Віктар Іўчанкаў: “Беларуская мова падабаецца тым фактам, што існуе””

Вероника Гамзюкова

Институт журналистики БГУ

Віктар Іванавіч Іўчанкаў, загадчык кафедры стылістыкі і літаратурнага рэдагавання, доктар філалагічных навук, прафесар распавядаў на “Ладзе жыцця” пра сямейнае шчасце. А рэдакцыя “Studlive” вырашыла запытацца ў прафесара не толькі пра сям’ю, але і аб працы, вольным часе і ўвогуле пра прынцыпы, якімі кіруецца ў жыцці і на той самай працы.

скачанные файлыАб працы

У дзяцінстве я ведаў, што хачу быць настаўнікам. Мая першая настаўніца Бурда Надзея Пятроўна бачыла гэта. І калі я стаў старшакласнікам, запрасіла да сябе ў пачатковыя класы важатым. Памятаю, як мы з малечай пайшлі на вераснёўскую экскурсію ў лес. Мне было прыемна ісці па вёсцы з ланцужком дзяцей, я амаль ганарыўся, што мне даверылі іх. Кожная маці прасіла, каб я асабліва сачыў менавіта за яе выпястоўцам. Мы весяліліся, скакалі, збіралі грыбы. Я старанна глядзеў дзяцей. Аднак на другі дзень, калі бадзёра расказваў Надзеі Пятроўне пра наш паход, яна спыталася ў мяне, пра што дазналіся дзеці і што карыснага зрабілі… І тады мяне асланіла – амаль нічога. Мудры запавет першай настаўніцы нясу і па сёння. Пасля заканчэння школы пад уплывам старэйшага брата Уладзіміра, цудоўнага спевака і балаку, зазбіраўся на акцёрскае аддзяленне ў Мінскі тэатральна-мастацкі інстытут. Гэтаму не было наканавана здзейсніцца… Я паступіў у Брэсцкі дзяржаўны педагагічны інстытут імя А.С.Пушкіна. Шчыра казаць, задаволены сваім выбарам. Я не здрадзіў прафесіі, раблю сваю справу і, трапіўшы дваццаць шэсць гадоў таму на журфак, набыў яшчэ адзін занятак – журналістыку. Маімі ўніверсітэтамі сталі рэдакцыі амаль усіх рэспубліканскіх друкаваных СМІ, тэле- і радыёканалаў, дзе на працягу дзевятнаццаці гадоў (з 1992 па 2011), выконваючы абавязкі саветніка міністра адукацыі са СМІ і грамадскасцю, падрыхтаваў тысячы паведамленняў, інтэрвю, артыкулаў, радыйных выступленняў, вёў прамыя эфіры на тэлебачанні. Удзячны лёсу, што прайшоў праз такое «выпрабаванне». Бо ў такім разе зусім іначай ставішся да працы на журфаку. Таму нарадзіліся такія дысцыпліны, як медыярыторыка, дыскурсны аналіз СМІ, медыялінгвістыка, таму з’явілася і доктарская дысертацыя, абароненая на сумежжы дзвюх навук – журналістыкі і мовазнаўства. Як бачыце, акцёрам я не стаў. Хаця, відаць, хлушу, бо, узгадаем Бэрнарда Шоу, жыццё ёсць тэатр, а людзі ў ім… Асабліва адчуваецца гэта ў творчым асяродку (лагодна ўсміхаецца).
А паступіў на спецыяльнасць «руская мова і літаратура» таму, што так хацела мая матуля. Бо сама была перасяленкай са Смаленшчыны. І яшчэ. Там, дзе я вырас, амаль няма выразных беларускіх фанетычных рыс. А менавіта яны ёсць візітоўка любой мовы. Дзеканне і цеканне ў нашых мясцінах выстаўлялася на цугундзер. Паспрыяў выбару спецыяльнасці і той факт, што захапляўся творчасцю Пушкіна, пад уплывам яго вершаў стаў спрабаваць сябе ў радкоўях. З-за чаго да мяне і прыляпілася аднайменная мянушка.
Студэнцкае жыццё запомнілася бульбай, практыкай, чытальнай залай, тэатральнымі пастаноўкамі, конкурсамі чытальнікаў, мітынгамі і дэманстрацыямі, інтэрнатам, бяссоннымі начамі, выступленнямі на студэнцкіх канферэнцыях, перамогамі, захапленнямі і расчараваннямі, клопатам пра тое, як здаць сесію на павышаную стыпендыю, а пасля, як да яе дажыць, як дапамагчы маме і як яе ўзрадаваць… Пералік бясконцы, бо ён адлюстроўвае тое самае жыццё.
Як прыйшла ідэя стварыць школу дыскурснага аналізу СМІ? Пацешнае пытанне (смяецца). Вось так узяла і прыйшла… Вымярэннем гэтай ідэі з’яўляецца ўсё жыццё. Але гэта тэма для асобнай размовы.
У сваёй працы кіруюся такімі прынцыпамі, як не нашкодзь, не рабі зла, справядлівасцю, прыстойнасцю, патрабавальнасцю да сябе і да іншых, адказнасцю за тое, што робіш, з цягам часу навучыўся прымаць людзей такімі, якімі яны ёсць (зразумеў, што на гэта трэба асаблівы «талент»), умець паслухаць чалавека, шанаваць старэйшых калег, быць шчырым у словах…

