Класіка ад “пруса”
Прыемным падарункам да Дня абаронцаў Айчыны для жыхароў мястэчка Аляхновіч стаў канцэрт гітарнай музыкі ў выкананні Міхаіла Глубачэнка.
Ладзілася свята ў актавай зале мясцовай музычнай школы. І настаўнікі, і вучні, і ўсе тыя, хто цікавіцца музыкай, прыйшлі адпачыць і атрымаць эстэтычнае задавальненне. Міхаіл граў як уласныя творы, так і знакамітыя хіты Віктара Цоя, гуртаў “Металікі” і “Лінкін Парк”…
Мілавалі слых і мелодыі вялікага кампазітара Іагана Себасцяна Баха.
– Увогуле, Бах – мой улюбёны класічны выканаўца, – расказвае Міхаіл. – А з сучасных гуртоў мне падабаецца “LimpBizkit”: я ж люблю альтэрнатыўны рок.
Міхаіл грае на гітары ажно васямнаццаць год, і за гэты час інструмент стаў для яго найлепшым сябрам.
– Калі выконваю чужыя творы, думаю толькі аб тым, як не зблытацца,а падчас выканання сваёй музыкі мяне хвалюе, як успрымуць яе людзі, ці спадабаецца ім тое, што я напісаў.
Дарэчы, цікавая гісторыя звязана і са стварэннем новай песні.
– Я спазніўся на цягнік, вярнуўся на працу і напісаў твор. Назвы ў яго пакуль што няма, але ён падабаецца мне больш за ўсе мае ўласныя кампазіцыі.
Адна з песен, якую Міхаіл выканаў на канцэрце, называецца “Прусія”. Мне стала цікава, чаму аўтар выбраў такую незвычайную назву, і я запыталася аб гэтым.
– Мне здаецца , што я напалову прус, бо надта ж падобныя да гэтай нацыі мае продкі, – адказаў Міхаіл.
Пасля канцэрту многія людзі падыходзілі да выканаўца і дзякавалі за сапраўднае свята. Спадзяюся, што такія канцэрты будуць ладзіцца яшчэ не раз.