“Для чалавека вельмі істотнае ў жыцці – гэта яго сям’я…”

Ульяна Минченко

Институт журналистики БГУ

На пэўным этапе жыцця мы маем розныя каштоўнасці. Але ж з цягам часу разумееш, што самае галоўнае ў жыцці – гэта нашы родныя людзі, наша сям’я і дабрабыт кожнага з яе членаў. Пад час святкавання Дня роднай мовы сакрэты сямейнага шчасця раскрылі В. М. Самусевіч, В. І. Іўчанкаў, Д. А. Нікановіч, С. В. Зелянко.

первая

Першым выступоўцам быў Сяргей Віктаравіч Зелянко, выкладчык кафедры стылістыкі і літаратурнага рэдагавання. Ён пачаў з малявання смайліка, на якім размясціў усё тое, з чаго складаецца яго жыццё. У цэнтры – ён са сваёй жонкай Наташай, з якой пазнаёміўся ва ўніверсітэце. Пра сям’ю кажа: “Для чалавека вельмі істотнае ў жыцці – гэта яго сям’я, мне так падаецца, гэта мой асабісты погляд. Муж і жонка абавязкова павінны быць адным цэлым, інакш нічога не атрымаецца.  Побач са мной, так сталася, вельмі добры чалавек” . Таму і на смайліку жонка Сяргея Віктаравіча побач з ім. Левае вока смайла: “Старэйшая дачурка Соня, Сафійка, мой анёлік. Першы дзіцёнак – самы незвычайны.Ты атрымліваеш тое, з чым ніколі не сустракаўся. Нейкая прастора, якую ты пазнаеш і якая пазнае цябе. Пасля, праз нейкі час, у нас з’явілася Марусенька (правае вока намаляванага смайла), мой маленькі анёлік. З другім дзіцём усё зусім інакш, як высвятляецца. З Соняй яны зусім не падобныя па характары, нават гуляюць з рознымі цацкамі. І крыўдзяцца па-рознаму. Соня хутка адыходзіць, а Маруся не будзе падыходзіць мірыцца адразу”.

вторая

Акрамя сям’і, у жыцці Сяргея Віктаравіча вельмі істотнае значэнне мае яго праца, а дакладней дзве працы. Кажа: “Я шчаслівы чалавек і ў працоўным жыцці. У першую чаргу – гэта БДУ – адна любімая праца. Установа, якая дала мне ў жыцці адукацыю, прафесію, навуковае жыццё. І яшчэ вельмі шмат чаго. Другая мая праца – выдавецтва “Новыя веды”, у якім я з’яўляюся галоўным рэдактарам сайта”. У выніку ў Сяргея Віктаравіча атрымаўся паўнапраўны смайлік. На пытанне, як атрымліваецца сумяшчаць дзве працы і сямейныя справы кажа: “Не атрымліваецца. З жонкай і дзецьмі праводжу не столькі часу, колькі б мне хацелася, але стараюся гэта выправіць”.

Наступнага выступоўцу аўдыторыя сустракала “мімішнымі” уздыхамі. Радаснай нечаканасцю здзівіла Вольга Міхайлаўна Самусевіч, якая прынесла з сабой сваіх хатніх жывёл.

третья

“Гэта не сябры, гэта члены маёй сям’і, – адразу мовіла Вольга Міхайлаўна. – Вось гэта Буся (сабака), ёй сем гадоў. Канешне, я яе вельмі люблю. А гэта малады, у поўным росквіце сіл коцік Рафік. Яму яшчэ няма годзіка. Назваў яго так сын у гонар факультэта,  на якім вучыцца.  Рафік і Буся сябруюць (гэта было відаць і па іх паводзінах у аўдыторыі). Праўда, Рафік адбірае ў Бусі яе ежу, што адразу па яму бачна. Рафік вельмі шмат нацярпеўся да таго, як трапіў да нас. Скажам так, прыбіўся да хаты. Жыў на нейкай дачы, цяляпаўся невядома дзе. Не ведаю, дзе яго маці і бацька. Да гэтага, праўда, у нас была іншая кошка. Яна кудысьці збегла. Вельмі прыгожая была кошка, чорна-белая, і звалі яе Мэрлін Мурло. Я вельмі сумавала, думала, што ніколі больш не вазьму ніякага ката. Калі вельмі доўга з жывёлай знаходзішся, а пасля яна знікае… Ну і вось прывалаклі гэты цуд”.

четвртая

Вольга Міхайлаўна аспрэчыла той стэрыятып, што чорны кот (Рафік чорнага колеру) – гэта дрэнна. Звяртаючыся да славянскай міфалогіі, распавяла, што чорныя каты прыносяць удачу і дабрабыт. Тым часам Рафік і Буся ўжо мадэльна пазіравалі фатографам. “Яны вельмі добрыя і гатовыя ісці да ўсіх на рукі”, – кажа Вольга Міхайлаўна. Далей яна распавяла некалькі цікавых гісторый аб сваіх сябрах, як яны, часам, гуляюць у даганялкі, носяцца па кватэры, як Буся любіць разам з Вольгай Міхайлаўнай вадзіць машыну: “Вясёлыя і незласлівыя, лепш паводзяць сябе, чым студэнты на занятках. Акрамя ўсяго, гэта яшчэ і стрэсатэрапія. Прыходзіш калі-нікалі з працы стомленай і без настрою, а яны выклікаюць на твары ўсмешку і дораць зарад энергіі”.

