Вялікая гісторыя вялікай сям’і

Маргарыта Гайдаржы

Інстытут журналістыкі

Вайна… А што прыходзіць на думку вам, калі чуеце гэта слова? Боль і смерць? Слёзы і страты? Зломлены лёс і згублены сэнс жыцця? Усё так. Але ў маёй сям’і слова “вайна” асацыюецца яшчэ і з найпрыгажэйшым словам “каханне”. Чаму? Бо менавіта вайна звязала паміж сабой двух каханых маіх прабабулю Марыю і прадзядулю Міхаіла.

Абое з Маладзечанскага раёна Мінскай вобласці: яна родам з Гарадка, ён — з Вязынкі. Здавалася б, адзін да аднаго рукой падаць. Але ўсё ж такі лёс — рэч непрадказальная. Упершыню яны сустрэліся ў Польшчы, у горадзе Беластоку. У 1940 годзе яны працавалі там над будаўніцтвам чыгункі. Калі раптам пачалася Вялікая Айчынная вайна, ісці дадому прыйшлося пешшу: дабудаваць чыгунку не было магчымасці. Не магу нават і уявіць, колькі яны перажылі за гэты час. Але галоўнае, што яны былі адзін у аднаго. Марыя і Міхаіл вельмі зрадніліся і, калі дайшлі да Вязынкі, з дазволу нямецкай улады, якая ў той час панавала на Беларусі, ажаніліся.

Нажаль, дзядулі не стала амаль што трыццаць год таму. Але ён назаўсёды застанецца ў памяці жонкі, пяцёрых дзяцей, дзевяцёрых унукаў і ажно дваццаці праўнукаў. Дзядуля пражыў на самой справе сумленнае жыццё.  Ён некалькі разоў быў цяжка паранены, але прайшоў праз усю вайну. Бабуля і сёння захоўвае яго шматлікія медалі, падзякі ды ўзнагароды.

У гэтым годзе, восьмага сакавіка, бабулі споўнілася 95 год. Усёй нашай вялікай і дружнай сям’ёй мы сабраліся адсвяткаваць гэты дзень. “Самае галоўнае ў маім жыцці — гэта вы. Я рада, што вы ў мяне такія дружныя, такія родныя”, — са слязьмі ў вачах сказала нам бабуля Марыя. І гэта праўда: наша сям’я заўсёды прыйдзе адзін аднаму на дапамогу, падтрымае маральна і матэрыяльна. Даўно не бачыўшысь, мы доўга размаўлялі, раіліся і дзяліліся цікавымі гісторыямі. І, канешне ж, успаміналі знаёмства Марыі і Міхаіла — вялікую гісторыю вялікай сям’і.

8 сакавіка мая прабабуля адзначае адразу два святы

 

Оставить свой комментарий

Вы должны авторизоваться чтобы оставить комментарий.

Студент онлайн © 2017 Все права защищены

Неофициальный сайт студентов Института журналистики БГУ