ўяўлення, што гэта такое. Мне стала цікава, і аднойчы я звярнуўся за дапамогай да інтэрнэту. Там я даведаўся, ці ёсць у Мінску страйкбольныя клубы, даведаўся аб цэнах і, вядома ж, аб правілах гульні. І вось, прыкупіўшы рыштунак і амуніцыю, адправіўся «у бой».
– Ці памятаеш ты сваю першую гульню? Якія ўражанні яна пакінула?
– Вядома, такое немагчыма забыць. Калі ты ўпершыню выходзіш на гульнявую пляцоўку, у цябе ў галаве круцяцца пытанні: «Дзе я? Што мне рабіць? У каго страляць?». Ужо потым, калі абвыкнеш, паяўляецца адрэналін, страх, пачуцці, якія ня перадаюцца славамі!
– А што сабой уяўляе гульнявая пляцоўка?
– Гульнявая пляцоўка – гэта месца, якое гульцы выбралі ў якасці палігона. Часцей за ўсё імі з’яўляюцца закінутыя будынкі, лагеры або ўзгорыстая лясная мясцовасць. Галоўнае, каб яна не выкарыстоўвалася ў іншых мэтах і амаль не наведвалася людзьмі.
– І што ж адбываецца на гэтых пляцоўках?
– Удзельнікі загадзя агаворваюць сцэнар, ставяць мэту і задачу: захоп будынкаў; знішчэнне дыверсантаў або тэрарыстаў. Задачы могуць быць самыя розныя. Яны залежаць ад колькасці гульцоў і ад іх інтарэсаў. Ёсць, напрыклад, гульні, калі гулец аказваецца адзін супраць усіх. У такія моманты абуджаюцца жывёльныя інстынкты, арганізм працуе на ўсю моц. Гэта не перадаць словамі, гэта можна толькі адчуць.
– Што, па-твойму, самае цікавае ў гульні і з якімі нязручнасцямі можна сутыкнуцца?
– Самае цікавае – гэта тое, што на пляцоўцы ты бачыш свайго суперніка ў прыцэле калiматaра, «забіваеш» яго і рухаешся далей, а праз паў гадзіны ты з ім каля вогнішча абмяркоўваеш гульнявыя моманты і смяешся з іх. Усё ж, страйкбол- гульня сяброў. А нязручнасцю можа стаць надвор’е. Можна выпацкацца, замерзнуць ці прамокнуць… Але яно таго варта.
– Напэўна, шматлікія чытачы ўжо захацелі ўзяць у рукі зброю і выйсці на поле бою. Якія патрабаванні прад’яўляюцца да гульцоў?
– Гулец павінен быць старэйшы за 18 гадоў (але некаторыя арганізатары дазваляюць гуляць пры наяўнасці пісьмовага дазволу бацькоў), мець абмундзіраванне, быць псіхічна здаровым… І сумленным.
– Няўжо сумленнасць адыгрывае такую важную ролю ў страйкболе?
– Безумоўна. Бо страйкбол – гэта гульня, у якой няма ніякіх сігналаў аб тым, што вас паранілі. Пры трапленні ў вас кулі (пластыкавы шарык, вагой ад 0,12 да 0,43гр.), вы часова выходзіце з гульні, надзеўшы чырвоную павязку.
– Але шарыкі зусім лёгкія. Бывала такое, што ты не адчуваў іх траплення?
– Вядома, бывала і такое. Для гэтых выпадкаў на поле бою працуе суддзя. Ён сочыць за выкананнем правілаў і вырашае падобныя сітуацыі.
– А які мінімум рыштунку і амуніцыі абавязкова трэба купіць навічкам?
– Перш за ўсё, гэта камуфляж, ахоўныя акуляры і зброя. Але калі вы зусім не ведаеце, што лепш купіць спачатку – не спяшайцеся. У страйкбольных клубах гэта ўсё можна ўзяць на пракат. Асвоіцеся – тады купіце сваё.
– Што ж, засталося перасiлiць сябе, забыць у нядзелю пра любiмую канапу i кампутар i – ў бой. Адважвайцеся! Свет поўны адрэналіну і новых адчуванняў чакае вас у страйкбольных клубах вашага горада. А я хачу падзякаваць Улада за цiкавыя адказы. Спадзяюся, да хуткай сустрэчы на страйкбольнай пляцоўцы!