Чым запомніцца "Уімблдон"-2018 11

Чым запомніцца «Уімблдон»-2018

Зусім нядаўна завяршылася грандыёзная падзея ў свеце тэніса — трэці ў сезоне турнір «Вялікага шлема», «Уімблдон». Спаборніцтвы доўжыліся два тыдні, і за гэты час на травяных кортах Усеанглійскага клуба лаўн-тэніса і кракета адбылося мноста падзей, якія яшчэ доўга будуць памятаць.

Марафон Андэрсана і Ізнера

Восем гадоў таму менавіта на “Уімблдоне” Джон Ізнер і Нікаля Маю ўчынілі 11-гадзінную бойню. З таго часу сустрэчы высокіх хлопцаў з моцнай падачай на англійскіх кортах заўсёды выклікаюць хваляванне. Такія матчы здараюцца вельмі рэдка, але гэтым разам хваляванне было недарэмным.

Падчас паўфіналу Кевін Андэрсан і той самы Джон Ізнер знаходзіліся на корце 6 гадзін і 36 хвілін. Кропка была пастаўлена толькі ў пятым сэце з лікам 26:24. Свой марафон 2010 года Ізнер выйграў (між іншым, з лікам 70-68), але цяпер амерыканцу не пашанцавала. Гэта быў другі па працягласці матч у гісторыі “Вялікіх шлемаў” і чацвёрты – у гісторыі тэніса ўвогуле.

Дарэчы, Андэрсан так і не здолеў аднавіцца пасля такой нагрузкі і ў фінале амаль без барацьбы саступіў Новаку Джокавічу.

Гэты матч выклікаў вялікі ажыятаж сярод саміх тэнісістаў. Многія збіраюцца пратэставаць супраць жорсткіх правілаў на “мэйджарах”. Іх мэта – увядзенне тай-брэйку ў вырашальным сэце. Сярод незадаволеных і самі Ізнер з Андэрсанам.

Суперматч Джокавіча і Надаля

Калі вам патрэбны аргумент супраць змагароў з пяцісэтавым фарматам, то вось ён. Новак Джокавіч і Рафаэль Надаль дабраліся да лічбаў 10:8 у вырашальным сэце, гулялі пяць гадзін, і кожная хвіліна гэтага матча была надзвычай прыгожай. Гэта была бітва характараў, засяроджанасці і фізічнай падрыхтоўкі ў маштабе, які не ўбачыш ні ў адным іншым спорце.

Зусім крыху менш шыкоўным атрымаўся чвэрцьфінал паміж Надалем і Хуанам Марцінам дэль Потра. Але там было яшчэ і сутыкненне стыляў: магутная атака аргентынца супраць контратакі Рафы.

Дзеля такіх матчаў можна пацярпець зацяжныя першыя кругі і Ізнера з Андэрсанам. І нават Ізнера з Маю, чый матч стаў вялікай падзеяй з дрэннай гульнёй.

Правал топавых тэнісісткак

На кожным “Уімблдоне” як мінімум адна тэнісістка з дзясяткі сеяных даходзіла да чвэрцьфіналу. Гэты год нечакана стаў выключэннем.

Стывенс (4), Світоліна (5), Гарсія (6) і Квітава (8, галоўная фаварытка) склалі ракеткі ўжо пасля першага круга. Вазняцкі (2) і Мугуруса (3, мінулагодняя пераможца) паехалі дадому на стадыі 1/32. Халеп (1), В. Уільямс (9) і Кіз (10) прайгралі ў сваі трэцім матчы. Плішкава (7) спынілася ў 1/8.

Дагэтуль вядуцца спрэчкі наконт таго, што гэта ўвогуле было: ці то “другі эшалон” раптам апынуўся здольным змагацца на высокім ўзроўні, ці то эліта стала зусім слабой і свайму рэйтынгу не адпавядае.

Цікава, што перамагла ў выніку Анжаліка Кербер – 11 ракетка спаборніцтваў. Для яе гэта трэці «шлем» у кар’еры.

Поспехі беларусак

Тэніс – спорт непрадказальны. Вікторыя Азаранка, самая тытулаваная беларуская тэнісістка, на сваім прыкладзе гэта пацвердзіла. У адзіночным разрадзе тэнісітка, якая толькі-толькі канчаткова вярнулася ў тур, не бліскала, але ў пары з Джэймі Марэем проста тварыла цуды.

Ужо ў першай гульне беларуска-брытанскі дуэт ледзь не саступіў супернікам, але ў выніку перамог з лікам 6:7 (2:7), 6:4, 6:4. У вырашальным сэце наступнага раўнда Вікторыя і Джэймі адыграліся з ліку 1:5, і гэта пры тым, што апаненты мелі матч-бол!

Наступныя матчы таксама былі вельмі драматычнымі, але пара ішла далей і далей. У выніку беларуска і брытанец апынуліся ў фінале, але перамагчы там у іх не атрмалася.

Яшчэ адной тэнісіткай, якой мы можам ганарыцца, стала Аляксандра Сасновіч. Ёй вельмі не пашанцавала з сеткай, бо ужо ў першым раундзе трэба было змагацца з галоўнай фаварыткай “Уімблдона” Петрай Квітавай. Але Сасновіч здзейсніла, здавалася б, немагчмае: перамагла чэшку з “абаранкам”.

Далей яна таксама паспяхова выступала і ўпершыню ў кар’еры выйшла у другі тыдзень на “Вялікім шлеме”. Спыніць Аляксандру атрымалася толькі ў Алёны Астапенкі, чэмпіёнкі мінулагодняга “Ралан Гарос”.

Добавить комментарий