Дзмітрый Нікановіч: “Каб сустракацца на адлегласці, не бойцеся размаўляць пра сваю будучыню”

Вераніка Гамзюкова

Інстытут журналістыкі БДУ

Як мы нядаўна пісалі, на мінулым тыдні журфак адзначыў Дзень роднай мовы. Натхнёныя святам, рэдакцыя «Studlive« вырашыла ўзяць серыю інтэрв’ю ў выкладчыкаў, якія шчыра падзяліліся асабістымі сакрэтамі падчас сустрэчы «Лад жыцця«. Учора гэта былі сакрэты сямейнага шчасця ад  Сяргея Віктаравіча Зелянко, а сёння адзін з хэдлайнераў Дзмітрый Алегавіч Нікановіч, які першы год працуе на журфаку, сур’ёзна займаецца музыкай і, як сапраўдны сем’янін, распавядае пра каханне. А яшчэ Дзмітрый Алегавіч адзін з тых былых студэнтаў, якія атрымлівалі Падзяку ад Прэзідэнта. І таксама яго фотаздымак ёсць на Дошцы гонару БДУ. Але гэта толькі пачатак…

Тое самае фота з Прэзідэнтам

Тое самае фота з Прэзідэнтам

Пра мову

Па-беларуску я ўсвядомлена і шчыра пачаў размаўляць толькі ва ўніверсітэце. У маім родным Брэсце амаль усе карыстаюцца рускай мовай, добра разумеюць украінскую і польскую. Сваякі ад прабабулі да бацькоў заўсёды гаварылі толькі па-руску. І ў школе любімымі былі настаўніца па рускай мове і музыцы, — таму і прадметы былі любімыя (усміхаецца). Тым не менш, памятаю, ЦТ па гісторыі Беларусі я прынцыпова здаваў на беларускай, бо так павінна быць, і, на жаль, быў адным з нямногіх, хто падчас выпрабавання папрасіў тэст «на мове».

«Мова родная — мова модная», — пераканалі мне на журфаку, калі ладзіўся першы Дзень роднай мовы. Спачатку перашкаджала боязь зрабіць памылку. Але неяк закруцілася… Падчас практыкі на радыёканале «Культура» я па-беларуску пісаў і начытваў свае рэпартажы. Па-беларуску жа абараніў і дыплом, зараз пішу дысертацыю. У мяне выйшлі дзве беларускамоўныя песні.

nARoGucGYmk

Мова — яна мілагучная, няхай сёння казаць гэтак — штамп. Але праўда ж. На мове размаўляць лёгка, бо яна сама льецца. А яшчэ па-беларуску ўсё гучыць не банальна. Напрыклад, фраза «я цябе кахаю» гучыць больш інтымна, чым «я тебя люблю»…

Пра вольны ад працы час

Адразу вызначу, што для мяне праца — гэта выкладанне. Калі ўспрымаць як працу яшчэ музыку, і практычную журналістыку, атрымліваецца, што я амаль заўсёды працую (усміхаецца). Вольны час — гэта тады, калі я не на сваіх парах ці не на вучобе ў магістратуры. «На волі» спяваю, вяду канцэрты, пішу калонку ў газету, баўлю час з жонкай. Мы разам глядзім серыялы: напрыклад, «Гульня тронаў», «Як я сустрэў вашу маці», «Кухня» ды яшчэ шмат такіх дэтэктываў, як «Шэрлак», «Менталіст», «Касл», «Тэорыя ілжы». Вельмі люблю серыялы — я серыяльны маньяк! (Смяецца.) А вось кніжкі мастацкія даўно не чытаў, бо прыходзіцца шмат чытаць па працы. Нават творы Уладзіміра Познера, якія нядаўна набыў, усё ж такі пра журналістыку і журналіста.

