Мая мова 10

Мая мова

«Сцвярджаюць гісторыкі і мовазнаўцы,
Што паступова сціраюцца грані нацый
І, нібыта як перажытак,
аджыць павінна абавязкова
Мова маці маёй – беларуская мова…»

Рыгор Барадулiн

Аднойчы ўрок беларускай літаратуры ў маёй школе пачаўся незвычайна. Настаўнік не пытаў дамашняе заданне, а адразу абвясціў: «2 сакавіка не стала на гэтай зямлі вялікага паэта Рыгора Барадулiна. І сёння я жадаю пагаварыць з вамі пра яго творчасць».

Барадулін быў культурным дзеячам і асветнікам, якога ведалі і паважалі не толькі ў Беларусі, але і ў іншых краінах.

Калі на навіну пра смерць вялікага паэта, мае аднакласнікі пракаментавалі: «А ён яшчэ быў жывы?!» і дружна разрагаталіся, майму здзіўленню і абурэнню не было мяжы. У такім разе навошта вывучаць замежную літаратуру, калі вялікая частка сучаснай моладзі перастала цікавіцца класікай. Ці ёсць сэнс чытаць Чарльза Дзiккенса, пры гэтым не ведаючы хто такі Ніл Гілевіч. Мне здаецца, кожны грамадзянін, павінен паважаць і ведаць культуру і традыцыі сваёй краіны. У літаратуры закладзена жыццё той ці іншай дзяржавы. А ведаць гісторыю таго месца, дзе ты жывеш, на мой погляд — вельмі важна.

Шматлікія маладыя людзі не жадаюць самаразвівацца. Інтэрнэт яны выкарыстоўваюць не як сусветную бібліятэку і крыніцу карыснай інфармацыі, а як забаўку ў анлайн-гульнях і зносінах ў сацыяльных сетках.

Я апытала падлеткаў ва ўзросце 15-18 гадоў. На пытанне «Ці чытаеце вы беларускую літаратуру апроч школьнай праграмы?» 97% з 100% адказалі адмоўна. Зыходзячы з гэтага, распавесці пра свайго каханага беларускага пісьменніка, змаглі толькі адзінкі.

Чаму ж моладзь перастала цікавіцца літаратурай сваёй краіны?! Магчыма, гэта модныя тэндэнцыі, якія заклікаюць чытаць тое, што модна. Ці творы, напісаныя больш зразумелай манерай для падлеткаў, з выкарыстаннем слэнгаў. А можа быць гэта проста не веды сваёй роднай мовы?!

Зацікавіўшыся гэтай тэмай, мне захацелася правесці невялікі эксперымент. На працягу ўсяго дня я размаўляла і перапісвалася ў сацыяльных сетках вылучна на беларускай мове.

Будзённая раніца, кватэра напоўнена пахам кавы і свежапрыгатаванага сняданку. Накіроўваючыся ў ванны пакой, мяне перахапляе мама і замест звыклага «Доброе утро!» чуе «Добрай раніцы, матуля!». Прыклаўшы далонь да майго лба яна здзіўлена пытае ці ўсё ў парадку, на што я адказваю «Вядома, усё выдатна!». У маёй сям’і не размаўляюць на нашай роднай мове. Таму ім было нязвыкла чуць у сваёй хаце «незапатрабаваную» гаворку.

У школе большасць аднакласнікаў і знаёмых палічылі мае паводзіны гэтакім прыколам. Некаторыя спрабавалі размаўляць са мной таксама на беларускім, але, на жаль, у іх не зусім добра атрымлівалася. У вачах настаўнікаў выяўлялася ўтоеная іронія, а на тварах аднагодкаў — абсалютнае недаразуменне. Урэшце адна з маіх аднакласніц напроста спытала: «А табе не сорамна казаць на беларускім?». Як адказаць на гэтае пытанне, я не ведала. Дакладней, проста не разумела яго лагічнасці. Хіба можна сароміцца сваёй роднай культуры, мовы, традыцый?!

Мне здаецца, што ўся справа ў стэрэатыпах, якія атачаюць нашу краіну. «Беларус? Ага, значыць калгаснік і кахаеш бульбачку лопаць!». Што за дурное таўро?! І як бы сумна гэта не гучала, наша новае пакаленне так абвыкла да гэтых цэтлікаў, што ўспрымае іх як належнае. Пасля чаго саромеюцца выяўляць каханне да Радзімы, каб не выглядаць непаўнавартасна на фоне іншых краін.

Але менавіта ў такіх выпадках і выяўляецца любоў да айчыны. Так выяўляецца патрыятызм. Калі ты ганарышся сваёй краінай, яе культурнымі каштоўнасцямі, людзьмі.

Так давайце ж жыць сэрцам і чытаць тое, што дапаможа нам пазнаць што-небудзь новае пра зямлю, на якой мы жывём!

Добавить комментарий