МОЙ ЗАПАВЕД НАШЧАДКАМ
Як ноч змяняе дзень, вясна-зіму, так і маладое пакаленне становіцца працягам старэйшага…
Я не раз чула выраз: «Будучыня ў руках моладзі». І гэта сапраўды так, бо маладое пакаленне крочыць у ногу з часам. Моладзь поўна сіл, энергіі і амбіцый. Варта толькі накіраваць яе ініцыятыўнасць і ідэйнасць ў правільнае рэчышча, каб наступныя пакаленні таксама змаглі пераняць вопыт і веды продкаў для новых здзяйсненняў і неверагодных адкрыццяў. Таму мне вельмі хочацца даць некалькі настаўленняў нашчадкам.
У першую чаргу хачу параіць будучым пакаленням не спяшацца сталець. Як гаварыцца, на ўсё свой час. Трэба атрымліваць асалоду ад бесклапотнасці, адкрываць для сябе нешта новае і цікавае.
Не варта баяцца рабіць памылкі, бо менавіта дзякуючы ім мы набываем найкаштоўнейшы вопыт і веды. Неабходна памятаць, што страх перад любым новым пачынаннем – гэта нармальна. Кожны адчувае яго пры сутыкненні з чымсьці нязведаным.
Трэба быць удзячным за ўсё, што з табой адбываецца. Выдатна жа ўсведамляць, што ў кожнага чалавека свой шлях, свой лёс і, вядома ж, сваё прызначэнне ў гэтым свеце. Розныя сітуацыі, людзі і нават праблемы з’яўляюцца ў нашым жыцці не выпадкова. Усё нясе ў сябе пэўную каштоўнасць. І таму за кожную дробязь, часам нават непрыемную, трэба навучыцца дзякаваць.
Ніколі нельга забываць пра сваю сям’ю. Блізкія – гэта самыя родныя людзі для кожнага чалавека. Толькі родныя заўседы зразумеюць, дапамогуць, суцешаць, прымуць нас такімі, якімі мы ёсць, нягледзячы на любыя абставіны ў жыцці. Толькі ім можна даверыць ўсе самыя патаемныя мары, прыадчыніць заслоны нашай душы, не баючыся асуджэнняў.
І вядома, хачу пажадаць нашчадкам радавацца кожнаму моманту ў сваім жыцці, якое дарыць нам неверагодныя магчымасці. Любы з нас здольны на многае, трэба толькі паверыць у сябе і свае сілы і не баяцца дзейнічаць.