пятая

“Буся гаўкае толькі па-беларуск­у, – прызнаецца Вольга Міхайлаўна. – У яе “гаў” адразу чуваць толькі “ў” нескладовае. Цалкам беларускамоўныя жывёлы”. Яна лічыць, што ў сям’і, якая мае жывёлу, менш канфліктаў, сварак, дабрыня і паразуменне пануюць у адносінах. Пасля Вольга Міхайлаўна прапанавала ўсім бліжэй пазнаёміцца са сваімі хатнімі жывёламі, якія смела ішлі ў рукі студэнтаў.

шестая

Малады выкладчык нашага факультэта, Дзмітрый Алегавіч Нікановіч, аб сваім сямейным жыцці і сакрэтах яго шчасця:

“Ажаніўся ў 2014 годзе. Магу сказаць, што я сапраўды шчаслівы чалавек і магу падзяліцца сакрэтам свайго сямейнага жыцця. З жонкай пазнаёміліся на алімпіядзе па рускай мове і літаратуры, на якой прадстаўлялі Брэсцкую вобласць. Гэта яшчэ было ў адзінаццатым класе. Між тым, мая будучая жонка мяне перамагла. Я падумаў, цудоўная дзяўчына – трэба браць. Але ж, як скончалыся алімпіяда, мы раз’ехаліся і далей нашы адносіны працягваліся на адлегласці. Яна вярнулася ў Пінск, а я ў Брэст. Трэба было скончыць школу з залатым медалём, таму бацькі нам адразу сказалі, што ў адзінаццатым класе кахання быць не можа. Але ўсё ж такі мы падтрымлівалі адносіны па тэлефоне і ў інтэрнэце, перапісваліся нейкі час. Сустрэіся праз чатыры месяцы, калі сабраліся ў Брэсце ў Палацы моладзі. І я думаю, што гэта лёс. Але ж, я паступіў у Мінск, яна –  ў Брэст. Пяць гадоў працягвалі сустракацца на адлегласці, але не вытрымала маё сэрца: у пачатку апошняга курса мы ажаніліся. Зараз жывем ў інтэрнаце, абодва працуем”.

седьмая

Параіў прысутным ніколі не пужацца адносін на адлегласці. Таксама прызнаўся: нягледзячы на тое, што з жонкаю яны размаўляюць на рускай мове, дзетак выхоўваць будуць на абедзвюх мовах. Выказаў словы ўдзячнасці факультэту за такое пазнавальнае і карыснае мерапрыемства як Дзень роднай мовы, на якім мы размаўляем па-беларуску.

Апошнім на мерапрыемстве “Лад жыцця” выступіў Віктар Іванавіч Іўчанкаў, загадчык кафедры стылістыкі і літаратурнага рэдагавання, вопыт сямейнага жыцця якога складае 30 гадоў.

“Я таксама лічу, што шчасце – гэта калі ў сям’і дабрабыт, калі самейны лад,  – пачаў Віктар Іванавіч. –  Я ажаніўся ў няпоўныя 23 гады. Са сваёй жонкай вучыўся на адным курсе і факультэце. Але да нашага знаёмства яна мяне проста ненавідзела, аб чым я даведаўся потым. Я для яе быў вельмі правільным, выдатнікам”.

восьмая

Адным з сакрэтаў сямейнага шчасця быў прыклад з жыцця Віктара Іванавіча. На сваё вяселле ён запрасіў былую выкладчыцу. Прысутнічаць яна не змагла, але даслала віншавальны ліст, у пачатку якога напісала: “Віктар, памятайце словы А. П. Чэхава, што самае галоўнае ў сямейным жыцці – цярпенне”. Гэтыя словы Віктар Іванавіч дакладна зразумеў праз гады, праз асабісты вопыт і зараз ганарыцца сваёй сям’ёй. У яго двое дзяцей – дачка Лізавета і сын Ілля. Прызнаецца, што гэта самае асноўнае ў ягоным жыцці, але яшчэ дадае цікавы факт. “Мне вельмі пашанцавала з цешчай – Нінэль Дзмітрыеўна цудоўны чалавек, выхаваны і інтэлігентны”. Сапраўды, не кожны мужчына можа сказаць такія цёплыя словы пра сваю цешчу. Ганна Іванаўна Басава запыталася: “Што ў вашым разуменні шчасце?”. На пытанне Віктар Іванавіч адказаў прыкладам з жыцця: “23 лютага жонка ішла раней за мяне на працу, калі я ўстаў, то знайшоў на кухні паперачку. На ёй былі такія словы: “Я віншую цябе з днём абаронца. Ты – мой абаронца”. Вось гэта, відаць, і ёсць шчасце”.

Напрыканцы мерапрыемства Таццяна Мікалаеўна Дасаева заўважыла: “Усё, што гучала сёння – гучала на беларускай мове. Пра сям’ю і шчасце было прамоўлена столькі прыгожых слоў. Цудоўна, што ўсе гэтыя пачуцці можна выказаць на нашай роднай мове!”.

Завяршылася мерапрыемства ўзнагароджаннем удзельнікаў алімпіяды.

девятая

 

Оставить свой комментарий

Вы должны авторизоваться чтобы оставить комментарий.

Studlive.by © 2018 Все права защищены

Неофициальный сайт студентов Института журналистики БГУ

Хостинг предоставлен компанией hoster.by