Дзень роднай мовы: чаму мы павінны памятаць беларускую мову? 13

Дзень роднай мовы: чаму мы павінны памятаць беларускую мову?

Штогод 21 лютага ва ўсіх краінах свету адзначаецца Дзень роднай мовы.
Па выніках перапісу насельніцтва на сайце БЕЛТА, у 2019 годзе роднай беларускую мову лічаць 60% насельніцтва. Для некаторых гэта можа падацца добрым знакам, але ва Украіне статыстыка больш прываблівая – 85%, а ў Расіі больш за 90%.
Вялікая праблема, з-за якой мова памірае, гэтае ігнараванне яе існавання ў інтэрнэце. Ці звярталі вы калі-небудзь увагу, калі выбіралі агучку да фільма, субтытры ці пераклад гульняў, што сярод пераліку моў няма беларускай? Вы можаце паглядзець дубляж анімэ, фільмаў, серыялаў, але не аўтаматычна, а на асобных нешматлікіх сайтах.
З кнігамі справы ідуць крыху лепш. У любой кніжнай краме можна ўбачыць шмат вядомай заходняй і рускай літаратуры на беларускай мове. Напрыклад, серыю кніг пра Гары Потэра ці творы Ніла Геймана. Перакладчыкам складаней атрымаць аўтарскія правы, і, часцей за ўсё, грошы збіраюцца з дапамогай краўдфандынгу.
Беларусы самі вершаць лёс сваёй мовы. Некаторыя ўсё яшчэ лічаць, што творы нашых суайчыннікаў – толькі пра войны і сельскае жыццё. Камусьці гэта сапраўды нецікава. Але ёсць шмат захапляючых твораў як сярод беларускай класікі, так і ў сучаснай мове. Кожны можа знайсці нешта сваё. Беларускія пісьменнікі за невялікі прамежак часу змаглі практычна дагнаць адвечную гісторыю рускай літаратуры. І хіба гэта не ўражвае?
Каб разабраць пытанне больш падрабязна, я звярнулася да настаўніка беларускай мовы і літаратуры сярэдняй школы №120 г. Мінска Сячко Алены Мікалаеўны. У мінулым студэнтка філфака ў БДУ, ужо 22 гады выкладае гэты прадмет. Раней яна хацела быць юрыстам, але, дзякуючы свайму настаўніку беларускай мовы, змяніла шлях.


Ці карыстаецеся Вы роднай мовай у паўсядзённым жыцці?
–  Так. У сям’і мы гаворым на ёй, у перапісках з калегамі я яе гэтак жа выкарыстоўваю. Але калі чалавек гаворыць са мною толькі па-руску, то я пераходжу на рускую мову.


–  Вы аддаяце перавагу класічнай ці сучаснай літаратуры? Хто ваш любімы аўтар?
–  Мне бліжэй класічная літаратура. Адным з маіх улюбёных аўтараў з’яўляецца Васіль Быкаў. Ён паказваў у сваіх творах сапраўднае аблічча вайны, пісаў дастаткова цікава і трагічна. Можна адразу ўзгадаць «Жураўліны крык», які прызнаны не толькі ў нас, але і ў іншых краінах і перакладзены на некалькі моў, у тым ліку і на рускую.


На Ваш погляд, як сучаснаму школьніку даецца беларуская мова? Што Вы робіце, каб падштурхнуць падлеткаў да яе вывучэння?
– Калі вучань хоча сам атрымаць веды, то яму нічога не перашкодзіць. На шчасце, многія імкнуцца яе вывучыць і размаўляць, асабліва зараз. Звычайна я задаю творчыя работы: малюнкі, рэфераты, прэзентацыі, закладкі, буклеты і шматлікае іншае. Гэтак жа далучаю дзяцей да навукова-практычных канферэнцый. Даследуем цікавыя звесткі. Напрыклад, старыя кнігі пісьменнікаў, яшчэ на старабеларускай мове. Не абыходзіцца і без новых фактаў з біяграфіі аўтараў, якія ў падручніку не ўказваюцца, але многія, дзякуючы гэтаму, больш пачынаюць цікавіцца імі і іх творамі. Звычайна мне задаюць пытанне: для чаго беларуская мова, калі ўсюды выкарыстоўваецца руская? Тады я адказваю, што трэба ведаць родную мову, каб паважаць сваю краіну, свой народ і, у першую чаргу, сябе. Мы ж беларусы, а не рускія ці ўкраінцы. Яны свае мовы шануюць, а мы нічым не горшыя.

Колькі Вашых вучняў здаюць ЦТ па беларускай мове?
– На жаль, мала. У паўсядзённым жыцці многія гавораць па-руску, чытаюць больш рускай літаратуры. Таму ЦТ па рускай мове ім здаць лягчэй.

Якой Вы бачыце будучыню беларускай мовы?
– Думаю, што яна будзе яшчэ доўга жыць, бо моладзь усё часцей пачынае цікавіцца ёй.


– Да якой цытаты любіце звяртацца?
– «Не пакідайце ж мовы нашай беларускай, каб ня ўмёрлі», – казаў Францішак Багушэвіч. І я з ёй цалкам згодна.

Добавить комментарий