Маё сонейка
Няўрымслівая дзяўчынка з блакітным позіркам вачэй басанож бегла па вузенькай сцяжынцы каля ржанога поля і час ад часу зрывала блакітныя валошкі. Яна не заўважала колкіх былінак, што рэзалі ножкі, не адчувала болю. Галінка, так звалі рыжавалосую пяцігадовую гарэзу, увогуле вось ужо амаль чатыры з паловай гады не можа адчуць холад зімовага снегу, вострыя іголкі ёжыка і гарачыню стакана са звычайнай гарбатай. Але ўсё гэта непараўнальна з адкрытасцю і гарачынёй сэрца, якое перапоўнена любоўю да таты, яе адзінага ў свеце самага дарагога чалавека. Ён – яе выратавальнік, ён – яе анёл-ахоўнік, ён – самы, самы, самы… Да яго зараз спяшаецца Галіначка з букетам валошак на пажарны аварыйна-выратавальны пост, дзе працуе тата.
– А вось ты дзе, мая родненькая, – сказаў тата Васіль, які праходзіць службу на пасадзе начальніка паста ў вёсцы Пагарэлае.
– Адкуль пазнаў, што я тут? А яшчэ дарослы. Мог бы і не заўважыць, я так хавалася.
– Ты хавалася, а валошкі твае – не, – са смехам адказаў дачушцы тата і тут жа, каб яна больш не пакрыўдзілася, падняў высока над сабою дачушку і пранёс яе ў паветры, нібы самалёт праляцеў.
Дзяўчынка любіла так жартаваць, і ўвогуле ў яе не па-дзіцячы дарослых вачах заўсёды чытаўся выраз падзякі і любві да таты. Яна ганарылася ім, як нікім іншым, а ён даражыў ёю.
Для Васіля Мікалаевіча заўсёды праца была на першым месцы, таму так сталася, што ён у сярэдзіне дзевяностых мінулага стагоддзя ў трыццаціпяцігадовым узросце яшчэ не меў сям’і. “Навошта?” – жартуючы адказваў ён на пытанне суседзяў. Тыя ж не дапытваліся, таму што ведалі яго характар: сціплы, негаваркі, але вельмі працавіты. Паявіўся ён у Пагарэлым раптоўна. Яму, як выратавальніку, гаспадарка дала службовую кватэру, калі патрэбна было, то ўсім дапамагаў чым-небудзь. Але ўсе адчувалі, што ў чалавека здарылася нешта ў жыцці. Гэта былі меркаванні. І толькі выпадак дазволіў раскрыць “сакрэт”, што турбаваў мясцовых бабулек. Так сталася, што спякотнай раніцай летняга дня вяскоўцаў разбудзіў не голас рыкаючых кароў, якія спяшаліся на пашу, а званы царквушкі.
– Пажар! Пажар! – крычалі людзі і беглі на ўскрай сяла.
Адтуль ужо было чуваць трэск бярвенняў, ляскат падаючай таполі, якіх перабіваў роў сірэны пажарнага разліку. Па ўсім было відаць, што там “творыцца” нешта жудаснае. У старэнькай хаце жыла маладая сям’я. Ён – механізатар, яна – даярка, якая знаходзілася ў водпуску па догляду шасцімесячнай дачушкі. Хатка ім засталася ад бабулі і мела не зусім добры стан, калі не сказаць большае. Старшыня сельсавета раіў ім перасяліцца ў службовае жыллё, таму што электраправодка неаднаразова нагадвала пра сябе. Ды толькі маладыя не разумелі сур’ёзнасць становішча, давалі адказ, аргументуючы, што ім і тут добра. Але трагедыя не заставіла сябе доўга чакаць. Ад адной іскрынкі пачаў разгарацца дах хаты, калі трое мірна спалі ў ложках. Маці гадзіну назад дала папіць дачушцы, якая неспакойна, разамлеўшы ад гарачыні, паводзіла сябе ў ложку, а сама яшчэ мацней заснула. Бацька, стаміўшыся ў полі, не рэагаваў нават на хныканне Галінкі. Таму і не чулі, як едкія клубы дыму ўжо паўзлі па падлозе, ахопліваючы смертаноснымі языкамі ўсю прастору. На хвілінку Галінка адкрыла маленькія вочкі, ёй падалося, што яна лятае, але гэты палёт абарваўся. Што яшчэ бачыла дзіцячае разуменне ў прагорклым сне-забыцці, невядома. Толькі на двары ва ўсю ўжо разгаралася полымя, якое спрабавалі патушыць выратавальнікі. Хтосьці з натоўпа, нібы ўспомніўшы, выкрыкнуў: “Дзіця, дзіця трэба ратаваць!”. Гэты адзіночны выкрык, як стрэл стаў штуршком, выбухам для Васіля Мікалаевіча. Ён, кінуўшы “дарэмную” справу па тушэнню бярвенняў, кінуўся ў самае пекла. Хвіліна, другая, трэцяя… Пакасілася крыша, цішыня, усе замерлі ў чаканні і непаразуменні: навошта, навошта ён так зрабіў? “Не выжыве, дурань, працуе не па інструкцыі”, – чулася з усіх бакоў. Ніхто не лічыў колькі мінула імгненняў, але праз шэрань дыму паказаўся выратавальнік з дзяўчынкай на руках. Ён няўпэўненным крокам накіраваўся да машыны “хуткай дапамогі” і перадаў дзяўчынку фельдшару, зрабіў некалькі крокаў назад і … паваліўся.
