Маленькі горад з вялікай гісторыяй

Гапанюк Маргарита Владимировна

Факультет журналистики

Радзiма… Кожны разумее гэтае слова па-свойму. Для кагосьцi гэта тое месца, дзе ён нарадзiўся і  правёў дзяцінства, для кагосьці гэта месца, куды хочацца вяртацца зноў і зноў, і так можна казаць да бясконцасці. Я нарадзілася ў невялікім горадзе Кобрын, ён знаходзіцца ў сарака кіламетрах ад Брэста. Насельніцтва складае ўсяго пяцьдзясят тры тысячы чалавек, і амаль кожны ведае адзін аднаго.

Кобрын – маленькі горад з вялікай гісторыяй. Вялікая Айчынная вайна пакінула жудасны след у летапісах майго роднага горада. Уся справа ў тым, што каля 70 працэнтаў ад усяго насельніцтва складалі яўрэі, якія апынуліся на акупаванай тэрыторыі. З першых тыдняў вайны гвалт і бесчалавечнасць не ведалі межаў. У самым пачатку акупацыі на Кастрычніцкай вуліцы быў наўмысна падпалены малітоўны дом. Тушыць пажар забаранялася, у выніку чаго згарэў цэлы квартал. Тым часам для яўрэяў было арганізавана гета, якое складалася з дзвюх адасобленых частак: гета «А» і гета «Б». Да першага адносіліся самыя перспектыўныя і карысныя нявольнікі, разнастайныя спецыялісты і наогул дужыя людзі. Іх выкарыстоўвалі ў якасці працоўнай сілы. А ў гета «Б» уваходзілі ўсе астатнія: дзеці, пажылыя людзі, інваліды. Яўрэі другой групы не неслі ніякай карысці, таму трымаць іх не было сэнсу. Ім загадалі ўзяць з сабой каштоўныя рэчы і павезлі на вакзал.Там іх чакалі таварныя вагоны, у якія з прымяненнем самых бесчалавечных мер уздзеяння сталі запіхваць людзей. Цяжка ўявіць, што рабілася ў наглуха закрытых вагонах, пры жахлівай духаце, поўнай адсутнасці свежага паветра на працягу шэрагу жудасных гадзін. Больш слабыя, асабліва жанчыны, дзеці, старыя, не вытрымлівалі пякельных пакут і да месца прызначэння даязджалі трупамі. Людзі яшчэ не ведалі, што іх чакае. Іх прывезлі ў пункт прызначэння, а там ужо былі выкапаны восем ям даўжынёй 40-80 метраў, шырынёй 6 метраў і глыбінёй 4 метры.  На спецыяльна падрыхтаваных пляцоўках асуджаных на смерць прымушалі распранацца дагала, а потым па чарзе спускацца па лесвіцы на дно ямы і класціся тварам да зямлі. Ляжачых дабівалі аўтаматнымі чэргамі. На забітых і паміраючых пакорліва клаліся наступныя ахвяры, пакуль яма не была цалкам запоўненая скрываўленымі чалавечымі цяламі. Гэтая мясарубка перамалола звыш 50 тысяч чалавек, дастаўленых сюды з Кобрына, Іванава, Гарадца, Бярозы, Брэста, Драгічына і Пінска. Насельнікі гета «А» былі цвёрда ўпэўненыя ў тым, што яны, дзякуючы іх карыснасці, будуць уратаваны. Расправа над імі адбылася пазней — восенню 1942 года. Уся аперацыя была старанна прадумана і выканана з дасканальнай нямецкай акуратнасцю. Цалкам аголеных людзей падводзілі да краю ямы. З пісталета ў патыліцу карнік рабіў стрэл і нагой штурхаў ахвяру. Дарослыя падыходзілі да ямы ціха, апусціўшы галовы, не прамовіўшы ні гуку, маленькіх дзяцей да трох гадоў падымалі высока за ножку ўніз галавой і стралялі ў галаву. Немцы заўсёды адрозніваліся асаблівай жорсткасцю, але гэтыя падзеі выходзілі за ўсе межы. Цяпер раён, дзе адбывалася гэтая жудасная аперацыя, называюць «Далінай смерці», таму што там зямля палітая крывёй, а жылыя дамы пабудаваны на касцях.

Помнік на месцы масавага расстрэлу мірных жыхароў

Помнік на месцы масавага расстрэлу мірных жыхароў

Шмат часу прайшло пасля таго жаху. Зараз мой Кобрын – адзін з самых прыгожых і квітнеючых гарадоў Беларусі. Здаецца, што так было заўсёды, і нічога не нагадвае пра мінулае. Толькі час ад часу прывідам пралятаюць думкі ў маёй галаве пра тыя жудасныя падзеі прошлага стагоддзя. Але гэта не перашкаджае мне любіць свой родны горад – маленькі горад з вялікай гісторыяй.

Оставить свой комментарий

Вы должны авторизоваться чтобы оставить комментарий.

Studlive.by © 2019 Все права защищены

Неофициальный сайт студентов и абитуриентов факультета журналистики БГУ

Хостинг предоставлен компанией hoster.by