Пра знаёмства і адносіны з жонкай

З Кацюшай мы пазнаёміліся на алімпіядзе Саюзнай дзяржавы па рускай мове і літаратуры. Гэта было незвычайна, бо мая жонка — чалавек, які больш здатны да дакладных навук. Для яе ўдзел быў выпадковым: яна напісала адборачнае эсэ з той прычыны, што проста паважала сваю настаўніцу, была актыўная і ўважлівая да яе просьбаў. А я лірык, гуманітарый, верыў, што пісаць — гэта адзіны мой лёс. Кажуць, у сям’і не без гуманітарыя (смяецца). Будучая жонка вучылася ў Пінску ў гімназіі №3, а я вучыўся ў СШ №37 у Брэсце.

І вось мы паехалі ў Полацк (у камандзе Брэсцкай вобласці) на алімпіяду — справа была ў 11 класе. І мала таго, што Кацюшына эсэ было настолькі добрым, каб прайсці на конкурс, яна, між іншым, мяне перамагла ў агульным заліку! Атрымала другую ступень, а я — трэцюю. Напэўна, я ў той момант падумаў: цудоўная дзяўчына і разумная яшчэ — трэба браць! (Усміхаецца.)

Пасля таго, як мы раз’ехаліся па родных гарадах, нашыя адносіны працягваліся на адлегласці. Бацькі былі супраць кахання і нашых сустрэч у выпускным класе, але ўсё ж такі мы заўсёды былі разам: на тэлефонах, у інтэрнэце. Першае спатканне адбылося, калі губернатар аб’явіў нам падзяку за перамогу ў алімпіядзе — мы сустрэліся ў Брэсце толькі праз чатыры (!) месяцы пасля Полацку.

Калі я паступіў у Мінск, а яна ў Брэст (у політэхнічны ўніверсітэт), было складана. Але, мяркую, гэта лёс. Мы пяць гадоў сустракаліся на адлегласці, і больш не вытрымала маё сэрца — выпрабаванні скончыліся вяселлем і распачаўся наш новы шчаслівы сямейны этап. Мужам я стаў на пачатку пятага курса.

fqZ0-BmV1lI

Пра каханне на адлегласці

Каб сустракацца на адлегласці, трэба проста заўсёды будаваць планы і гаварыць адзін аднаму, што вас чакае. Не баяцца размаўляць пра будучыню: першую сустрэчу з бацькамі, вяселле, дзяцей, дом… Нявызначанасць — вораг любых адносін. Некаторыя па шэсць год сустракаюцца, а пасля раптам высвятляецца, што ён і не планаваў абірацца з ёй шлюбам ці яна не любіць дзяцей, а ён заўсёды марыў пра вялікую сам’ю…

Калі шчыра кахаеш, дакладна ведаеш, што гэта твой чалавек, што табе больш ніхто не патрэбны. Навошта шукаць нечага блізкага і даступнага, калі зразумела, што гэта ўсё роўна сурагат? Гэта абсалютна нармальна і рэальна чакаць рэдкіх спатканняў, трываць дзеля шчасця, якое праз адлегласць і іншыя перашкоды абавязкова застанецца з табой назаўсёды. Усё толькі ў вашых руках.

Сакрэт сямейнага шчасця

Гарманічныя адносіны — гэта такія, калі ты можаш адчуваць сябе паўнавартасным без кругласутачнай прысутнасці партнёра ў тваім жыцці. Гэта ненармальна, калі ты кожную хвіліну думаеш пра яе, калі ты не ведаеш, чым заняцца без яе, калі кожную гадзіну ты пытаешся, дзе яна. Гэта хвароба. Канешне, сумаванне па каханай — рэч не благая, але хранічная залежнасць выклікае ў мяне выключна негатыўныя асацыяцыі.

kJO3oA8SrcM

Выступленне на «Ладзе жыцця»

У сям’і ў кожнага павінна быць зона асабістага камфорту. Я распавядаю жонцы пра працу, пра нейкія штодзённыя сітуацыі і праблемы, яна таксама так робіць, але мне часам трэба пабыць аднаму, падумаць, паспаць, пачытаць. Без размоў, у цішыні. Кацюша гэта паважае.

Яшчэ жонка часцей мне ў нечым саступае, яна мудрая. Каб не яе цудоўны характар, мы б часта сварыліся.

