Рэцэнзія на спектакль Дзіяны Балыкі “Белы анёл з чорнымі крыламі”

Святлана Чыжык

Інстытут журналістыкі БДУ

Маральныя калекі, альбо Вылечванне Віч інфекцыяй

Мяне часта цікавіць пытанне: ці ёсць нейкая цана жыцця чалавека? Што гэта — неабходная рэч альбо непатрэбны апендзікс, які хочацца ўласнаручна выдаліць? Жахліва чытаць у газетах пра суіцыд школьнікаў, пра чарговыя імкненні дарослых вось так проста сысці з жыцця. Нават надакучыла. Чаму некаторыя людзі так лёгка гатовы адмовіцца ад магчымасці жыць, а іншыя вядуць за яе барацьбу, цяжкую і настойлівую? Парадокс… А яшчэ кажуць, што чалавек — істота разумная і знаходзіцца на вышэйшай ступені развіцця. Цікава, да нашай эры ці пасля?..

Галоўную гераіню Ніну (Алена Баярава) заўважаеш адразу. Чырвань — яе прыкмета. Сярод звычайнай сямейнай мітусні перад Новым годам яна нібыта “чырвоная” варона, якая лятаць не лятае, і існаваць не ўмее. Што ж рабіць — дачка творчай сям’і, у якой увогуле адсутнічае паняцце рэчаіснасці, наваколля. Тут усё вырашаецца з дапамогай чаркі каньяка. “У іх усё будуецца на пачуццях, адчуваннях”, — так жа гавораць пра асяроддзе багемы, куды няма ўваходу простаму прагматычнаму смяротнаму. І гэтая багемная плоскасць пашыраецца: нават на сцэне заўважаеш чорна-белыя колы, якія адлюстроўваюць бясконцасць гэтага стылю жыцця. І самае жахлівае тое, што такі нездаровы стыль ламае лёсы дзяцей. І Ніна, і Каша хочуць вырвацца з гэтай залежнасці, і хаця б раз у жыцці зрабіць так, як ім гэтага хочацца. Напрыклад, “напісаць бестсэллер і паставіць па ім спектакль”. Не, які бестсэллер, трэба адразу скончыць кансерваторыю, бо бацькам лепш відаць…

Я вось падумала: гэта як жа можна зламаць псіхіку дзіцяці, сказаўшы, што “сябраваць трэба ні з кім, а супраць некага”. Вось так пасля і вырастаюць сябры-тэрарысты і антысябры. А Вользе (Ганна Анісенка), матулі Ніны і Кашы, усё дазволена, бо яна чалавек мастацтва — глупства, адным словам.

Bely-anyol__-0

Вядома, што канфлікт завязваецца тады, калі сутыкаюцца дзве супрацьлеглыя кропкі меркавання. Вось так адбываецца паміж маці і Нінай. Адна грунтоўна абмяжоўвае свайго апанента, цісне вялікім “вопытам” жыцця, узростам, а другая ўсёй сваёй сутнасцю пратэстуе супраць свавольнага рэжыму, імкнецца атрымаць права быць пачутай. Спачатку я крыху пужалася вялікай яркасці Ніны: чырвоны колер меў надта высокую канцэнтрацыю. А пасля перастала, бо гэты колер сімвал набалелага. І сапраўды, псіхолагі кажуць, што чырвоны колер ажыццяўляе максімальнасць у пачуццях, барацьбу за сваі правы: спачатку гэтая барацьба прыводзіць да аборта, пасля ў яе ўзнікаюць падазрэнні на ВІЧ-інфекцыю. Сімвалічна, што прозвішча яе Віч, Ніна Віч — быццам лёс ужо вызначаны.

І ёй няма каму дапамагчы, нават сям’ю яна называе “чужой”: бацька не яе, маці клапоціцца толькі пра сябе, а сястра Каша (Вераніка Буслаева)… “родная, але яшчэ малая, таму дурненькая”. Яна адна разумее яе.

