Прафесія журналіста – мая будучыня!

Чым увогуле з’яўляецца прафесія журналіста? Гэта цікавая шматбаковая сфера дзейнасці чалавека, які прагне даць жыццё нейкай пэўнай ні то ідэі, ні то сэнсу. Журналістыка захоўвае ў сабе кладзеж разнастайных галін, уплывае на псіхалогію і ўздзейнічае на паводзіны грамадства. Яна кранае гісторыю і палітыку, мастацтва і спорт, эканоміку і шмат чаго яшчэ. Для нашага з Вамі жыцця неабходны ўсе прафесіі, якія сёння існуюць. А вось мэта журналістыкі – данесці да нас, простых людзей, тую важную і праўдзівую інфармацыю, паўплываць на свядомасць і характар грамадства. Недарэмна журналістыку называюць чацвёртай уладай.

У сучасным жыцці багата розных кірункаў, у якіх можа развівацца журналіст:  тэле-, фота-, радыё-, веб-журналістыка, друкаваныя СМІ, рэклама… І нават тварыць можна ў розных жанрах: артыкул, інтэрв’ю, замалёўка, хроніка і г.д.. Усім гэтым кіруе сам журналіст. Менавіта ён абірае як, што і аб чым пісаць. Ён творца, галоўны майстар.

Журналіст мусіць быць шматграннікам, энцыклапедыстам. Валодаць пэўнымі ведамі, уменнем вычэрпваць галоўную інфармацыю, раскрыць праблематыку і душу чалавека, быць псіхолагам. Фізічны і эмацыянальны стан ён павінен трымаць у абцугах. Мець добрую дыкцыю і чыстае маўленне. А галоўным інструментам асобы журналіста з’яўляецца мова. Без валодання нормамі мовы журналіст не зможа выказаць свой пункт гледжання, а чытач ці слухач – зразумець яго. Знешне журналіст мусіць быць ахайны, акуратны, прываблівы.  Бясспрэчна, толькі творчы чалавек, творчая асоба можа нырнуць у гэтую складаную старажытную прафесію.

Зразумеўшы ўсю важнасць журналістыкі, праманіторыўшы яе асаблівасці і супаставіўшы з сабой, я вырашыў стаць журналістам. Я бачу ў сабе ўсе гэтыя якасці. Для мяне журналістыка  – шанец заўсёды знаходзіцца ў руху, развівацца як чалавек, як грамадзянін, як асоба. Сёння шмат складаных і не заўсёды зразумелых грамадству падзей адбываецца ў свеце. Людзі нават не ведаюць, як рэагаваць на новую з’яву, не кажучы пра ўспрыманне і пераварванне патока інфармацыі. І менавіта журналіст праз СМІ,  рэкламу і інтэрнэт дапамагае чалавеку  зразумець, з’яўляецца своеасаблівым правадніком. У будучыні я хачу сваім словам умець данесці да чалавецтва розныя важныя пытанні і адказы на іх. Перш-наперш тое, што тычыцца менавіта нас, беларусаў: наша культура, традыцыі і гісторыя. Стварыць сваё шоу на рыдаё ці тэлебачанні пра распаўсюджванне беларускай мовы і нацыянальных каштоўнасцей, “каб не ўмёрлі”. Для мяне журналістыка – не толькі прафесія і магчымасць зарабіць грошы, гэта лад жыцця, светапогляд. Кожнаму журналісту хочацца прыносіць карысць грамадству, уздзейнічаць на яго жыццё і будучыню.

Не прымаючы да ўвагі тое, што ўвесь школьны шлях я займаўся тэхнічнымі навукамі: матэматыкай і геаграфіяй, я вырашыў паступаць на факультэт журналістыкі ў БДУ. Для мяне журналістыка — гэта сумесь гуманіратнага накірунку і тэхнічнага. Лічу, што тут мне дапамогуць атрымаць добрую адукацыю, веды  і стаць сапраўдным журналістам. 

Добавить комментарий