Пра журфак і менеджмент

Калі я першы раз перамог на рэспубліканскай алімпіядзе, мне прапаноўвалі ісці на філалагічны. Але я адразу ведаў, што пайду на журфак — гэта не так сумна, як вучыцца сярод бібліятэкарак, настаўніц і іншых «філалагінь» (смяецца). У ІЖы жыццё больш дынамічнае. Пытанне «Мінскі журфак ці брэсцкая кафедра журналістыкі на філфаку?» нават не ўзнікала. Вырашыў паступаць у сталіцу: беларуская журналісцкая адукацыя родам менавіта адсюль.

У 2010 годзе я трапіў у першы набор на накірунак «Журналістыка (менеджмент СМІ)». Новае, як вядома, заўсёды прываблівае. Разважаў такім чынам: калі з’явіўся новы напрамак, значыць, гэта невыпадкова — такія спецыялісты патрэбны, без працы не застануся. І зараз я першы штатны выкладчык, які скончыў навучанне па гэтай спецыяльнасці ў нашым Інстытуце. Сёлета распрацаваў новы факультатыў «Тэхналогіі эфектыўнага менеджмента медыякантэнту», абагульніўшы тое, што даследчыкі за мяжой і ў Беларусі ведаюць пра якасць журналісцкай інфармацыі і яе ўплыў на эканамічныя паказчыкі СМІ. Увогуле, у аснове гэтага курса — мая дыпломная праца.

_k5vaZgEPNE

Пра першую публікацыю

Памятаю, для паступлення на журфак былі, як і зараз, неабходныя публікацыі . У мяне было 11 матэрыялаў і ўсе з брэсцкіх газет. Першым маім рэдакцыйным заданнем была апытанка да Дня ведаў. Наіўная такая. Пытаўся, з чым асацыюецца ў людзей першае верасня. Трэба было падабраць розных герояў: ад першакласніцы да пенсіянера. Пад мой тэкст аддалі амаль цэлую паласу. Апошнюю (смяецца).

Пра музычную кар’еру

Першы раз я заспяваў у дзіцячым садку. Гэта была песня пра ката Мурлыку, памятаю яе і зараз. Але мая маці кажа (жартуе, канешне!), што першая песня была ў раддоме — я, відаць, з нараджэння быў галасісты (усміхаецца). Усвядомлена і з задавальненнем пачаў спяваць у школе: першы выхад на вялікую сцэну адбыўся ў 2005 годзе на тэлевізійным дзіцячым конкурсе «Сузор’е надзей». Я стаў яго лаўрэатам з песняй Дэміса Русаса на ангельскай мове. У сямейным архіве засталося відэа — бацькі ганарацца.

n0s4gSLq_5I

Зараз музыка — гэта «сур’ёзнае хобі», на якое мне не шкада выдаткаваць грошай: дастаткова дорага запісваць аранжыроўкі да песень, вакал у студыі… Але каб мне прыйшлося выбіраць паміж выкладаннем, музыкай ці журналістыкай, я б увогуле нічога б не выбіраў, бо проста не ведаю, што абраць. Не змагу займацца чымсьці адным. Сумна будзе.

Што думаў пра выкладчыкаў, калі быў студэнтам

Выкладчык — гэта аўтарытэт толькі ў тым выпадку, калі здолеў гэта даказаць. Сёння я не патрабую ад сваіх студэнтаў адразу ва ўсім са мной згаджацца. Выкладчыкі многа ведаюць, але студэнты самі часам могуць навучыць нечаму новаму. Мне падабаецца такая дэмакратычная пазіцыя, размова на роўных. Гэта не абвяргае наяўнасць дыстанцыі і павагі. Я, канешне, не цярплю нахабства. Але заўсёды дазваляю са мной спрачацца ў ходзе акадэмічнай дыскусіі.

Вольга Міхайлаўна Самусевіч — проста «мегацічэр» (усміхаецца). Любімы выкладчык. Яна мой навуковы кіраўнік з трэцяга курса. Чытае кожнае слова ў маіх працах, робіць заўвагі, спрачаецца. Вучыць. Амаль кожны тыдзень я прыходжу да яе пра нешта параіцца.

