Рэцэнзія на спектакль В. Анісенкі паводле дакументальнай аповесці С. Алексіевіч “Чарнобыльская малітва”

Святлана Чыжык

Інстытут журналістыкі БДУ

Я буду шэптам чытаць сваю чарнобыльскую малітву, альбо Verbatim на папялішчы

У гэтым годзе споўніцца 30 гадоў з таго моманту, як на тэрыторыі горада Прыпяць (сучасная Украіна) выбухнуў рэактар Чарнобыльскай АЭС. Дата жахлівая. І жах увесь не толькі ў самой лічбе — нават язык не павернецца назваць яе юбілейнай. Увесь гэты жах заключаны ў перажытым нашымі землякамі. Гэта дата-памяць. Пра ўсіх тых, хто стаў супраць радыяцыі. Гэта дата-боль. Пра наўмысна змоўчанае, пахаванае, жудаснае. Як кажа герой аповесці “Чарнобыльская малітва” псіхолаг Пётр С.: «Я думаў, што самае страшнае са мной ужо было… Вайна»…

Вялікі натоўп людзей. Асабліва маладых. Школьнікі. Не скажу, што гэта здзіўляе, але пачуццё невядомай збянтэжанасці і цікавасці прымушае рухацца далей па памяшканні Рэспубліканскага тэатра беларускай драмы. Сёння са сцэны будзе адчувацца подых гісторыі, пакалечаных і зламаных радыяцыяй лёсаў людзей, таму і адчуванне нейкае разгубленае, нават баязлівае, бо “Чарнобыльскую малітву” лічуць адзіным на постсавецкай прасторы спектаклем пра трагедыю 86-ага года. Так  адбылося, што ён непаўторны. Адзіны.

сайт РТБД

Думкі пра ўзнікненне твора, лёсы людзей, якія ўбачылі ўвесь жах радыяцыйнай атакі, адыходзяць на другі план, калі раптам усталёўваецца цішыня, і ў холе з’яўляецца бабулька, роль якой выконвае народная артыстка Беларусі Таццяна Мархель, і просіць, каб мы дапамаглі знайсці дзяўчынку Ганну Сушко, якая знікла падчас радыяцыйнай вайны. І ты разумееш: дзеянне пачынаецца.

На сцэне знаходзяцца адрэзкі тоўстага бярвення ў якасці крэсла для кожнага акцера, як сімвал зрэзанага пад карані жыцця. Каля іх свечкі, шмат свечак. Уражвае тое, як акторы аб’ядноўваюцца і адначасова адасабляюцца адно ад аднаго: спачатку гэта падобна на гутарку паміж сабою, абмен горам, споведзь, а пасля надыходзіць час самастойнага выхаду для кожнага, у адзіноце, сам насам са сваёй бядой. Нечакана пранізлівыя хвіліны маналогаў абрывае глядач з залы, які падбягае да сцэны і перапыняе дзеянне… анекдотам (гэта было задумана!).

На рынку:

Навошта ты купляеш яблыкі, яны ж чарнобыльскія? – пытаецца мінак.

—Як навошта! То для цешчы, то для начальніка. – адказвае суразмоўца.

Смешна? Сапраўды. Толькі смех нейкі балючы, крыклівы, насычаны болем і жахам. Людзей, якія трапілі ў зону Чарнобыля, сапраўды баяліся іншыя, “не такія, як яны”, казалі, што гэтыя людзі заразныя, грэбавалі браць ад іх посуд, адзежу, гародніну. На мой погляд, гэта цікавы рэжысерскі ход, які дае магчымасць “паўдзельнічаць” у спектаклі гледачам: яны ж любяць інтрыгі, незвычайныя сітуацыі. Гэта гульня на падсвядомых патрэбах чалавека з мэтай выклікаць у іх вострыя эмоцыі паразумення і глыбокага адчування праблемы.

чанобыльская-малітва-2

У кожнага з герояў свая рэальная гісторыя, з якой ён прыйшоў да гледача, — гэта традыцыйна для спектакля тэатра вербатім (альбо дакументальнага тэатра), які будуецца на рэальных маналогах і дыялогах звычайных людзей. Спектакль “Чарнобыльская малітва” першым у нашай краіне выкарыстаў такую тэатральную тэхніку. Дарэчы, трэба адзначыць, што на самой справе аповесць “Чарнобыльская малітва” не мае аніякіх адносінаў да тэатру, бо гэта крыштальнай вады публіцыстыка, нешта кшталту рэпартажаў пра жыццё людзей. Таму і працаваць было складаней. Вельмі важна паведаміць пра сур’езныя рэчы так, каб глядач зацікавіўся, каб прымусіць яго шчыра спачуваць, адказваць душою, бо ў большасці сваёй сур’езныя рэчы не выклікаюць пачуццяў, а канстатуюць рэчаіснасць.

