Беларускія паэты-філосафы 18

Беларускія паэты-філосафы

                                          «Дом знеслі.

                                                                                                             Застаўся сад.

              Як пастарэлі адразу дрэвы!»

                                                     Алесь Разанаў

Мой артыкул пачынаецца менавіта гэтымі радкамі таму, што мова -гэта і ёсць наш дом, а сад -гэта народ.Калі мы згубім сваю мову, то ад нас нічога не застанецца. Мы будзем быццам гэтыя дрэвы: пастарэлыя і пакінутыя. Таму так важна, каб  пісьменнікі  паказвалі чытачу ўсю глыбіню і прыгажосць роднай мовы ў сваіх творах. На жаль, у сучаснай  школьнай праграме не вельмі  падрабязна асвятляецца творчая дзейнасцьмногіх паэтаў, у тым ліку і прадстаўнікоў пакалення 1980-х. Пісьменнікі перыяду другога Адраджэння аказалі вялізны ўплыў на станаўленне нацыянальнай самасвядомасці беларусаў. Для мяне самымі яркімі паэтамі гэтага часу з’яўляюцца Анатоль Вярцінскі і Алесь Разанаў, таленавітыя людзі, якія заўсёды  закраналі вельмі важныя і надзённыя праблемы.

Беларускія паэты-філосафы 19
Фота: газета “Культура”, 18.02.2017.

Спачатку я хачу звярнуцца да паэзіі Алеся Разанава і майго стаўлення да яго вершаў. Вядома,  тут можна прывесці шматлікія навуковыя тэрміны і паняцці, але я лічу, што гэта не раскрые ўсёй эмацыйнай палітры яго разнастайнай па сваёй глыбіні і мастацкім напаўненні творчасці. Будзе лепш, калі я распавяду аб тых эмоцыях, якія адчула, чытаючы яго радкі. Уражвае тое, як ён з дапамогай некалькіх звычайных на першы погляд слоў перадае няўлоўныя адценні пачуццяў :

   Куды? Адкуль?.. –

   маўчанне.

   Не дасць адказу час.

   Стаю – і сам пытанне,

   іду – і сам адказ.

Яго вершы напоўнены філасофіяй, якую зможа спасцігнуць не кожны чытач. Паэт дае нам матэрыял для разважанняў, а гэта, як я лічу, і ёсць нейкае наватарства ў літаратуры: перадаць з дапамогай некалькіх радкоў велізарны філасофскі падтэкст. Усё гэта дадзена далёка не кожнаму.

Беларускія паэты-філосафы 20
Фота: labadzenka.by

Творчасць Анатоля Вярцінскага таксама зачапіла мяне вельмі моцна. Ён, як і Разанаў, піша і пра Радзіму, і пра мову, і пра каханне, і пра жыццё, і пра філасофію. Але ёсць у яго паэзіі нешта такое, што яго вылучае, робіць асаблівым і непаўторным. Вось прыклад яго эксперыменту з рыфмай:

   Мужчына. Жанчына. Дыханне.

   Сэрцабіццё. Забыццё.

   Жанчына. Мужчына. Каханне.

   Мужчына. Жанчына. Жыццё.

Шчыра, калі я ў першы раз прачытала гэты верш, то была ў нейкім шоку, таму што так дакладна апісаць пачуцці, якія ўзнікаюць паміж мужчынай і жанчынай, выкарыстоўваючы не так шмат слоў, -гэта неверагоднае мастацтва. Вярцінскі ўмее перадаваць эмоцыі, пачуцці і перажыванні вельмі тонка. Кожны яго верш- відавочнае пацверджанне гэтаму.

Філасофскае напаўненне -гэта характэрная асаблівасць творчасці гэтых таленавітых людзей. Яны здолелі ўкласці ў кожны свой верш найглыбейшы сэнс, які нам яшчэ трэба спасцігнуць. Іх незвычайныя рыфмы, эксперыменты са словам,важныя тэмы-гэта і ёсць тое, што іх адрознівае і робіць асаблівымі ў літаратуры. Гэтыя паэты кажуць чытачу, што трэба разважаць, трэба думаць пра сур’ёзныя рэчы ў жыцці, але для гэтага варта ўчытацца больш уважліва і адкрыць вочы шырэй.

Добавить комментарий