А ты размаўляеш на роднай мове?
На сённяшні дзень у свеце існуе каля 7 тысяч моў. Нашай роднай мовай з’яўляецца беларуская. Яна ўваходзіць у лік самых мілагучных моў свету.
На беларускай мове створаны шматлікія творы мастацкай літаратуры. Таленавітыя людзі нашай краіны, якімі мы ганарымся, вельмі паважалі і любілі родную мову, адчувалі яе ўсім сэрцам. Дайшло да нас шмат іх выказванняў пра яе. Напрыклад, У. Караткевіч пісаў:» Пад столлю вялізнай залы гучала мяккая, як ручаіна, пявучая, як голас птушкі, гнуткая і цвёрдая адначасова, лаканічная мова».
Родная мова — гэта сімвал, герб, украса і вянок нашай Радзімы і нацыі. Я лічу, што немагчыма называць сябе патрыётам, але не ведаць сваёй мовы. Таму што толькі яна дае глыбіннае адчуванне сваёй Радзімы, бо яна з’яўляецца канцэнтратам усяго беларускага духу, менталітэту, нашага асабістага светапогляду. З роднай мовай мы робімся самі сабой, знаходзім сябе, адчуваем гэта ў нашым сэрцы і характары.
Але мы не можам абыйсці бокам і важную праблему, што тычыцца гэтай тэмы. Беларусь, на жаль, можа пахваліцца месцам не толькі ў топе мілагучнасці. Колькасць жывых моў памяншаецца з сярэдняй хуткасцю -1 мова ў два тыдні. Нашай мове таксама пагражае выміранне.
Цяжка бачыць, што толькі адзінкі беларусаў карыстаюцца роднай мовай, сярод астатніх многія нават не паважаюць яе, не прызнаюць. Успамінаюцца словы Ф. Багушэвіча:» Не пакідайце мовы нашай белраускай, каб не ўмерлі».
Я. Янішчыц пісала:
Мова! Як сонца маё беларускае,
Ты свецішся словам кожным.
Цябе і заворвалі, і закопвалі.
І ўсё ж нашы продкі праз гора
Данеслі да нас цябе, родную, цёплую,
Жывую і непаўторную.
Мы павінны разам даносіць яе будучым пакаленням, каб тое, што зрабілі нашы продкі, не засталося дарэмным. Мы павінны быць вартыя іх!
Што тычыцца мяне, я , на жаль, таксама не размаўляю на беларускай мове ў паўсядзённым жыцці. Але я пачынаю. У мяне ёсць некалькі сяброў, з якімі я магу з задавальненнем на ёй паразмаўляць. І з кожным днём я сустракаю ўсё больш людзей, якім не ўсё роўна. У. Караткевіч пісаў:» Рабі нечаканае, рабі, як не бывае, рабі, як не робіць ніхто, — і ты пераможаш». Мова пачынаецца з кожнага з нас!