Дала мне маці гэту мову 13

Дала мне маці гэту мову

Кожны народ
мае хаця б адзін геніяльны твор,
і гэты твор – мова.
Алесь Разанаў

З легендаў і казак былых пакаленняў,
З калосся цяжкога жытоў і пшаніц,
З сузор’яў і сонечных цеплых праменняў,
З грымучага ззяння бурлівых крыніц,
З птушынага шчэбету, шуму дубровы,
І з гора, і з радасці, і з усяго
Таго, што лягло назаўсёды ў аснову
Святыні народа, бяссмерця яго –
Ты выткана, дзіўная, родная мова.

Так цудоўна сказаў пра родную мову наш вядомы беларускі пісьменнік Максім Танк. Родная, мілагучная, пяшчотная, адзіная мая беларуская мова! Колькі табе прыйшлося перажыць, олькі змен ты перанесла, але беларускае слова тваё засталося нязменныя. У душы маёй ты ніколі не загінеш, бо са мной ты з самага дзяцінства.

Калі я вымаўляю словы “Родная мова”, то я адразу згадваю Бацькаўшчыну, Коласа, Купалу, Багдановіча, бяскрайнюю сінь азёр Нарачы і Свіцязі, маю бабулю, маму, маіх родных і блізкіх. У кожнага чалавека ёсць Бацькаўшчына і я спадзяюсь, што кожны любіць яе. Любіць свой народ і мову свайго народа. Родная мова, як гаварыў вядомы беларускі этнограф, даследчык беларускай культуры, Вацлаў Ластоўскі, — гэта музыка душы, якой Найвышні Стварыцель адарыў Чалавека, гэта натуральны фундамент, на якім чалавек павінен будаваць дом сваёй сілы духоўнай, свайго розуму, пачуцці дабра і зла, справядлівасці і крыўды. Мы, беларусы, пяшчотна завем сваю мову роднай, матчынай. Назаўжды западаюць словы маці ў сэрца. Іх нельга забыць, яны нам нагадваюць пра родную старонку, дзе мы нарадзіліся, куды нас цягне, а калі мы дзе-небудзь далёка, то ў думках мы заўсёды на Радзіме. Вельмі цудоўна пра беларускую мову сказаў Якуб Колас: “ Беларуская мова – гэта скарбніца беларускай культуры, гэта першая крыніца, праз якую мы спазнаём свет”. Валоданне беларускай мовай дае нам магчымасць вывучаць гісторыю і спасцігаць багатую спадчыну. Беларуская мова нястомна служыць народу. На сённяшні дзень мы можам знайсці шмат кніг на беларускай мове, розныя перадачы і фільмы паказваюць па тэлебачанні на роднай мове, у тэатрах нашай краіны можам глядзець пастаноўкі п’ес на беларускай мове. Але былі часы, калі было цяжка выдаваць кнігі на гэтай мове, і нават былі часы, калі забаранялася размаўляць на ёй. Многія пісьменнікі змагаліся за родную мову, склалі за яе галовы. Так, напрыклад, Максім Гарэцкі і Язэп Лёсік былі расстраляны толькі за тое, што хацелі незалежнасці Беларусі. Але, як даводзіў Пятрусь Броўка:”Створаная дзядамі й бацькамі, каб звонка звінела, была, як агонь”, наша мова вытрымала ганьбу і здзек і выбухнула спевам дудкі Францішка Багушэвіча, творамі Купалы, Коласа, Багдановіча і іншых. У пачатку 19 стагоддзя мала было людзей, якія ўмелі чытаць, але і тыя не маглі набыць творы на роднай мове. Не існавала таксама аніводнай беларускай школы. Менавіта пра гэта і прадмова да зборніка “Дудка беларуская” Францішка Багушэвіча. Сам Ф. Багушэвіч трымаўся роднай мовы да скону, і дзякуючы той яго адданасці і яго просьбе, а можа і закліку (“не пакідайуе ж мовы нашай беларускай, каб не ўмёрлі”) мы сёння маем шмат цудоўных твораў на роднай мове. Шмат шчырых слоў пра беларускую мову, пра яе багацце і прыгажосць сказалі вядомыя дзеячы беларускай нацыянальнай культуры. Янка Купала адзначаў, што нешчаслівы той чалавек, які не ведае сваёй мовы, ён заклікаў беларусаў змагацца за яе. Пісьменнік Ніл Гілевіч таксама ўсё жыццё турбаваўся за лёс роднай мовы, за нашу дзіўную спадчыну. Ён сцвярджаў, што з усіх моў наша – самая мілагучная, спеўная і прыгожая. У нашай мове ёсць столькі прыгожых слоў, якіх няма ў ніводнай другой. Напрыклад, словы “Калі ласка”.