У мяне ніколі не з’яўлялася жаданне пакінуць працу. Такога адчаю не было, але ў адзін час хацеў перайсці ў акадэмію навук, з якой пачынаў сваё навуковае жыццё…
Сабе маладому я б параіў быць больш уважлівым да людзей і ўмець слухаць іх.

IMG_1511

Аб сям’і

У вольны час я адпачываю ці… працую (смяецца). Вельмі люблю, калі мы ўсе збіраемся на лецішчы. Вось там прыволле! Адно тое, што кожны заняты сваёй справай, сагравае. Нават калі проста лашчыцца на сонцы. Мне прыемна адчуваць, што мае дарослыя дзеці навучаны быць карыснымі адно аднаму, мне, маме, бабулі. Калі дачка і сын былі маленькімі, у нас была такая завядзёнка – вечарам пералічыць добрыя справы, якія зрабіў за дзень. Часам іх набіралася шмат, а калі-нікалі іх было нягуста. Напрыклад, калі дзеці выраслі і сталі кіроўцамі, то справай гонару было адвезці дзядулю на рыбалку (ён быў зацяты рыбак!). Дадам толькі, што трэба было ўстаць а чацвёртай раніцы (усміхаецца). Больш спрытна гэта атрымлівалася ў Лізаветы (дачка Віктара Іванавіча – ад рэд.). Летась мы з Іллёй (сын Віктара Іванавіча – ад рэд.) зрабілі лаву. Не лаўку, а шыкоўную лаву, на якой вольна размесцяцца ўсе сем «я», а то і ўдвая больш. Заўважыў, што сын любіць майстраваць, як і рамантаваць аўто. І атрымліваецца ў яго гэта так, як быццам усе яго продкі былі цеслярамі ці слесарамі. Калі мы разам – ці то ў грыбах, ці то ў бярозавіку, ці ў кафэ, ці ў вёсцы, ці то на вогнішчы – не пакідае пачуванне ўтульнасці.
І традыцыі ў нас самыя звычайныя. Разам быць у святочныя дні, хадзіць у царкву, берагчы «радавыя» рэчы…
Сямейнае шчасце – гэта ўдалае жыццё, калі ты рэалізаваўся і робіш шчаслівымі сваіх родных.
З жонкай пазнаёміўся, прыйшоўшы на трэці курс стацыянара, пасля працы ў школе.
Маладым саступаў жонцы нячаста, зараз амаль няма, у чым саступаць. Што датычыць маёй Вольгі, то на пачатку сямейнага жыцця яна бывала настойлівай, але саступаць ёй дапамагала мая цешча.
Зараз яшчэ разумею, што часам быў занадта строгім бацькам. Але гэта не перашкодзіла выхаваць двух, на маё меркаванне, цудоўных дзяцей.
Выказванне Генры Форда пра жонку гучыць пафасна і ненатуральна (За кожным вялікім мужчынам стаіць вялікая жанчына — ад рэд.). У народзе пра гэта скажуць прасцей: абое рабое. Ад сябе дадам. Калі і становяцца вялікімі, то разам. Толькі адзін з іх мае мудрасць быць сціплым.

DSCN3390
Пяць парад студэнтам наконт сямейнага жыцця.
Быць вольным у выбары і набыць сваё шчасце.
Быць цярплівым і ўмець усведамляць гэта.
Спалучаць у каханні павагу, любоў і шчырасць.
Умець радавацца шчасцю іншых.
Адчуць сябе запатрабаваным і быць непаўторным у гэтым.

Фатаграфіі з сямейнага архіву Віктара Іванавіча.

Оставить свой комментарий

Вы должны авторизоваться чтобы оставить комментарий.

Studlive.by © 2018 Все права защищены

Неофициальный сайт студентов Института журналистики БГУ

Хостинг предоставлен компанией hoster.by