Асаблівае стаўленне ў мяне да Інгі Дзмітрыеўны Воюш. Яна педагог па прызначэнні. Студэнты з ёй заўсёды і паўсюдна — на занятках, на кафедры, на калідоры, онлайн, па тэлефоне. Свабодна звяртаюцца да яе наконт вучобы, працы і па асабістых пытаннях. ІД (як яе называюць у інтэрнэце) — выкладчык, да якога не страшна падыйсці, з якім можна папіць кавы ці гарбаты, якому можна расказаць анекдот і нават «паплакацца ў камізэльку». Унікальная адданасць прафесіі і неймаверная чалавечая шчырасць. Я так не ўмею.

ti-M5QevSgw

За цікавыя пары я вельмі ўдзячны Аксане Пятроўне Бязлепкінай (цяпер Чарнякевіч), Таццяне Іванаўне Прановіч, Людміле Пятроўне Саянковай, Ганне Іванаўне Басавай, Сяргею Віктаравічу Зелянко і многім іншым. Журфакаўскія выкладчыкі — гэта яркія асобы, якія сваім прыкладам паказваюць, як важна ўдасканальвацца і заўсёды «трымаць марку».

Пра сямейныя традыцыі

У нас ёсць традыцыя запрашаць сяброў у госці. Мы з жонкай мадэратары такіх сустрэч: часцей за ўсё такія вечарыны праходзіць на нашай тэрыторыі. Мы гэта вельмі любім. Усе мае сябры — гэта і Кацюшыны сябры.

Яшчэ мы кожны дзень дамаўляемся, з якога боку будзем спаць. Напрыклад, калі я сёння ўжо спаў ля вакна (наша любімае месца (усміхаецца)), то заўтра там спіць Каця. Яшчэ мы заўсёды спім пад адной коўдрай: нават калі нам нязручна, усё роўна спім толькі так.

PG3Mty6uArc

Я часцей гатую, напрыклад. Гэта, магчыма, нясціпла, але шчыра: я гэта раблю лепш. Жонка таксама добра (праўда добра!), але я лепш (смяецца). Выношу смецце звычайна я, а жонка — прэ.

Кацюша працуе інжынерам-канструктарам. Кожны дзень з 8:00 да 17:00. (Дома яе няма з 7:00 да 18:00.) У мяне іншы графік: магу адсутнічаць дома з 8:00 да 20:00, калі ёсць і заняткі ў магістратуры, і ў бібліятэку трэба з’ездзіць. Але ўсё ж такі бывае так, што я ўвесь дзень дома. Пішу дысертацыю ці да канферэнцыі рыхтуюся. Я заўсёды імкнуся, калі яна прыйдзе з працы, каб дома было прыгатавана і прыбрана.

Мы заўсёды ездзім да бацькоў разам. Калі ў каго-небудзь з нас не атрымліваецца, пераносім на іншыя выхадныя. Мы абавязкова павінны падарожнічаць разам, бо ўсё ж такі пяць гадоў жылі асобна. Мне не падабаецца адпачываць без яе. Магу, але не падабаецца: працаваць без яе магу, дома сядзець без яе магу, але захапляцца нечым, вандраваць, рэлаксаваць — не. Толькі разам.

Што б спытаў у сябе праз 20 год

Галоўнае пытанне, якое я задаў бы сабе праз 20 год: «Кім ты стаў?». Хачу, каб мне было б не сорамна адказаць на яго. Таму што, пакуль мы маладыя, мы не заўсёды ставім перад сабой пэўныя мэты: напрыклад, хочам грошай, прызнання, асалодаў. Гэта нармальна, але можна праз гэта згубіць у сабе чалавека. Можна мець мільёны долараў і не мець сяброў. Можна стаць вялікім вучоным, але не быць бацькам для сваіх дзяцей. Таму я і сёння кожны дзень адказваю на пытанне «Хто я ёсць?», каб пасля перад самім сабой не было сорамна!

Фотаздымкі: Вераніка Аляхновіч і ўласны архіў Дзмітрыя Нікановіча.

Оставить свой комментарий

Вы должны авторизоваться чтобы оставить комментарий.

Studlive.by © 2018 Все права защищены

Неофициальный сайт студентов Института журналистики БГУ

Хостинг предоставлен компанией hoster.by