Але цяпер, на жаль, мала хто гаворыць на беларускай мове. Нам трэба задумацца пра лёс той, адзінай, якую мы завем матчынай. Сёння яна – абароненая заканадаўствам, але няма гарантыі, што ўжо заўтра яна не трапіць у спіс тых трох тысяч, што знаходзяцца на парозе знікнення, таму трэба яе беражліва захоўваць. Прыгожа напісаў пра родную мову Генадзь Бураўкін у вершы ”Родная мова”:

Мова продкаў нашых і нашчадкаў –
Шэпт дубровы і пчаліны звон, —
Нам цябе ласкава і ашчадна
Спазнаваць ажно да скону дзён,
Па чужых краях не пабірацца,
Не аддаць цябе на забыццё,
Наша невычэрпнае багацце,
Наша несмяротнае жыццё.

Любоў да беларускай мовы да мяне данесла мая бабуля Каця. Я часта ездзіла да яе ў вёску. Калі я заходзіла ў хату, каб павітацца з ёю, перш-наперш адчувала пах прыгатаваных для любімых унукаў аладак, чула, як даносяцца гукі беларускага радыё, якое моцна гучала на ўсю хату. Бачыла сваю родненькую бабулю ў каляровай хустачцы з талеркай трускалак у руках. У гэты момант я адчувала непарыўную сувязь са сваёй Радзімай. Усё тут для меня мілае, роднае, блізкае. Мяне здзіўляла тое, што яна заўсёды размаўляла на беларускай мове. Пасля традыцыйнай вясёлай вячэры з нагоды майго прыезду мы разам з бабуляй прыбіралі і размаўлялі па-беларуску. З яе вуснаў беларускія словы заўсёды гучалі неяк асабліва пявуча і душэўна. Кожны раз я захаплялася яе гаворкай. Вельмі любіла тыя моманты, калі бабуля вышывала крыжыкам, а я ўважліва слухала цікавыя і смешныя гісторыі з яе маладосці. Для мяне было столькі незразумелых слоў, а яна з усмешкай іх тлумачыла. Вось яны, вытокі беларускага слова! Дзякуючы вёскам і яе жыхарам жыве наша мова, гучыць. Я ведаю, што менавіта мая бабуля і тая вясковая атмасфера паўплывалі на маё стаўленне да трыдыцый, культуры і мовы Беларусі. Калі я пайшла ў школу, мая першая настаўніца, якая раней была настаўнікам беларускай мовы, таксама заўсёды размаўляла па-беларуску і шмат чытала нам беларускай літаратуры. У сярэдняй школе вялікую ролю у маім валоданні беларускай мовай адыграла настаўніца беларускай мовы Тамара Іванаўна Раманюк. Яна вучыць кожнага з нас любіць і ганарыцца роднай мовай і нашай краінай – Беларуссю. Беларускую мову рэдка дзе пачуеш. Возьмем, напрыклад, сродкі масавай інфармацыі. Існуе адзіная беларускамоўная рэспубліканская газета “Звязда”, практычна адстутнічаюць на беларускім тэлебачанні перадачы на роднай мове. Нашы продкі ўсімі сіламі змагался за незалежнасць краіны, за яе мову, за захаванне традыцый і культуры, а сёння мы ўласнаручна знішчаем той каштоўны скарб, які яны пакінулі нам, нашчадкам. І як ніколі актуальна гучаць сёння развагі Яна Скрыгана, выдатнага беларускага пісьменніка:” Паміранне мовы такая ж натуральная з’ява, як і нараджэнне яе. Быць можа, што і мая мова некалі памрэ, як памру я сам, чалавек. І я аніяк не баюся натуральнай смерці. А от калі гвалтоўна паміраць – страшна”. Трэба зразумець, што будучыня будзе только такой, якой яе зробім мы, сучасныя людзі. Няма ў свеце нічога раднейшага за мову. Для меня яна – гэта ўсё. Гэта родная вёска, дзе я вырасла і дзе жыве мая бабуля, гэта творы таленавітых беларускіх пісьменнікаў, якіх я люблю чытаць, мілагучныя песні, якія прыносяць мне вялікую асалоду. Размаўляючы на роднай мове, я набліжаюся да сваіх каранёў, тым самым шаную памяць продкаў, паважаю гіпсторыю і традыцыі сваёй краіны. Наша мова – гэта вялікае багацце. Яе трэба берагчы, нельга саромецца яе, бо гэтым самым мы будзем адракацца ад сваёй краіны, ад свайго народа. Дзякуючы беларускай культуры, намаганням беларускіх пісьменнікаў і патрыётаў, беларуская мова будзе больш шанавацца і ніколі не знікне. Вельмі цудоўна ў адным са сваіх вершаў пра родную мову сказаў Алесь Ставер:

Любіце травы, дрэвы, рэкі,
Прастор палёў, блакіт нябёс,
Цаніце Працу, Чалавека, —
І Бог вам дасць спагадны лёс.
А каб цанілі вас у свеце
(Я лепшых слоў не падбяру),
Шануйце дзіва на планеце –
Святую нашу Беларусь.
І мову Коласа, Купалы
Вы беражыце з роду ў род,
Каб наша воля не прапала,
Каб не загінуў наш народ.

Беларуская мова заўсёды ў маім сэрцы. Мая мова не павінна загінуць. Я паспрабую зберагчы, захаваць яе, каб было што перадаць нашчадкам. А хто ж гэта зробіць, калі не я?!

Дала мне маці гэту мову 14

 

Добавить комментарий