…Прайшоў тыдзень. Абвёўшы позіркам белы пакой, Васіль Мікалаевіч папрасіў падысці сястрычку.
– Колькі часу я знаходжуся ў вас?
– Тыдзень. Не хвалюйцеся. Абышлося. Вам пашанцавала.
– А як яна, маленькая?
– Усе добра, будзе жыць, а вось бацькі…
Успаміны гарачай хваляй нахлынулі на хворага. “Вам пашанцавала, вам пашанцавала, — метраномам аддавалася ў яго вушах, — ізноў пашанцавала”. Думкі мроіліся адна за другой. … У далёкім 1986 яму таксама пашанцавала. Яго пасля аварыі направілі ў самае пекла, але выжыў. Было, як на вайне, а ён выжыў. А вось яго дачушка Надзейка і жонка Ірына – не. Яны таксама жылі ў так званай зоне адсялення, чакалі яго. Спачатку не пагадзіліся ехаць з усімі, чакалі тату. Марадзёры пачалі дзейнічаць імгненна: вывозілі пакінутае і нажытае дабро сялян, а пасля, “замяталі сляды” – палілі пакінутыя рэшткі. Вось так, не разабраўшыся, нейкія вылюдкі, ноччу завіталі да яго сям’і. Свет не запальвалі. Ірына, баялася зварухнуцца. Тыя ўзялі, што патрэбна, падперлі хату і падпалілі…
– Гэта мая Надзейка да мяне праз Галінку вярнулася. Я яе праз час выратаваў. Так патрэбна. Я павінны…
Пасля выздараўлення Васіль Мікалаевіч трапіў на прыём да старшыні сельсавета, расказаў яму аб сваім рашэнні стаць бацькам Галінцы, у якой больш нікога не засталося. Той адказаў, што яна зараз знаходзіцца на рэабілітацыі ў апёкавым цэнтры, што, магчыма, застанецца на ўсё жыццё інвалідам, бо апаліла ручкі, ножкі, твар і невядома як будзе развівацца пасля перажытага стрэсу яе мысленне. Але Васіль Мікалаевіч не слухаў яго.
Праз гадзіну ён імчаўся на сваіх “Жыгулях” да дачушкі. У бальніцы ён адразу знайшоў патрэбнае аддзяленне, пакой. Каля краваткі стаяла медсястрычка, а дзяўчынка, здавалася, глядзела ўдалечыню.
– Маленькая, мая маленькая, мая сонечная дзяўчынка, любая.
Тая, быццам усё зразумела, павярнула галоўку і ўсміхнулася.
Год барацьбы з трагедыяй, аперацыі па ўзнаўленню скуры не прайшлі бясследна. Далоні, ножкі засталіся неадчувальнымі да розных раздражняльнікаў. На твары замест апёкаў з’явілася рабаценне, але яно толькі дадало прыгажосці Галінцы.
Цяпер вечарам, калі тата прыходзіць дамоў, яна хітранька падстаўляе свой тварык да яго вуснаў, а ён ласкава цалуе кожную вяснушку. Галінка ў дзіцячым садку даведалася ад дарослых, што яе тата – герой. Яго паважаюць. Калісьці на Дзень нараджэння яна сказала:
– Ведаеш, калі вырасту што табе падарую?
– Не.
– Я стану дзяўчынай-выратавальніцай, як ты, таму што гэта вельмі пачэсна прыносіць людзям радасць і ратаваць іх ад бяды.
Зараз Васіль Мікалаевіч, калі цяжка на душы, то ўспамінае гэтае дзіцячае выслоўе і зноў па звычцы вымаўляе ўслых:
– Ты маё сонейка, – і сумна дадае, – народжанае ў пажары.