Прыгажуня з Палесся
Прыгажуні Століна ў гэтым годзе святкавалі Дзень Незалежнасці не так,як раней: у гэты раз ім пашчасціла паўдзельнічаць у раённым конкурсе “Прыгажуня Палесся-2017”.
Да ўдзелу дапускаліся дзяўчыны ва ўзросце ад 18 да 25 гадоў. Конкурс уключыў у сябе “Візітную картку” (патрэбна было ярка і цікава прадставіць сябе), “Дэфіле народнага стылізаванага касцюма” (падрыхтаваць касцюм з падручных матэрыялаў і паказаць яго), “Лета – сонейка – мора – пляж” (прадставіць летняе адзенне), “Дэфіле ў вячэрнім убранні” (дэманстрацыя вячэрніх сукенак).
Арганізатарамі конкурсу выступілі аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Столінскага райвыканкама, раённае аб’яднанне прафсаюзаў, РК ГА “БРСМ”, раённая арганізацыя РГА “Белая Русь”.
У гэтым годзе перамога дасталася Кацярыне Леанавец. Дзяўчына нарадзілася і вырасла на Століншчыне. Скончыла гімназію і зараз з’яўляецца студэнткай Гомельскага медуніверсітэта. У вольны ад вучобы час, Кацярына займаецца вакалам. Менавіта гэтым талентам яна скарысталася, каб расказаць пра сябе ў конкурсе “Візітная картка”.
– Аб конкурсе я даведалася выпадкова. Знаёмыя сказалі, што набіраюць удзельніц для конкурса, я вырашыла паспрабаваць, дзеля жарту. Шчыра кажучы, ні на што не разлічвала, але, нягледзячы на гэта, да конкурсу старанна рыхтавалася. Прадумвала кожны выхад, візітоўка ў асаблівасці. Мне хацелася не проста распавесці пра сябе, але і прадэманстраваць свае таленты, таму я абрала песню. Як аказалася, гэта была адзіная музычная кампазіцыя на гэтым конкурсе. Менавіта яна, на маю думку, дапамагла мне выйграць. У падобным конкурсе я ўдзельнічаю ўпершыню, але ў мяне вялікі вопыт выступленняў перад публікай, таму сцэны я не баялася. Гэтая перамога прынесла мне ўпэўненасць у сваіх сілах, акрамя таго, з’явілася шмат добрых знаёмых, і я проста атрымала асалоду ад сцэны. У будучыні хачу стаць паспяховым спецыялістам, сумяшчаць вандроўкі і дапамогу ў дабрачынных арганізацыях.
Пераможцы конкурсу былі вызначаны ў намінацыях і атрымалі каштоўныя падарункі ад арганізатараў і спонсараў мерапрыемства. Акрамя таго, вызначаны “Прыз глядацкіх сімпатый” і “Прыгажуня Палесся – фота”.