Мая любімая пара года 11

Мая любімая пара года

З маленства чалавека акружае прырода, захапляе сваёй разнастайнасцю, зачароўвае хараством. І ў кожную пару года гэтыя малюнкі такія асабістыя, такія чуйныя сэрцу. У мяне незабыўныя пачуцці выклікае восень, і я заўсёды спяшаюся ацаніць яе красу ў асеннім парку, асабліва ў цёплы, сонечны дзень. Розныя і непаўторныя лісты шамацяць, скрабуцца, лапочуць. Лісты ляцяць, скачуць, плывуць, кружацца, гайдаюцца на павуцінках. Лісце ўсюды: уверсе, унізе, наўкол.

Мая любімая пара года 12

Калі ідзеш па парку, то чуеш, як шалясцяць пад нагамі шумлівыя залатыя россыпы. Гэта чырвона-жоўтае асенняе асарці зноў легла на дарогу. Я збіраю лісточкі, любуюся імі, падкідваю над галавою. У парку іх безліч, і таму на іх нельга не наступіць…

— Даруйце, прыгожыя лісточкі…

Адразу на памяць прыходзяць радкі з твора Уладзіміра Караткевіча «Лісце»:

Як песня, з галін злятае
Лісце, лісце,
Залацістае лісце,
Сто лісцяў,
Дзесяць лісцяў,
Ліст.

Мая любімая пара года 13

А вось мой любімы клён. Яму ўжо шмат гадоў. Побач з ім дрэў няма, таму ён вырас вялікі, магутны, раскідзісты, з прыгожай круглай кронай. Вялікі кляновы ліст, павольна круцячыся ў паветры, апускаецца прама ў далоні, пераліваючыся на сонцы чароўнымі фарбамі. Загадаць бы жаданне…

— Дрэва-клён, падаруй мне яшчэ адзін лісточак.

І дрэва дорыць… Лістапад.

Мая любімая пара года 14

Зноў на памяць праходзяць паэтычныя словы Анатоля Грачанікава з верша «Верасень»:

Глянь на зямлю залатую,
Пяшчотную, сумную, чыстую,
Нехта па ёй вандруе,
У паветры ўзнімаючы лісце.

Мая любімая пара года 15

Змярцвелае барвова-жоўтае сэрца ўжо не ажывіць. Колькі бачыў ты, лісточак, за сваё кароткае гаротнае жыццё? Ёсць у гэтым, відаць, нешта патаемнае, запаветнае. Які ж ён ганарлівы і смелы, як жа гарыць надвечаровым полымем!

Я з захапленнем гляджу на святло праз кляновы ліст, у якім зладжана змешаны яркія, залаціста-медныя колеры.

Мая любімая пара года 16

Вось у небе паказаліся жураўлі, яны сцішана пакружылі над зямлёй, быццам развітваліся, і неўзабаве паляцелі далёка, далёка… Я доўга стаяў яшчэ ў задуменні, адчуваючы душой усю гармонію прыроды. І тут маю ўвагу прыцягнуў невялічкі вадаём, які крыху сагравалі немітуслівыя сонечныя промні. А на вадзе, быццам караблікі, плавала яркае рознакаляровае лісце, пералівалася ад лагодна-мяккага свету.

Мая любімая пара года 17

Я доўга яшчэ назіраў за прыродай і радаваўся, што атрымаў самыя лепшыя ўражанні, якія запомняцца надоўга. Для сябе я даўно вырашыў, што восень – самая дзіўная і шчодрая пара года. Я заўсёды з нецярпеннем чакаю асенні сезон, каб зноў атрымаць асалоду ад такога хараства.

Добавить комментарий