Дождж
Ужо каторы дзень за вокнамі ідзе дождж. Ён стварае адметны глухі шум, ахутвае свет шэрай коўдрай, прыносіць холад і свежасць. А яшчэ робіць людзей соннымі…
Не ведаю, але для мяне лепшае надвор’е. Дождж супакойвае мяне. Гэта той час, калі можна забыцца пра мітусню вуліц, расслабіцца, седзячы ў цёплай коўдры з кубачкам гарбаты, паглыбіцца ў свае думкі, паразважаць над надзённымі праблемамі. Час адзіноты, але прыемнай. Сапраўды ўтульна…
А што ж за вокнамі? Зямля з палёгкай уздыхае, людзей мала, змрочныя фарбы. Даволі пацешную карціну ствараюць рознакаляровыя парасоны, яны разбаўляюць шэрае наваколле сваёй яскравасцю. Атмасфера хуткага руху, актыўнасці, яна ўсё ж такі пужае. Вільготнасць таксама палохае людзей, а мяне ўзбадзёрвае, нават дадае новыя сілы, будзіць. Будзіць ад сну спякотнага лета, ад гэтага адчування нуднай млявасці, брыдкай ляноты.
А маланка, гром, моцны вецер? Яны вызываюць прыемнае хваляванне ў душы, ствараюць хаос у думках, зачароўваюць сваёй прыроднай прыгажосцю. Час натхнення і плёну. Творчая энергія перапаўняе, хочацца працаваць. Цудоўныя стыхіі, яны абуджаюць незвычайныя пачуцці, якіх не ведаеш у другі час.
Дождж — гэта заўсёды абнаўленне, і ў прыродзе, і ў душы. Пройдзе ён — знікнуць пачуцці, але застанецца асалода ад перажытага. Усё вернецца на свае звычайныя месцы, вернецца і паўсядзённасць. А я буду сумаваць, адпачываць і чакаць наступнай сустрэчы з гэтай з’явай прыроды, каб зноў патануць у хвалі эмацыянальнай творчасці.