Рэцэнзія на спектакль Мікалая Пінігіна паводле аднаімённай п’есы Ясміны Рэзы «ART»

Святлана Чыжык

Інстытут журналістыкі БДУ

Мастацтва без двукосся, альбо Завершаны «трыпціх» сяброўства

Бойкае перакідванне словамі. Спалучэннямі слоў. Сказамі. Гэта першае, на чым засяроджваецца ўвага глядача. Нават і часу няма адпачыць ад гэтай «інфармацыйнай» гульні, якая пачалася паміж трыма сябрамі. З-за адсутнасці паўз, магчымасці крыху перавесці дыханне ўся рэфлексія пераходзіць на слова і яго ігру. Але нечакана верхняе святло прыглушаецца, і яскравы белы прамень выдзяляе аднаго з герояў гэтай п’есы, якому карціць падзяліцца вытокамі сваёй трывогі. І звяртаецца герой не да партнёра па сцэне, а да аўдыторыі, прама ў залу. Гэты прыём называецца «апартам«: акцёр нібыта размаўляе сам з сабою і думае, што яго ніхто слухае. Такая тэхніка акцёрскай гульні знайшла сваё пачэснае месца ў спектаклях «Ревизор«, «Горе от ума« і нават цяпер не страчвае сваёй актуальнасці...

Інтымныя маналогі, якія ільюцца са сцэны, вымалёўваюць рознакаляровыя партрэты герояў. Чаго не скажаш пра дэкарацыі, якія нагадваюць падарожжа ў рэанімацыйны пакой, дзе ўсё аднолькава белае: белы кабінет, белае крэсла, белая канапа, белы дыван… Здаецца, што зараз званітуе ад такой канцэнтрацыі стэрыльнасці і аднастайнасці, аднак асцярожныя змены яркага святла на больш блёклае — і героі ў чорным адзенні кладуць пачатак амаль што двухгадзіннай п’есы, якая не мае нічога агульнага з лёгкай бязглуздзіцай на французскі лад, а носіць пачэснае званне «інтэлектуальнай камедыі».

cNVN6TdcTXs

Паводле п’есы Ясміны Рэзы, трое сяброў гатовы пасварыцца і нават прычыніць каму-небудзь фізічны боль з-за таго, што адзін з сяброў купіў белую карціну, на якой намаляваны тры паралельныя (белыя!) лініі. І аддаў за яе Серж (Сяргей Чуб) 200 тысяч еўра. Карціна настолькі раздражняе і адначасова прыцягвае ўвагу сяброў, што мы не можам даведацца пра іх мінулае і не можам прагназаваць іх будучыню. Гэты чатырохкутнік, які нібыта зваліўся з нябёсаў, адсякае мінулае і будучыню і пакідае толькі відавочную рэальнасць. Толькі між радкоў, у рэпліках герояў, гучаць словы аб іх «15-гадовым сяброўстве».

Серж, шчаслівы набывальнік карціны, абвінавачвае Марка ў «недалікатнасці, нетактычнасці» (Алег Гарбуз), кажа, што «трэба быць чалавекам сваёй эпохі», то бок «прымаць удзел у працэсе эвалюцыі (мастацтва)». Інтрыга нарастае. Марк нападае. Серж абараняецца сам, абараняе карціну і яе аўтара. А Іван (Міхаіл Зуй) усімі намаганнямі імкнецца прымірыць сяброў, не пасварыўшыся пры гэтым ні з адным з  іх.

Иснуе такое меркаванне, нібыта ў п’есе прасочваюцца тонкія намёкі на гамасексуальныя нахільнасці герояў, аб чым сведчаць іх звышэмацыйныя рэакцыі, яскравыя маналогі, якія, у прынцыпе, не характэрны для мужчын з традыцыйнай арыентацыяй. Але паводзінаў кшталту гэтага я ў спектаклі не знайшла…

HhIuFyT_Eew

П’еса нагадвае шматслаёвы пірог, бо акрамя адносінаў да мастацтва, мы бачым цалкам процілеглыя погляды сяброў на жанчын, поспех, грошы. Узнікае пытанне, як увогуле гэтыя людзі 15 год, як яны кажуць, сябравалі? Бо акрамя іх палярных поглядаў, каштоўнасцей, яны розныя па характарах: адчуваюцца дыктатарскія здольнасці Марка, які кажа, што ён «павінен ляпіць іх»; цвярозыя думкі Сержа, які імкнецца ўпэўніць Марка ў тым, што «трэба любіць людзей такімі, якія яны ёсць»; і Іван, якога называюць «палавінчатай істотай», а ён сябе лічыць «мішэнкай кпінаў», не хочучы існаваць «сам па сабе». Неяк жа трымаліся, «сябравалі», можа, і спалі, а тут… з-за нейкай карціны –раптоўнае прабуджэнне!..

Інтэлектуальная іронія аўтара п’есы ў спалучэнні з інтэлектуальнай эмоцыяй і лёгкай пластыкай акцёраў ствараюць неверагодную сцэнічную падзею. Мастацтва ў спектаклі паўсюль: у назве, у гаворцы герояў і… ў «Чорным квадраце» Малевіча, які застаецца пасля таго, як Серж здымае са сцяны ўласную «карціну альбіноса». Вядома, што «Чорны квадрат» з’яўляецца часткай трыпціха знакамітага мастака, у які яшчэ ўваходзяць «Чорны крыж» і «Чорнае кола». Пад крыламі гэтага шэдэўра мастацтва знаходзяцца героі п’есы, і кожны з іх атаясамліваецца з нейкай фігурайь — такім чынам мы бачым іх сапраўдную несумяшчальнасць, якую пацвярджаюць маналогі, дзеянні ў межах спектакля.

Нечакана белая сцяна трансфармуецца ў падлогу, на якую сыпле белы снег. Героі трапляюць у дзяцінства, гуляюць у снежкі, быццам імкнуцца вярнуць штучным шляхам сяброўства, але глыбокія, напоўненыя смуткам вочы, кажуць пра глухату адно да аднаго, якія саромеюцца і паварочваюцца да гледачоў спінай, асэнсоўваючы свае дзеянні ў адносінах да іншых, а іншых – да сябе…

ота ўзяты з сайта Нацыянальнага акадэмічнага тэатра ім. Янкі Купалы

Фотаздамкі з сайта Нацыянальнага акадэмічнага тэатра ім. Янкі Купалы.

Оставить свой комментарий

Вы должны авторизоваться чтобы оставить комментарий.

Студент онлайн © 2017 Все права защищены

Неофициальный сайт студентов Института журналистики БГУ