Маналогі актораў чаргуюцца, як стрэлы, выбухі. А з імі чаргуецца мова: беларуская, руская. Шчыра кажучы, гэтая дэталь уводзіла ў непаразуменне: чаму, калі твор напісаны на беларускай мове, трэба дэкламаваць яго на рускай? А потым, крыху паразважаўшы, прыйшла да выніку, што гэта чарговая даніна білінгвізму ў нашай краіне ці відавочная дэманстрацыя размежавання людзей на класы, бо сапраўды, героі, якія паходзілі “з вёскі” былі бліжэй да “матчынай мовы”, а тыя, хто стаў на гарадскі  шлях гаварылі на “спадарскай”. І ў выніку з гэтым, як ні прыкра, але беларуская мова са сцэны губляла сваю сакавітасць, прыроджаную цікавасць, гэта адчувалася, калі акцеры парушалі шматлікія фанетычныя і граматычныя нормы беларускай мовы. Мой сябра на гэта адказаў, што ў спектаклі “Чарнобыльская малітва” гэта можа быць дазволена, маўляў, кажуць звычайныя простыя людзі. Але я не згодна. На мой погляд, месца могуць мець дыялектычныя асаблівасці, якія указваюць на адметнасць гаворкі, нават кажуць нам пра месца жыхарства чалавека, але літаратурную мову нельга скажаць. Ды і ўвогуле, калі зараз моладзь менш чытае класічную літаратуру (скарбніцу высокай мовы), няхай хаця б са сцэны чуе яе чыстай, нібы сляза.

Вялікія маналогі спекталя прырываюцца акапэльнымі спевамі Таццяны Мархель. Гэта народныя песні, якія людзі спявалі, калі пралі, працавалі на полі. Менавіта гэта дае адчуванне вялікай трагедыі для ўсяго народа ў не залежнасці ад узросту і пасады. Ведаеце, у тэатры, у якім я іграю (- прым. рэд.), мне заўседы казалі, што неабходна ўмець працаваць з аўдыторыяй, выклікаць у яе эмоцыі і намотваць іх на кол сваёй ігры, але гэтага можна дабіцца толькі ўзаемнай, такой жа вялікай аддачай. Дык вось, вельмі паказальным для мяне быў маналог Марата Піліпавіча Коханага, былога інжынера Інстытута ядзернай энергетыкі Акадэміі навук Беларусі (ролю выконваў заслужаны артыст Беларусі Валянцін Салаўёў), які прыйшоў да высновы, што “мы ўсё яшчэ сталінская краіна і ў нас усё яшчэ жыве Сталін”.

чанобыльская-малітва-3

Знішчаць людзей, наўмысна змоўчваць аб рызыке для жыцця, адпраўляць маладых хлопцаў у пастку радыяцыі, грэбаваць імі, змяшчаць чырвоныя сцягі на рэактары з подпісам “Победителю социалистического соревнования”, як сімвал перамогі, які потым прагна жэрла радыяцыя — гэта як? Гэта дзікунства. Рэпрэсіі новыя — методыка старая. Ад гэтага хварэе дзяржава, ад гэтага руйнуюцца жыцці людзей.

Заканчваецца спектакль выхадам актораў, кожны з якіх трымае у руках то яблык, то кветкі, якія кладуць на кожнае дрэва-крэсла, а самі кладуцца побач. Усе яны жывыя магілы. Жывая памяць аб мінуўшчыне. Яны гудзяць быццам стомлены цягнік, нібыта моляцца і просяць: “Людзі, прачніцеся! Адыдзіце ад зачарсцвелага “чырвонага свету”, але памяць пранясіце праз стагоддзі, каб зберагчы краіну ад другой “ядзернай Меккі”.

Фотаздымкі ўзятыя з сайта РТБД.

Оставить свой комментарий

Вы должны авторизоваться чтобы оставить комментарий.

Студент онлайн © 2017 Все права защищены

Неофициальный сайт студентов Института журналистики БГУ

Хостинг предоставлен компанией hoster.by