Пігмаліёны і Галатэі

Ганна Варонка

журналістыкі

Аднойчы ў стражытнай Грэцыі цар Кіпра Пігмаліён высек скульптуру жанчыны – Галатэю. І такім прыгожым было яго тварэнне, што Пігмаліён закахаўся – дарыў ёй падарункі, апранаў у прыгожыя ўборы, але камень заставаўся каменем. Тады Афрадыта, багіня кахання, кранутая пачуццямі кіпрыянскага цара, ажывіла мармуровую жанчыну…

Аднойчы ў амаль што сучаснай Англіі прафесар фанетыкі Генры Хіггінс пайшоў у заклад з палкоўнікам Пікерынгам, што зможа зрабіць з кветачніцы-гандляркі самую сапраўдную герцагіню – навучыць яе правільна размаўляць, апранацца, весці сябе ў грамадстве. І выіграў…

Сваё бачанне вядомейшай п’сы “Пігмаліён” прадэманстраваў 14 красавіка Рускі драматычны тэатр Літвы на сцэне Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага музычнага тэтра. Паставіла твор Бернарда Шоу малады літоўскі рэжысёр Лінда Урбона, выхаванка Тбіліскага універсітэта тэатра і кіно імя Шота Руставэлі.

Незвычайнасць класічнай літаратуры змяшчаецца ў тым, што кожны там бачыць, што яму блізка, таму пастаноўкі адной і той жа кнігі адрозніваюцца кардынальна. Адны ў “Пігмаліёне” бачаць сацыяльную праблематыку, другія – дэмакратычны дух, хтосьці – карысць адукацыі, Лінда Урбона вылучыла гісторыю кахання Элізы Дуліттл і Генры Хіггінса. Таму і прафесара іграе не пяцідзесяцігадовы акцёр, як гэта водзіцца, а малады Вячаслаў Лук’янаў.

П’еса пачынаецца вельмі дынамічна – цудоўная ігра акцёраў, англійскі гумар, інтрыга ператварэння кветачніцы ў герцагіню прысутнічае адразу.

Ілюзіі прысутнасці дапамагаюць вельмі рэалістычныя дэкарацыі (мастачка – Ніно Кіціа) і спакойная, ледзь заўважная музыка, якая дапамагае адчуць душэўны стан герояў (кампазітар – Фаустас Латэнас). Таксама цікавай задумкай стала размяшчэнне на сцэне манументальнага памеру частак тварэння стражытнагрэчаскага Пігмаліёна, ствараючы кантраст паміж вялікасцю мармуровай Галатэі і героямі. Такі філасофскі ход падкрэсліў вялікасць антычнай культуры і тое, што амаль усё мастацтва будуецца менавіта на ёй. Юліана Валодзька (Эліза) цудоўна перадае няправільны дыялект гаворкі сваёй гераіні, яе рухі, паводзіны – усё ў дзясятку. Сцэна на прыёме ў доме маці прафесара, дзе кветачніца сутыкаецца з астатнімі гасцямі, бліскуча паказвае кантраст двух слаёў насельніцтва – арыстакратыі і мяшчанства, а таксама смешнае імкненне “залатой” моладзі быць моднымі: каб хоць неяк апраўдаць недарэчнасці, якія гаворыць Эліза, Хігінс кажа, што яна проста ўжывае сучасныя выразы маўлення, што раіць рабіць і астатнім. Ён і сам смяецца з грамадства, да якога належыць. У пастаноўцы Хігінс атрымаўся даволі непрыемным чалавекам: гаворыць не вельмі прыстойныя словы, паводзіць сябе эгаістычна, пастаянна лаецца, ходзіць з рукамі ў кішэнях і звініць манетамі. Ну, прама скажам, не мужчына-мара. Але Эліза насамрэч у яго закахалася і з той нахабнай і вульгарнай гандляркі ператварылася ў сапраўдную ледзі. Заклад прафесар фанетыкі выйграў, але зусім не заўважыў, што кветачніца – гэта не кубак, не скакавы конь, які прыйшоў першым да фінішу, а дзяўчына. Вельмі кранальна перадае пачуцці Элізы сцэна, калі яна абдымае пантофлі свайго каханага – найвысшая ступень адданасці.

Вось такая верная Эліза Хігінсу не падабаецца (мужчыны!). А пачынае кахаць ён сваю “Галатэю”, толькі калі яна яго астаўляе, становіцца самастойнай і не хоча заўважаць прафесара. І трэба сказаць, даволі непрыены характар Хігінса, перакананага халасцяка, пачынае змяняцца. Дажыўшы да сарака гадоў ён толькі зараз пачынае разумець, што такое каханне і сяброўства.

Дык хто каго высек з мармуру: Генры Хіггінс Элізу Дуліттл ці наадварот? Усе мы трошкі пігаліёны і галатэі. Ствараем адзін адно.

Фота — Д. Матвеяў

Оставить свой комментарий

Вы должны авторизоваться чтобы оставить комментарий.

Studlive.by © 2018 Все права защищены

Неофициальный сайт студентов Института журналистики БГУ

Хостинг предоставлен компанией hoster.by