Гісторыя маці журфаку

Вераніка Гамзюкова

Інстытут журналістыкі БДУ

DSC_0474

Вольга Міхайлаўна паказвае, як водзіць машыну з Бусяй

У нас ёсць гісторыя журфакаўскага бацькі, але няма гісторыі журфакаўскай маці. Вось мы гэта і вырашылі выправіць. Прадстаўляем вам Вольгу Міхайлаўну Самусевіч – намесніка дырэктара Інстытута журналістыкі БДУ, загадчыка кафедры перыядычнага друку, кандыдата філалагічных навук, дацэнта. Вось колькі званняў у Вольгі Міхайлаўны. А паколькі яна адзін з хэдлайнераў «Ладу жыцця», мерапрыемства да Дня роднай мовы, то падзялілася з намі сакрэтамі сямейнага і асабістага шчасця.

У вольны час я шмат чытаю. І гэта не толькі кнігі мастацкія, але і шмат навуковых выданняў.  Безумоўна, не магу без перыёдыкі. Гэта святое.

У меня няма такой якасці, як фанатызм, празмернай схільнасці да нечага аднаго. Кола маіх цікавасцяў вельмі шырокае. З пісьменнікаў я люблю  Уладзіміра Караткевіча, Фёдара Дастаеўскага, Дэна Браўна, Васіля Быкава і  Шэкспіра. Магу доўга пералічваць (усміхаецца). Не вельмі люблю перачытваць кнігі. Гэта адзінкі. Мне не цікава, калі я ведаю сюжэт. Тое ж і з кінастужкамі. Таму я пастаянна ў пошуках новага.

Трапіла ў БДУ таму, што лічу яго лепшым універсітэтам. Ён такім быў, ёсць і будзе. Выбар быў катэгарычны і адназначны. БДУ – гэта маё жыццё. З 16 гадоў я з ім безперапынна.

Люблю выкладаць. З дзяцінства ўсе мае лялькі “вучыліся”.  Перада мной ніколі не было пытання: кім быць? Я ведала заўжды, чаго хачу.

DSC_0479

«А мы сапраўды падабныя»

Вырашылі паступаць на спецыяльнасць “Беларуская і руская мова і літаратура” таму, што гэта мае любімыя прадметы школьнай праграмы.

Слова – гэта зброя журналіста. Валодаць словам – значыць, мець сваю думку, свой погляд. Доўгі час журналістыка была побач са мной. Ва ўніверсітэце я актыўна даследавала мову СМІ. Мая дыпломная была прысвечана граматычнай норме ў беларускамоўных выданнях.  Абарона вельмі спадабалася старшыні дзяржаўнай экзаменацыйнай камісіі акадэміку А.М. Падлужнаму. Ён рэкамендаваў  ісці ў аспірантуру на журфак.

Ёсць такое выказванне: дрэнны той салдат, які не марыць стаць генералам.  А вось калі шчыра, то ніколі ў мяне не было думкі стаць дэканам. Але здаровыя амбіцыі ў мяне ёсць – мару калі-небудзь абараніць доктарскую.

У мяне ёсць цудоўная каманда маіх студэнтаў, якія зараз ужо выкладчыкі. Гэта Алеся Кузьмінава, Дзмітрый Нікановіч, Алесь Петрушэнка, Лізавета Хмель. Імі я сапраўды ганаруся. Яны здолелі сумяшчаць працу, вучобу, навуку, асабістае жыццё, творчасць і дасягнуць значных перамог. Гэта цудоўная таленавітая моладзь. Аднак, што самае галоўнае, усе яны цудоўныя людзі,  прыстойныя і шчырыя. Адчуваю гонар і тады, калі чытаю добры матэрыял сваіх былых студэнтаў у газеце, калі выпускнікі атрымліваюць прафесійнае прызнанне.

Як я кірую?  Цікавае пытанне. Акрамя генетыкі (мае бацькі таксама ў свой час кіравалі),  у мяне ёсць нават адукацыя адпаведная – менеджэр у галіне адукацыі. Не мне вырашаць, як я кірую. Адзінае, што я заўжды памятаю: пасады прыходзяць і зыхдзяць, а чалавекам трэба заставацца заўжды. Я імкнуся быць аб’ектыўнай і справядлівай.

Сакрэт кіравання адзіны – паставіць сябе на месца чалавека. Імкнуцца гаварыць з ім адкрыта, але далікатна (каб не пакрыўдзіць).

Наша сямейная традыцыя, калі мы ўсе разам – мае бацькі, мая сям’я і сям’я брата – адзначаем разам дні нараджэння і святы.

Думаю, што я не строгая маці. Не прыйшлося. Мне проста вельмі пашчасціла з сынам.

2

Мадэльная праца для Бусі зусім побач

Як з’явілася Буся? Я яе купіла, прыкрываючыся, што для сына (усміхаецца). У нейкім сэнсе лічу яе дачушкай, прыёмнай. Яна ўжо дарослая – у маі 7 гадоў будзе (а яшчэ ў Вольгі Міхайлаўны ёсць Рафаэль Мікалаевіч, на фота ніжэй, — ад рэдакцыі).

А з экзатычных жывёл мне падабаюцца змеі. Аднак  у хату  не хачу. Адзін раз з мяне пажартавалі вучні. Прынеслі на заняткі вужыка і  мне падклалі.  Пасля яны былі вельмі здзіўлены і расчараваны, калі пачулі не крык, а словы “які міленькі”.

1

Беларуская мова — самая прыгожая, мілагучная, багатая мова ў свеце. Так шкада, што людзі амаль не размаўляюць на ёй. Без беларускай мовы мы перастаём быць нацыяй, беларусамі, тымі, кім нас нарадзіла маці, губляем  глебу пад нагамі.

Упершыню пачула, што мяне клічуць “Маці журфаку”. Гэта абавязвае. Шкада, што зараз я выкладаю толькі ў сваёй спецыяльнасці. Раней  працавала з ўсімі, што дазваляла мне лепш ведаць студэнтаў, больш з імі гутарыць.

У добрый настроі мяне падтрымлівае сонца, вясна, усмешкі, добрыя і шчырыя людзі. Галоўнае – аптымізм, вера, што ўсё будзе добра. Абавязкова добра.

DSC_0489

Вольга Міхайлаўна распавядае, якім ёй прынеслі Рафаэля Мікалаевіча

Мяне натхняе прырода. Палі, лясы, азёры і рэкі, краявіды беларускія. Але больш за ўсё  люблю неба. Дзе б я ні была, заўжды фатаграфую неба. Яно ніколі не паўтараецца. Жадаю і вам быць непаўторнымі асобамі і адметнымі ў прафесіі людзьмі.

Пяць парад ад Вольгі Міхайлаўны Самусевіч:

  1. Кахаць і любіць.
  2. Трымацца разам у шчасці і ў горы;
  3. Падтрымліваць адзін аднаго;
  4. Умець дараваць;
  5. Прызнаваць, калі не быў праў.

Фотаздымкі: Вераніка Аляхновіч і Марыя Фінская

Оставить свой комментарий

Вы должны авторизоваться чтобы оставить комментарий.

Студент онлайн © 2017 Все права защищены

Неофициальный сайт студентов Института журналистики БГУ

Хостинг предоставлен компанией hoster.by