Кім ты павінен быць?

Свет.Чалавек. Жыццё. Колькі ўсяго таемнага, неверагоднага, бясконцага кроецца за гэтымі паняццямі. Ніхто з нас не здольны ўявіць сабе маштабы і магчымасці гэтых адвечных з’яў нашай, здавалася б, штодзённай рэальнасці. І вось, калі чалавек адрываецца ад яе, ён адчыняе вочы і бачыць перад сабой штосьці больш высокае. Ён бачыць бясконцыя сцяжынкі. Кожная з іх розная. Кожная з іх прывядзе да пэўнага фінала. Перад чалавекам стае цяжкі выбар — выбар свайго жыццёвага шляху.

Дык кім жа павінен быць чалавек? Якім ён павінен быць? Па якой сцяжынцы яму пайсці, каб не памыліцца?

Людзі кажуць, што праўда ў кожнага свая, і я з гэтым згодна. Але я веру ў ісціну. У тое, што яна толькі адна. Шмат людзей прысвяцілі сваё жыццё яе пошуку. І я, напэўна, таксама не пашкадавала б пакласці сваё жыццё дзеля такой вялікай, на мой погляд, справы.

Такія пытанні, як кім быць і якім быць, я і называю ісцінай. У чым жа я бачу яе ў свае сямнаццаць гадоў?

Для мяне чалавечая ісціна, адказ на пытанне, кім і якім быць — гэта шлях, на якім чалавек з кожным крокам усё больш адчувае сваю ўнутраную прыгажосць. Гэта шлях, на якім ён становіцца больш светлым і чыстым. На якім ён паступова скідвае з сябе цяжкі груз хлуслівасці, зайздрасці, ганарлівасці, ляноты.

Гэты шлях вельмі складаны. Складана ісці па гэтай сцежцы і не сыходзіць з яё, сутыкаючыся з рознымі жыццёвымі падзеямі, нядобрымі людзьмі, хлуснёй, здрадай, несправядлівасцю. Складана не сысці з яе, калі бачыш, як па суседняй сцяжынцы павольна крочыць, пасмяхаючыся, хтосьці іншы. Той, хто жыве толькі ілюзіяй шчасця і ніколі не пазнае, што ёсць шчасце ісціннае. Тое шчасце, калі з кожным крокам, якім бы цяжкім ён не выдаўся, ад цябе кавалкамі чорнай кары адлятаюць ва ўсе бакі адмерлыя часткі тваёй душы, а на іх месцы з’яўляюцца пробліскі святла.

Той, хто гэта вытрымаў, становіцца агнём. Агнём для іншых людзей. Тым агеньчыкам, што сярод цемры дазволіць разглядзець пэўны шлях мне і табе, каб мы разам працягнулі гэтую вялікую справу.
Кім жа трэба быць? Мой адказ — агнём. Якім? Асвятляльным, сагравальным, натхняльным… Навошта ж выбіраць такі складаны шлях? Таму што толькі ідучы па ім, чалавек становіцца Чалавекам…

Добавить комментарий