Цяжка супрацьстаяць свету, калі ўсім на цябе напляваць: каханаму, бацькам, нават медработнікам. Дарэчы, памятаю, як зала смяялася з узаемаадносінаў паміж доктарам (Аляксандр Марчанка) і медсястрой (Марына Здаранкова), асабліва з фразы “адзін раз не підарас” — гэта весяліць, але раўнадушнае і ўвогуле неправеранае-невыверанае (“У вас ВІЧ, станоўчы”) забівае цябе маральна, не даючы шанец на жыццё. Вакол адна глухата, эгаізм. І паўсюль духоўнае змяняецца фізічным, жывотным: заляцанні медсястры да доктара, чытанне бацькам нумарка Playboy у прысутнасці жонкі… Дзе хоць некая кропля павагі, пачуццё ўласнай годнасці? Няма! І ўжо не будзе.

А ў Ніны ВІЧ. І вось у гэты момант ажыццяўляецца пераасэнсаванне ёю сусвету. Калі спачатку яна скарадзілася, вяла пусты, бяссэнсоўны вобраз жыцця, то цяпер яна шануе яго, бо ёй засталося недоўга. Няўжо чалавеку патрэбен рухавік менавіта такога кшталту? Так, зноў-такі кажа пра сябе нелагічная чалавечая сутнасць. Толькі тады пачынаеш шанаваць рэч, калі адчуваеш, што хутка адбяруць яе ў цябе. І з апошняй надзеяй ты падымаеш вочы да неба і ціхенька просіш: “Госпадзі, не пакінь. Я хачу жыць. Я хачу жыць, Госпадзі…”

Bely-anyol__-1

Ведаеце, я вельмі рэдка бачыла, калі акцеры плачуць. Але размежоўваць сапраўднае ад ілжывага ўжо пачынаю. Калі бачыш слезы на вачах акцёркі, разумееш, што яна жывая. Яна чалавек. Можа, разам з гэтымі словамі яна пераасэнсоўвае сваё жыццё. Чамусьці складваецца памылковае ўражанне, што акцеры — гэта проста: вось што ім паплакаць альбо пасмяяцца?! Але гэта не так.

Падчас антракту я выйшла з залы паглядзець на фотаздымкі акцёраў. Некаторых запомніла, а з некаторымі толькі пазнаёмілася. І пачула размову школьніц: “Яны вось п’юць там каньяк, і нават не сыходзяць у прыбіральню. Як гэта магчыма?”, альбо іншае “Уяві сабе, ім жа трэба распранацца, цалавацца…” — “Так, ну гэта ж тэатр!” Вось як уяўляюць тэатр маладыя людзі, вось што іх цікавіць, нават бянтэжыць. Але гэта жыццё, і на сцэне тэатра таксама не ўтапічная краіна, а рэальнасць, каб людзі ўбачылі сябе з боку, ацанілі падзеі, учынкі, бо ва ўласным жыцці знайсці асобу, схільную да аналізу, складана.

…Ніна стамілася. Яна хварэе. І Бога таго няма, а яна ж так яго звала. Застаецца адно — пайсці з жыцця. Пасці прыгожа — проста не праснуцца. Нават музыка Дзяніса Паршына не можа не крануць. Адчуваеш, як ад яе у цябе макрэюць вочы. Усё страчана, ды і жыццё скончана, уласна кажучы. Але яна… здаровая. Урачы проста не праверылі аналіз, не удакладнілі. Бацькі як і раней, п’юць ад шчасця, святкуюць Дзень народзінаў Ніны, толькі Аркадзія (Каша) аберагае яе сон.

bely-anel-2015-8627150

“Беражы сябе і любі, я заўсёды з табой памятай”, — сустракае Ніна анёла ў сне. Яна дасягнула шчасця ў тым свеце, вылечылася маральна, дзякуючы памылковаму дыягназу ВІЧ-інфекцыі.

Чалавек — істота складаная. Рабіць балюча каму-небудзь — гэта ён умее, гэтаму не трэба вучыцца. Толькі прашу, не адбірайце жыццяў, не адбірайце шанец спасцігаць, адчуваць і бачыць. Не важна, хто вы: пяшчотныя бацькі, якія клапоцяцца пра будучае сваіх дзяцей, альбо медыкі, у якіх адсутнічае ўсялякае паняцце этыкі: не калечце душы іншых, бо ўсё адно калі-небудзь і вам трапіць быць ахвярай, а не катам!

Фотаздымкі ўзяты з сайта РТБД.

Оставить свой комментарий

Вы должны авторизоваться чтобы оставить комментарий.

Студент онлайн © 2017 Все права защищены

Неофициальный сайт студентов Института журналистики БГУ

Хостинг предоставлен компанией hoster.by