Мецэнацтва над Сожам: гісторыя жыцця Ірыны Паскевіч
Гуляючы па цэнтру Гомеля, прыезжы чалавек можа заўважыць стройную прыгожую жанчыну, увасобленую ў граніце. Яна стаіць на прыступцы, злёгку абапёршыся на парэнчы. Каля помніка знаходзіцца таблічка з надпісам: “Ірыне Іванаўне Паскевіч. Удзячныя гамяльчане.”
Гісторыя Ірыны Паскевіч – гэта не толькі пра мецэнацкія парывы знатных асобаў. Гэта гісторыя бязмежнай дабрыні, шчырасці і вялікай любві да людзей. Любві, якая, як вядома, можа змяніць свет.
Зорка нарадзілася!

Усё пачалось у Санкт-Пецярбурзе ў 1835 годзе. У графскай сям’і Варанцовых-Дашковых нарадзілася дачка, якую назвалі Ірынай. Яе бацькі былі набліжанымі да імператарскага двару, мелі прыстойны даход, таму дзяўчына атрымала бліскучае выхаванне. Ужо ў дзяцінстве яна добра малявала і вышывала, цікавілася літаратурай і хутка вывучыла некалькі замежных моваў.
Ва ўзросце 17 гадоў яна пазнаёмілася з Фёдарам Паскевічам, сынам аднаго з самых паспяховых рускіх палкаводцаў таго часу Івана Паскевіча. Маладыя людзі хутка ажаніліся, і пасля смерці бацькі Фёдара пераехалі ў Гомель.
Дзейнасць у Гомелі

Да прыезду Паскевичаў Гомель быў звычайным правінцыяльным горадам. Ад мноства другіх яго адрозніваў мабыць толькі вялізны палац, пабудаваны яшчэ пры Румянцавых у стыле ранняга класіцызму. Ды цудоўны парк, разбіты ўжо Іванам Паскевічам. Але перамены былі ўжо блізка.
Пакуль Фёдар Паскевіч развіваў гомельскую прамысловасць (пры ім былі адчынены некалькі заводаў і прадпрыемстваў, пачала развівацца гарадская інфраструктура), Ірына пачала займацца мецэнацкай дзейнасцю. Яна абавязвалася пакрываць выдаткі на навучанне дзецям з бедных сем’яў, а потым стварыла спецыяльную навучальную праграму. Яна асабіста адбірала найбольш здольных дзяцей і аплочвала ім навучанне ў вышэйшых навучальных установах імперыі. Акрамя гэтага княгіня садзейнічала адкрыццю гомельскай багадзельні, праобразу сучаснага дому састарэлых.
Неверагодная гісторыя Авраама Брука

Аднойчы, падчас прагулкі па горадзе, княгіня заўважыла пры дарозе маленькага хлопчыка-сірату, які прадаваў булачкі. Ірына злітавалася над ім, і ўзяла хлопчыка пад асабістую апеку. Маленькі Авраам апынуўся вельмі таленавітым і здольным да навукі. Праз некаторы час княгіня адправіла яго ў Швейцарыю дзеля атрымання дыплома вочнага лекара. Па вяртанні ў Гомель ён пачаў працаваць у лячэбніцы, таксама пабудаванай на сродкі Ірыны Паскевіч. Сірата трансфармаваўся ў вядомага на ўсю краіну лекара.
Апошнія гады

Пасля смерці мужа Ірына цалкам пагрузілася ў дабачыннасць. Дзякуючы яе фінансавай падтрымцы у Гомелі адчынілася некалькі прыютаў і “начлежак”, народных вучылішчаў, з’явіўся вадаправод… У часы працоўных забастовак на фамільнай папяровай фабрыцы Паскевічаў быў уведзены 8-гадзінны рабочы дзень. Гэта быў першы падобны выпадак ва ўсёй імперыі. Зразумела, рашэнне прымалася па асабістым загадзе княгіні.
Кастрычніцкую рэвалюцыю васьмідзесяцігадовая княгіня сустрэла ў гомельскім палацы, у асяроддзі адданых ёй слуг. Калі бальшавікі захапілі ўладу ў горадзе, Ірына, з уласцівым для высакародных асоб гонарам, адпісала ім усю маёмасць, не пакінуўшы сабе нічога.
Апошнія гады жыцця Ірына Паскевіч правяла, пакінутая ўсімі, ў кватэры сваёй былой гувернанткі. Яе не стала 14 красавіка 1924 года. Месца пахавання невядома і дагэтуль.
“Наша Ірына”

Дабрачынная дзейнасць Ірыны Паскевіч мела доўгаіграючыя наступствы. Заснаваная ёй Гомельская мужчынская класічная гімназія выпусціла шмат таленавітых хлопцаў, сярод якіх былі знакаміты псіхолаг Леў Выготскі ды авіяканструктар Павел Сухой. А адкрытыя ёй наодныя вучылішчы далі квіток у жыццё некалькім пакаленням навучэнцаў. Удзячныя гараджане называлі княгіню не інакш як “наша Ірына”.
Акрамя мецэнацтва, яна сабрала вялікую калекцыю фарфора, жывапісу і прадметаў інтэр’еру, частку з якой можна пабачыць у залах гомельскага палацу.
Перыяд знаходжання беларускіх зямель у складзе Расійскай імперыі ўспрымаецца гісторыкамі неадназначна. Але асоба Іріны Паскевіч пацвярджае: добрыя і сумленныя людзі былі заўсёды. Незалежна ад часу і жыццевых абставінаў.